Пуга́ч, філін (Bubo bubo) — від драпежных птушак з атрада совападобных. Самая буйная з соў сусветнай фаўны.Чырвоная кніга Беларусі Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Палеарктыкі.

Апісанне Маса каля 3 кг, даўжыня цела 60-75 см, размах крылаў 1,5-1,88 м. Спінны бок у асноўным бура-рыжаваты, брушны — светлы, жаўтавата-вохрысты, з буйнымі чорнымі падоўжнымі і тонкімі цёмнымі папярочнымі палоскамі.

Распаўсюджанасць Шырока распаўсюджаны ў Еўропе, паўночнай, цэнтральнай і ўсходніх частках Азіі. У Беларусі трапляецца як аседлая і вандроўная птушка ў лясах Палесся.

Біялагічныя асаблівасці Від актыўны ў змрочны і начны час сутак.

Шлюбныя крыкі ў канцы лютага да сярэдзіны красавіка, вельмі рэдка пазней. У гэты час адзначаецца тры пікі актыўнасці: праз гадзіну пасля заходу сонца, апоўначы і на світанку. Гнёзды размяшчаюцца каля камля дрэў на зямлі, на шырокіх пнях, укрытых парасткамі, на дашчатых насцілах для вулляў на дрэвах, у пакінутых гнёздах чорнага бусла і падворліка, вельмі рэдка ў дуплах старых вербаў. У кладцы 2-3, радзей 4-5 белых яек памерамі 60 x 49,5 мм з шурпатай шкарлупінай. Свежыя і наседжаныя яйкі ў гнёздах у другой палове сакавіка - канцы траўня. Маладняк паяўляецца ў траўні. У канцы траўня ў гнёздах трапляюцца апераныя птушаняты. Сярод корму філінаў знаходзяць рэшткі крыжанак і чыркоў, жаўтагорлай мышы, вадзяных пацукоў, а таксама драчоў.

Літаратура

Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5

Спасылкі Сайт ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»

Катэгорыя:Савіныя Катэгорыя:Птушкі на марках