Вісе́нтэ Я́ньес Пінсо́н (, каля 1460 года, Палас-дэ-ла-Франтэра, Іспанія — пасля 1523 года) — іспанскі мараплавец, даследчык і канкістадор, першаадкрывальнік тэрыторый, якія належаць сучаснай Бразіліі. Разам са сваімі братамі — Марцінам Алонса Пінсонам, які быў капітанам «Пінты», і Францыска Пінсонам — ён плаваў з Хрыстафорам Калумбам падчас першага падарожжа ў Новы Свет у 1492 годзе як капітан на караблі «Нінья».
У 1499 годзе адправіўся ў плаванне да берагоў Паўднёвай Амерыкі; яго карабель трапіў у буру і 26 студзеня 1500 года апынуўся каля берагоў сучаснага бразільскага штата Пернамбуку. Вісентэ Яньес Пінсон (па некаторых звестках Пінсон — стрыечны брат Дыега дэ Лепэ) прыбыў да берагоў Паўднёвай Амерыкі на востраў Маражо () у студзені 1500 года. Пінсон першым з еўрапейцаў абследаваў вусце Амазонкі, аднак не ўсе адкрытыя ім землі маглі быць далучаны да Іспаніі паводле ўмоў Тардэсільяскага дагавора.
Падарожжа і прыбыццё Пінсона і Дыега дэ Лепэ ў Бразілію не апісваецца ў большасці прац па афіцыйнай гісторыі Бразіліі, таму што паводле Тардэсільяскага дагавора 1494 года ўсходняе ўзбярэжжа тады яшчэ невядомай Бразіліі ўжо былі аднесены да Партугаліі.
У 1505 годзе Пінсон быў прызначаны губернатарам горада Пуэрта-Рыка (цяперашні Сан-Хуан), што стала першым крокам падчас іспанскай каланізацыі вострава. У 1508 годзе ўдзельнічаў у плаванні Хуана Дыяса дэ Саліса ў Паўднёвую Амерыку. Пасля 1523 года надзейныя звесткі пра яго жыццё адсутнічаюць; часам у якасці даты яго смерці называецца 1514 год. У гонар братоў Пінсонаў названы адзін з астравоў Галапагаскага архіпелага — востраў Пінсон.
Літаратура
Izquierdo Labrado, Julio (1987) Palos de la Frontera en el Antiguo Régimen (1380—1830) Huelva: Instituto de Cooperación Iberoamericana y Ayuntamiento de Palos de la Frontera Izquierdo Labrado, Julio (2004) Palermos ilustres Huelva: Ayuntamiento de Palos de la Frontera ISBN 84-606-3612-7
Ortega, Fray Ángel (1925) La Rábida. Historia documental y crítica 4 vols. Sevilla.
Спасылкі
Vicente Yáñez Pinzón. Los Viajes Andaluces Ayuntamiento de Palos de la Frontera Hermanos Pinzón, Enciclopedia GER
Катэгорыя:Мараплаўцы Іспаніі Катэгорыя:Даследчыкі Паўднёвай Амерыкі Катэгорыя:Канкістадоры