Партызанская брыгада «Бальшавік» — партызанская брыгада, створаная ў кастрычніку 1943 года на базе атрада «Бальшавік» (арганізаваны ў жніўні 1941 года). Дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Гомельскага, Добрушскага, Веткаўскага, Свяцілавіцкага, Кармянскага, Лоеўскага, Буда-Кашалёўскага, Уваравіцкага, Чачэрскага, Рэчыцкага, Васілевіцкага, Хойніцкага раёнаў. 23 лістапада 1943 года брыгада (531 партызан, тры атрады) злучылася з Чырвонай Арміяй. Камандзірам дыверсійных груп Фёдару Пятровічу Котчанку і Аляксандру Лаўрэнцьявічу Ісачанку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Склад партызанскі атрад «Бальшавік»; партызанскі атрад «Патрыёт Радзімы»; партызанскі атрад імя В. П. Чкалава.
Камандаванне Камандзір Іван Фёдаравіч Гамарка (кастрычнік — лістапад 1943).
Камісар Васіль Нікітавіч Палянічка (кастрычнік — лістапад 1943).
Гісторыя Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках і шашэйных дарогах Гомель — Калінкавічы, Гомель — Жлобін. У ліпені — жніўні 1943 года атрад «Бальшавік» падарваў 42 варожыя эшалоны, у баях знішчыў больш за 40 аўтамашын, у Навабеліцы падарваў склады боепрыпасаў і гаручага. Самастойна і з іншымі партызанскімі злучэннямі разграмілі нямецкія гарнізоны ў вёсках Асінаўка, Рудня Барталамееўская, Будзішча, Валосавічы, Палессе Чачэрскага, Казацкія Балсуны, Пералёўка Свяцілавіцкага, Баршчоўка Лоеўскага, Узнаж Васілевіцкага, Якімаўка Гомельскага раёнаў; у лістападзе 1943 года разам з брыгадамі «Жалязняк», імя П. К. Панамарэнкі, 108-м атрадам імя Р. І. Катоўскага напалі на нямецкі гарнізон у вёсцы Горваль Рэчыцкага раёна і захапілі калону аўтамашын. Разам з часцямі Чырвонай Арміі вялі баі каля вёскі Баравікі і чыгуначнай станцыі Шацілкі.
Памяць У 1967 годзе каля пасёлка Барэц Гомельскага раёна ў гонар брыгады была пастаўлена стэла.
Літаратура
Спасылкі Бригада «Большевик»
Катэгорыя:Савецкія партызанскія злучэнні, брыгады і атрады на акупіраванай тэрыторыі Беларусі (1941—1944) Катэгорыя:З’явіліся ў 1943 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1943 годзе