Пакіста́н ( — «зямля чыстых», , поўная назва — Ісла́мская Рэспу́бліка Пакіста́н ( Ісламі Джумхурійе Пакіста́н, ) — дзяржава ў Паўднёвай Азіі. Мяжуе з Афганістанам (2430 км) і Іранам (909 км) на захадзе, з Індыяй на ўсходзе, з Кітаем на паўночным усходзе, мае выхад да Аравійскага мора шырынёй у кіламетраў на поўдні. На паўночным захадзе кантралюе частку спрэчнага з Індыяй штата Джаму і Кашмір. Пакістан займае геапалітычна важнае становішча на скрыжаванні Паўднёвай Азіі, Блізкага Усходу і Цэнтральнай Азіі.
Прырода Пакістана вельмі разнастайная. На поўначы знаходзяцца горы Гіндукуш вышынёй да 7690 м (гара Тырычмір), на паўночным усходзе — адгор’і Гімалаяў і Каракарума з горнымі рэкамі і азёрамі, лясамі, ледавікамі, добра захаванай фаўнай. Паўднёвы захад — паўпустынная ўскраіна Іранскага нагор’я. Усходняя частка, занятая басейнам ракі Інд — асвоеная чалавекам раўніна. Тут знаходзіцца Пенджаб — знакамітае Пяцірэчча. Аднак жыццё цягнецца вузкімі стужкамі ўздоўж рэк і каналаў. На захад ад Інда прасціраецца бязводная пясчаная пустыня Тар
Пакістанская зямля стала калыскаю старажытнаіндыйскай цывілізацыі. На працягу гісторыі тут кіравалі індусы, грэкі, мусульмане, татара-манголы, сікхі, афганцы. У ХІХ ст. ўся тэрыторыя сучаснага Пакістана ўвайшла ў склад Брытанскай Індыі. Пакістан абвясціў незалежнасць 14 жніўня 1947 года. Пакістан — адзіная ў свеце дзяржава, створаная па рэлігійнай прыкмеце. 23 мая 1956 года ўступіў у сілу Статут, паводле якога Пакістан стаў першай у свеце ісламскай рэспублікай (Дзень Рэспублікі). У выніку вайны з Індыяй (1971) Усходні Пакістан выйшаў са складу дзяржавы і стаў незалежнай рэспублікай Бангладэш. З 1998 Пакістан — адзіная краіна ісламскага свету, якая мае ядзерную зброю.
Канстытуцыя 1973 пацвердзіла рэспубліканскі лад, вернасць канонам ісламу, а таксама абвясціла Пакістан федэрацыяй (падзелены на 4 правінцыі і тры тэрыторыі). Пакістан — парламенцкая рэспубліка, урад прапісаны ў Ісламабадзе, збудаванай у 1960-я гады новай сталіцы.
Па колькасці насельніцтва ў 2018 годзе Пакістан апярэдзіў Бразілію і цяпер займае 5-е месца ў свеце. Дзяржаўныя мовы — урду і англійская, шырока ўжываюцца мовы пенджабі, сіндхі, пушту. Дзяржаўная рэлігія — іслам. Сталіца — Ісламабад, найбуйнейшыя гарады, галоўныя эканамічныя цэнтры — Карачы і Лахор.
Пакістан — індустрыяльна-аграрная краіна, дзе хутка расце сфера паслуг. Найважнейшай галіной эканомікі застаецца сельская гаспадарка, з якой вельмі шчыльна звязана прамысловасць. У 1960-я—1970-я Пакістан стаў адным з цэнтраў Зялёнай рэвалюцыі. Па памерах эканомікі, тэмпах росту ВУП, хуткасці фармавання сярэдняга класу Пакістан уваходзіць у лік вядучых дзяржаў свету. Даследчыкі адносяць Пакістан да групы «Наступныя 11» — ліку краін, што маюць вялікі патэнцыял і могуць у хуткім часе стаць важнымі гульцамі на сусветнай эканамічнай арэне. Пры гэтым краіна працягвае пакутваць ад сваіх традыцыйных праблемаў: перанаселенасці, беднасці, непісьменнасці, тэрарызму. Пакістан — сябра ААН, ШАС, Руху недалучэння, Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, Садружнасці нацый, рэгіянальнай арганізацыі СААРК і інш.
