Дэмакратычная Федэрацыя Паўночнай Сірыі (ДФПС) мае прыкметнае культурнае сваяцтва з Іракскім Курдыстанам, аўтаномным раёнам Ірака: і там, і там значную частку насельніцтва складаюць курды. Аднак у гэтых дзяржаўных утварэнняў маецца шмат палітычных рознагалоссяў. Іракскі Курдыстан і ДФПС супрацоўнічаюць у ваеннай сферы. У той жа час Рэгіянальны ўрад Курдыстана, які ўзначальвае Дэмакратычная партыя Курдыстана (KDP), з’яўляецца саюзнікам Турцыі і ўзаемадзейнічае з ёй у мэтах забеспячэння эканамічнай блакады ДФПС. «Султанская сістэма» Іракскага Курдыстана кантрастуе з дэмакратычным канфедэралізмам ДФПС.
Ідэалагічныя адрозненні
Адносіны ДФПС з Рэгіянальным урадам Курдыстана ў Іраку ўскладненыя. Дамінуючая палітычная сіла ДФПС, партыя «Дэмакратычны саюз» (PYD), уваходзіць ў Саюз суполак Курдыстана (KCK). Адна з праблем заключаецца ў тым, што кіруючая партыя Іракскага Курдыстана, Дэмакратычная партыя Курдыстана, разглядае сябе і саюзныя курдскія партыі ў іншых краінах як больш кансерватыўную і нацыяналістычную альтэрнатыву лібертарныя-сацыялістычнай ідэалогіі KCK.
PYD яшчэ больш крытычна, чым KCK у цэлым, ставіцца да любой формы нацыяналізму, уключаючы курдскі нацыяналізм. З-за гэтага PYD знаходзіцца ў канфлікце з курдскімі нацыяналістычнымі поглядамі Курдскага нацыянальнага савета (KNC), заснаванага ў Сірыйскім Курдыстане пры падтрымцы KDP.
У 2012 годзе пры пасярэдніцтве прэзідэнта Іракскага Курдыстана Масуда Барзані быў сфармаваны Вышэйшы курдскі савет, які ўключае аднолькавую колькасць прадстаўнікоў PYD і KNC.
Знешнепалітычны складнік. Турцыя і турэцка-курдскі канфлікт
Арганізацыі-ўдзельнікі KCK ў суседніх дзяржавах з аўтахтоннымі курдскімі меншасцямі альбо абвешчаныя па-за законам (у Іране і ў Турцыі), альбо палітычна маргінальныя у параўнанні з іншымі курдскімі партыямі (у Іраку). Аднак ДФПС, кіраваная PYD, стала мадэллю для палітычнага парадку дня KCK і іх плана ў цэлым.
За межамі Сірыі ў ДФПС ёсць нямала прыхільнікаў — напрыклад, некаторыя курды ў Турцыі. Падчас баёў за Кабані многія этнічныя курдскія грамадзяне Турцыі перасеклі мяжу і ўдзельнічалі ў абароне горада ў якасці добраахвотнікаў. Пасля вяртання ў Турэцкі Курдыстан некаторыя з іх прынялі ўдзел у адноўленым турэцка-курдскім канфлікце, дзе навыкі, набытыя імі ў час бою ў Кабані, былі выкарыстаныя ў вулічных баях у Турцыі.
Вайна з Ісламскай дзяржавай
ДФПС і Іракскі Курдыстан ўсвядомілі неабходнасць кампрамісаў з-за пагрозы ў асобе ІД. Фарміраванні Пешмерга (узброеныя сілы Іракскага Курдыстана) прынялі ўдзел у баях за Кабані і каардынавалі свае дзеянні з YPG падчас баёў у Эль-Хасаке. Па некаторых дадзеных, абмяркоўвалася нават зліццё ўзброеных сіл сірыйскіх і іракскіх курдаў у новае фарміраванне з адзіным камандаваннем і іншай назвай.
Тым не менш, падчас канфлікту ў Сірыйскім Курдыстане паведамлялася аб сутычках паміж YPG, з аднаго боку, і прыхільнікамі Барзані і KNC, з другога.
Катэгорыя:Іракскі Курдыстан Катэгорыя:Сірыйскі Курдыстан Катэгорыя:Двухбаковыя адносіны Катэгорыя:Грамадзянская вайна ў Сірыі