Е́ва Вежнаве́ц, сапраўднае імя Святлана Стэфанаўна Курс () — беларуская пісьменніца, журналістка. Першая жанчына, якая стала лаўрэаткай прэміі імя Ежы Гедройца (2021).
Біяграфія Нарадзілася 9 студзеня 1972 года ў вёсцы Баянічы Любанскага раёна. У маленстве шмат хварэла, перажыла клінічную смерць і, паводле ўласных успамінаў, была выратавана мясцовымі вясковымі шаптухамі.
У 1994 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ. Пасля размеркавання працавала настаўніцай у роднай вёсцы і выхавацелькай у дзіцячым садку, але хутка сышла з сістэмы адукацыі. У 1990-я гады далучылася да беларускага нацыянальнага руху, уступіла ў БНФ, працавала стажорам на беларускім радыё. Актыўна ўдзельнічала ў жыцці мінскай творчай багемы таго часу, сябравала з многімі вядомымі дзеячамі культуры, сярод якіх Анатоль Сыс, Міхал Анемпадыстаў, Артур Клінаў.
Галоўная рэдактарка часопіса Беларускага Хельсінкскага камітэта «Чалавек» (1996—1999). У розныя гады з'яўлялася аўтаркай выданняў «Наша Ніва», «Свабода», «ARCHE», «Наша гісторыя», «Дзеяслоў», арт-праекта «Партызан», радыё «Свабода».
У 2006 годзе пераехала ў Польшчу на працу ў «Еўрарадыё», дзе адпрацавала 13 гадоў. Таксама супрацоўнічала з тэлеканалам Белсат да 2020 года. Жыла ў Варшаве. Як перакладчыца супрацоўнічала з Тэатральным інстытутам імя Збігнева Рашэўскага ў Варшаве (2019). З'яўлялася дзяячкай, аўтаркай і перакладчыцай Таварыства маладых творцаў «Да Тэатра» ў Познані.
У 2020 годзе, падчас пандэміі каранавірусу і пасля страты працы на радыё, пайшла працаваць сацыяльнай работніцай (апякункай) — даглядала старых і цяжкахворых. Паводле яе слоў, яна пайшла на гэты крок свядома, каб пераадолець уласны страх старасці і смерці. З-за грамадскай актыўнасці і пагрозы палітычнага пераследу не магла вярнуцца ў Беларусь пасля падзей 2020 года.
У маі 2025 года ў Святланы Курс была дыягнаставана анкалогія на позняй стадыі. Фонд BYSOL абвясціў тэрміновы збор сродкаў на лячэнне ў Нацыянальным анкалагічным цэнтры ў Варшаве: неабходная сума ў 10 тысяч еўра была сабрана за тры гадзіны. Пісьменніца прайшла курсы хіміятэрапіі і змагалася з хваробай больш за год.
Памерла 20 ліпеня 2026 года ў Варшаве.
Паводле апошняй волі цела крэміравалі, на агульным развітанні ў Варшаве прысутнічала урна з прахам. Пахаваная ў роднай вёсцы Баянічы.
Творчасць Творчы псеўданім «Ева Вежнавец» пісьменніца стварыла, злучыўшы імя прамаці ўсіх жанчын з прозвішчам свайго школьнага ваенрука.
У першым нумары часопіса «ARCHE» ў 1998 годзе было апублікавана яе першае апавяданне «Мы два Хохлікі», напісанае на просьбу тагачаснага рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Дынько. Была суаўтаркай зборніка практык тэатральных і вулічных хэпенінгаў «Свабода без цябе» (2003).
У 2008 годзе выйшаў яе першы зборнік апавяданняў «Шлях дробнай сволачы», у якім аўтарка вывела галерэю нетыповых жаночых вобразаў: моцных, трывалых гераінь, якія шукаюць сябе і спрабуюць выжыць у суровых рэаліях. Сама пісьменніца пазней ставілася да свайго дэбюту крытычна, называючы яго «грахамі юнацтва», поўнымі пафасу. У 2015 годзе яна ўпершыню апублікавала апавяданне «Параска і яе чорны бык» пад сваім сапраўдным прозвішчам.
У 2020 годзе Ева Вежнавец стала адной з дзвюх першых аўтарак выдавецкага праекта Святланы Алексіевіч «Пфляўмбаўм», у межах якога выйшла аповесць «Па што ідзеш, воўча?». Жанр твора акрэслены як «балотная казка». Галоўная гераіня — алкагалічка сярэдніх гадоў, якая даглядала чужых старых людзей на Захадзе і змушана едзе на пахаванне сваёй бабулі-варажбіткі ў беларускую глуш, дзе паглыбляецца ў трагічную гісторыю свайго роду і краіны ў ХХ стагоддзі. Аўтарка адзначала, што кніга з'яўляецца своеасаблівым канспектам жахлівага ХХ стагоддзя і на 20-40 % складаецца з аўтабіяграфічнага матэрыялу. Твор атрымаў шырокі розгалас і быў перакладзены на нямецкую, літоўскую і польскую мовы. У 2023 годзе нямецкі пераклад кнігі трапіў у шорт-ліст Міжнароднай літаратурнай прэміі Дома культур свету (Берлін).
Для прозы Евы Вежнавец характэрны бязлітасная шчырасць, цікавасць да «жыццёвага бруду і чарнаты», натуралізм, густы дыялектны каларыт, а таксама глыбокае асэнсаванне гістарычных траўмаў беларускага народа.
У 2023 годзе Святлана Курс уваходзіла ў склад журы прэміі імя Ежы Гедройца.
Грамадзянская пазіцыя Святлана Курс была паслядоўнай абаронцай незалежнасці Беларусі і крытыкам расійскага імперыялізму. Яна адкрыта называла расійскі культурны праект «няўдалым і фашысцкім», лічачы, што расійская мова і літаратура нясуць у сабе зарад знішчэння ўсяго нерасійскага. Праз гэта ў 2025 годзе ў яе адбылася завочная публічная палеміка з нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч.
Рэгулярна пісала публіцыстычныя калонкі. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ініцыявала зборы сродкаў для беларускіх добраахвотнікаў. Смела выказвалася пра цяжкія старонкі гісторыі, у тым ліку публічна расказвала пра свайго прадзеда-энкавэдыста, які адпраўляў сем'і на Салаўкі і за гэта быў пракляты аднавяскоўцамі.
Сям’я Мела мужа Сяргея, сына Фелікса.
Бібліяграфія «Шлях дробнай сволачы» (Мінск, «Логвінаў», 2008). «Па што ідзеш, воўча?» (Мінск, «Пфляўмбаўм» / Цымбераў, 2020; «Пфляўмбаўм» / «Альфа кніга», 2022; Вільня, «Пфляўмбаўм», 2024).
Узнагароды 2013 — стыпендыятка літаратурнай рэзідэнцыі Villa Aurora und Thomas Mann House, фінансаванай Міністэрствам замежных спраў і дзяржаўным упаўнаважаным па культуры Федэратыўнай Рэспублікі Германія. 2018 — лаўрэатка Творчага конкурсу Беларускай асацыяцыі журналістаў «Вольнае слова». 2021 — уганаравана прэміяй Ежы Гедройца за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове за аповесць «Па што ідзеш, воўча?». 2026 — узнагароджана медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі.
Крыніцы
Спасылкі Ева Вежнавец на Беларускай Палічцы
Катэгорыя:Пісьменніцы Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Імігравалі ў Польшчу з Беларусі Катэгорыя:Памерлі ад раку Катэгорыя:Пахаваныя ў Любанскім раёне