Этымалогія У перакладзе з урду і персідскай тапонім «Пакістан» літаральна азначае «зямля чыстых» (пак — чысты, стан — зямля, краіна). Назва была прыдумана студэнтам Кембрыджа, пакістанскім нацыяналістам Рахматам Алі і ўпершыню прадстаўлена ў памфлеце «Цяпер або ніколі» (1933), тэхнічна яна ўяўляла сабою акронім. Алі склаў першыя літары мусульманскіх рэгіёнаў паўночнага захаду Брытанскай Індыі: Пенджаб, Афганістан, Кашмір, Сінд, Белуджыстан. Літара і была ўстаўлена для прасцейшага вымаўлення.
Геаграфічнае становішча
Пакістан — другая па велічыні дзяржава ў Паўднёвай Азіі. Мяжуе з Афганістанам (2430 км) і Іранам (909 км) на захадзе, з Індыяй (2912 км) на ўсходзе, з Кітаем (523 км) на паўночным усходзе, мае выхад да Аравійскага мора і Аманскага заліва шырынёй у 1046 кіламетраў на поўдні. На паўднёвым захадзе мае невялічкую марскую мяжу з Аманам. Пакістан кантралюе заходнюю частку Кашміра, прэтэндуючы на ўвесь астатні штат. Ад Таджыкістана аддзелены Ваханскім калідорам — вузкай палоскай афганскай зямлі, якая ў XIX ст. стала буферам паміж расійскай Сярэдняй Азіяй і Брытанскай Індыяй.
Прырода
Рэльеф Алювіяльная нізіна даліны Інда з’яўляецца заходняй часткай Інда-Гангскай раўніны, размешчанай на ўскраіне Індастанскай платформы. Яна амаль цалкам ляжыць ніжэй за 200 м і адрозніваецца аднастайным рэльефам з малымі ўхіламі. Заходнюю і паўночна-заходнюю часткі Пакістана займаюць ускрайкавыя хрыбты Іранскага нагор’я вышынёй да 3452 м. Найбольш магутныя, пакрытыя буйнымі ледавікамі горныя ланцугі размешчаны на крайняй поўначы Пакістана і адносяцца да горных сістэм Гіндукуша, Гімалаяў і Каракарума. Апошні размешчаны на кантраляванай Пакістанам часткі Кашміра. Вышэйшыя пункты краіны — гара Тырычмір (7690 м) у Гіндукушы і гара Чагары (8611 м) у Каракаруме. На тэрыторыі Пакістана размяшчаецца каля 40 вяршыняў, якія перавышаюць 7000 метраў.
Пакістан мае невялікія запасы нафты, газу і каменнага вугалю, прымеркаваныя да асадкавых комплексаў ускраіны Індастанскай платформы; і руд чорных і каляровых металаў у складкаватых абласцях.
Клімат Клімат у Пакістане сухі кантынентальны трапічны, на паўночным захадзе — субтрапічны, у гарах на поўначы краіны — больш вільготны з выразна выяўленай высотнай пояснасцю. Зіма на раўніне цёплая (12-16 °C, на ўзбярэжжы да 20 °C), у высакагор’ях — суровая (да −20 °C). Лета гарачае (у пустынях 35 °C, на ўзбярэжжы 29 °C, у гарах і на пласкагор’я Іранскага нагор’я 20-25 °C), у высакагор’ях — марознае (на вышынях ад 5000 м — ніжэй 0 °C). Ападкаў у год выпадае ад 50 мм у пустыні Тар, да 100—200 мм у Сіндзе, 250—400 мм у далінах і на пласкагор’я Іранскага нагор’я, 350—500 мм у перадгор’ях і 1000—1500 мм у гарах на поўначы краіны. Большая частка ападкаў выпадае падчас паўднёва-заходняга мусона (у ліпені — верасні), у межах Іранскага нагор’я — у зімова-вясновы перыяд.
