Капліца святых Іахіма і Ганны — мураваная каталіцкая капліца на паўночнай ускраіне вёскі Агароднікі Ганчарскага сельсавета Лідскага раёна на вясковых могілках, помнік архітэктуры неакласіцызму.

Гісторыя Храм быў фундаваны ў 1755 г. Салагубамі ў сваім маёнтку Вашкевічы як філіяльны касцёл парафіі Ельня. Краязнаўца Анатоль Кулеш сцвярджае, што касцёл пабудаваны па праекце італьянскага архітэктара Петрунэлі, якога запрасіў у 1763 годзе мецэнат будоўлі.

Некалькі разоў касцёл у Вашкевічах цярпеў ад пажару. У XIX ст. адбудоўваўся Ленскімі (верагодна, у гэты час ён і атрымаў цяперашні выгляд). Пасля апошняга пажару, у 1975 годзе, знаходзіўся ў паўзруйнаваным стане.

Будынак быў адноўлены па праектных дакументах, якія захоўваюцца ў Гродзенскім абласным архіве. Рэстаўрацыйныя работы пачаліся ў сярэдзіне 1990-х гг. і былі закончаны да 26 чэрвеня 2000 года, да дня святых Іахіма і Ганны, імя якіх носіць капліца. Аднак, падчас гэтых прац не быў адноўлены антаблемент, і галоўны фасад страціў адзін з характэрнейшых элементаў стылю.

Архітэктура Капліца вырашана прамавугольным у плане аб'ёмам пад аднасхільным дахам. На галоўным фасадзе вылучаны 6-калонны порцік з трохвугольным франтонам, над якім надбудавана 2-ярусная 4-гранная вежачка з крыжом. З тыльнага боку далучана прамавуголная апсіда. Бакавыя фасады расчлянёны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі неакласіцызм Катэгорыя:Капліцы Гродзенскай вобласці Катэгорыя:Культавыя збудаванні Лідскага раёна Катэгорыя:Агароднікі (Ганчарскі сельсавет) Катэгорыя:З’явіліся ў 1760-я гады Катэгорыя:1760-я ў Беларусі