Гідралогія Найбуйнейшай ракой Пакістана з’яўляецца Інд, яго басейну належыць большая частка краіны. Галоўны прыток Інда — Сатледж, які збірае вады асноўных рэк Пенджаба (Чынаб, Раві, Джэлам, Біяс) і аддае ваду буйным арашальным каналам (Дыпалпур, Пакпатан, Панджнад). На буйных рэках адзначаюцца летнія паводкі, абумоўленыя мусоннымі дажджамі і раставаннем ледавікоў у гарах.
Флора і фаўна
Расліннасць Пакістана пераважна паўпустынная і пустынная, найбольш бедная — у пустыні Тар на ўсходзе ад Інда, дзе пераважаюць пясчаныя грады. На раўніне Інда натуральная расліннасць — паўпустынныя саванны (чый, палын, каперсы, астрагалы). Уздоўж Інда і іншых рэк сустракаюцца палосы тугаяў, у дэльце Інда і ўздоўж узбярэжжа Аравійскага мора месцамі захаваліся мангравыя зараснікі. На Іранскім нагор’і распаўсюджаныя фармацыі калючых падушкападобных кустоў, у гарах Белуджыстан — рэдкія зараснікі фісташкі і арчы. У гарах на поўначы краіны на вышыні 1500-3000 м — асобныя ўчасткі лістападных (дуб, каштан) і хвойных (елка, піхта, хвоя, гімалайскі кедр) лясоў. У далінах паблізу паселішчаў — плантацыі фінікавай пальмы, цытрусавых, маслін, фруктовыя сады. Уздоўж арашальных каналаў частыя насаджэнні шаўкоўніцы.
З буйных млекакормячых у гарах водзяцца леапард, барс, буры і белагруды мядзведзь, лісіца, дзікія казлы і бараны, персідская газель; на раўнінах — гіены, каракалы, шакалы, дзікі, антылопы, джэйраны, куланы, дзікія аслы, грызуны. Разнастайны свет птушак: арлы, грыфы, паўліны, папугаі. Шмат змей, у тым ліку ядавітых, у Індзе водзяцца кракадзілы. З беспазваночных распаўсюджаныя скарпіёны, малярыйныя камары. Аравійскае мора багатае рыбай (тунец, селядзец, марскі акунь, індыйскі ласось), ракападобнымі (крэветкі) і марскімі чарапахамі.
Гісторыя
Старажытны перыяд
У III—II тысячагоддзях да н. э. на тэрыторыі Пакістана быў цэнтр адной з самых старажытных цывілізацый у гісторыі чалавецтва — Харапскай. У II тыс. да н. э. тэрыторыю Пакістана засялілі арыі. Пасля паходаў Аляксандра Македонскага ў заходнеіндыйскія мегаполісы (такія, як Таксіла) пранікае дух элінізму. Утвараецца магутнае Кушанскае царства — першы ачаг распаўсюджвання будызму.
З VIII ст. н. э. на тэрыторыі краіны пачынаецца распаўсюджванне ісламу. У сярэднія вякі ўтвараюцца буйныя мусульманскія дзяржавы на чале з Газневідамі і Гурыдамі. У XIII ст. тэрыторыя ўваходзіць у склад Мангольскай імперыі. Пасля распаду Мангольскай імперыі тэрыторыя ўваходзіць у дзяржаву Цімурыдаў, якая распадаецца на некалькі дзяржаў. Адзін з прадстаўнікоў дынастыі Цімурыдаў у XVI ст. заснаваў імперыю Вялікіх Маголаў, пасля распаду якой у XVIII ст. адбываецца ўздым сікхскага нацыяналізму ў Сіндзе, Белуджыстане, Пенджабе.
Каланіяльны перыяд У XIX ст. тэрыторыя сучаснага Пакістана была захоплена англійскімі войскамі і ўключана ў склад Брытанскай Індыі. Супрацьстаянне паміж індуізмам і ісламам раскалола Брытанскую Індыю і прывяло да гвалту на рэлігійнай глебе. Таму яшчэ да набыцця незалежнасці была відавочнай неабходнасць стварыць на месцы калоніі дзве дзяржавы, размежаваўшы тэрыторыю па рэлігійным прынцыпе. Адным з духоўных заснавальнікаў мусульманскай дзяржавы быў паэт Ікбал, кіраўнік Мусульманскай Лігі, арганізацыі прыхільнікаў самастойнага развіцця мусульманскіх тэрыторый. Менавіта Ікбал прапанаваў у 1930 годзе стварыць незалежную мусульманскую дзяржаву, у якую ўвайшлі б Пенджаб, Сінд, Паўночна-заходняя пагранічная правінцыя (ПЗПП) і Белуджыстан. 23 сакавіка 1940 года ў Лахоры была прынята гістарычная Лахорская рэзалюцыя, якая абвяшчала прынцыпы існавання мусульманскай абшчыны ў незалежнай дзяржаве.
Сучасны перыяд У 1947 пры раздзеле Брытанскай Індыі дзякуючы намаганням Мусульманскай лігі утварылася дзяржава Пакістан, у якую ўвайшлі паўночна-ўсходнія і паўночна-заходнія раёны Індастана пераважна з мусульманскім насельніцтвам. Першым генерал-губернатарам Пакістана ў якасці самастойнай адміністрацыйнай адзінкі быў Джына, першым прэм’ер-міністрам краіны — Ліякат Алі Хан. 28 лютага 1956 года Устаноўчы Сход Пакістана зацвердзіў Статут дзяржавы. У 1958 годзе ў краіне адбыўся першы ваенны пераварот, да ўлады прыйшоў генерал Мухамед Аюб Хан.
У 1965 і 1971 гадах Пакістан вёў войны з Індыяй. У 1971 годзе Усходні Пакістан становіцца незалежнай дзяржавай Бангладэш. У 1977 годзе адбыўся ваенны пераварот. У 1980-я Пакістан выступаў на баку ЗША і падтрымліваў маджахедаў, якія вялі антыўрадавую вайну ў суседнім Афганістане. У Пакістане размяшчаліся трэніровачныя лагеры маджахедаў. Пасля гібелі прэзідэнта Зія-уль-Хака ў авіяцыйнай катастрофе 17 жніўня 1988 года ўлада перайшла да грамадзянскага ўрада. Новым прэм’ерам краіны стала Беназір Бхута. Новы ўрад вярнуў дэмакратычныя правы і свабоды і адмяніў надзвычайнае становішча.
У 1990-я гады адбываецца развіццё ядзернай праграмы Пакістана пад кіраўніцтвам Абдул Кадыр Хана, што стала прычынай увядзення ЗША санкцый супраць Пакістана. У 1999 годзе адбыўся ваенны пераварот, да ўлады прыйшоў генерал Первез Мушараф. З пачатку 2000-х гадоў паўночна-заходні рэгіён Пакістана Вазірыстан з’яўляецца апорай руху Талібан. У 2004 у талібы захапілі фактычную ўладу ў рэгіёне. Пасля 11 верасня 2001 года Пакістан афіцыйна спыніў падтрымку рэжыму талібаў і падтрымаў умяшанне ЗША супраць талібаў.
2007-08 гады прагрымелі дзвюма гучнымі падзеямі: у снежні 2007 была забіта Беназір Бхута; а летам 2008, помсцячы за карыкатуры на прарока, на дацкую амбасаду ў Ісламабадзе напалі тэрарысты.
Па дадзеных на чэрвень 2009 годаПакистан//Военное зарубежное обозрение, № 6 2009 тэрыторыі Пакістана, пагранічныя з Афганістанам, амаль не кантралююцца ўладамі гэтай дзяржавы. 28 красавіка 2011 года адбыўся пагранічны канфлікт паміж Афганістанам і Пакістанам каля горада .
Дзяржаўны лад Пакістан — парламенцкая федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973 года з папраўкамі. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (абавязкова мусульманін), які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з дэпутатаў парламента і прадстаўнікоў заканадаўчых сходаў 4 правінцый тэрмінам на 5 гадоў.