Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), Партыя беларускіх эсэраў — палітычная партыя ў 1918—1924.
Пачала фарміравацца ў красавіку 1918. Ініцыятарам сгварэння БПС-Р была народніцкая група на чале з Т. Грыбам і П. Бадуновай, якая выступіла супраць правага крыла ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) за яго падтрымку германскай арыентацыі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і заявіла пра сваю аўтаномію ў рамках БСГ.
Прадстаўнікі групы выйшлі з Народнага сакратарыята БНР і ў маі 1918 заявілі аб стварэнні БПС-Р. Кіруючае ядро партыі склалі выхадцы з БСГ: М. Асвяцімскі, П. Бадунова, Т. Грыб, Л. Заяц, А. Карач, Я. Ладноў, Я. Мамонька, А. Маркевіч, С. Некрашэвіч, М. Пашкевіч, У. Русак, Я. Трафімаў, Я. Чарапук, Ф. Шантыр, М. Шыла і інш. Пазней да іх прымкнулі В. Ластоўскі і А. Цвікевіч.
Друкаваныя органы — «Беларуская думка», «Грамадзянін» (Вільня), «Родны край» (Гродна), «Наша каляіна» (Слуцк), «3маганне» (Мінск). У Мінску, Гродне і Вільні дзейнічалі губернскія камітэты БПС-Р. У ліпені 1920 налічвала больш за 20 тыс. членаў, у т. л. 5 тыс. партыйных функцыянераў. Кіравала дзейнасцю «Грамады моладзі» (10 тыс. членаў), «Сувязі беларускага сялянства» (20 тыс. членаў), кантралявала Усебеларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскую сялянскую раду.
Праграмныя палажэнні 3 самага пачатку свайго існавання БПС-Р пачала прэтэндаваць на авангардную ролю ў беларускім грамадска-палітычным руху. У аснове тактыкі БПС-Р была праграма БСГ. У брашуры «Чаго дабіваецца Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў» (выдадзена ў чэрвені 1918) ЦК БПС-Р, звяртаючыся да сялянскіх мас, заявіў, што ўпэўнены «ў перамозе беларускай рэвалюцыі» і таму ўступіў «у няроўны бой за свае народніцкія ідэалы, ідэалы рэвалюцыі і сацыялізму». Ён заклікаў працоўных да актыўнай рэвалюцыйнай барацьбы супраць «прыгнёту і самаўпраўства германскіх акупантаў, за ўстанаўленне сапраўднага народаўладдзя ў Беларусі». Партыя заявіла пра сваю сацыялістычную арыентацыю, пацвердзіла, што ўвядзенне сацыялістычнага парадку магчыма праз развіццё класавай барацьбы і сацыялістычнай рэвалюцыі, застаючыся пры гэтым выразнікам сялянскіх імкненняў беларускай вёскі.
У нацыянальным пытанні БПС-Р адмовілася ад ідэі БСГ пра тэрытарыяльную аўтаномію Беларусі ў межах Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі і адназначна выказалася за ажыццяўленне права вольнага самавызначэння за ўсімі народамі былой царскай імперыі, пры якім асноўныя законы і формы ўлады вызначыў бы Усебеларускі ўстаноўчы з’езд. Хоць партыя дапускала наладжванне федэратыўных адносін Беларусі з Расіяй, вырашэнне гэтага пытання яна разглядала ў кантэксце перамогі сусветнай рэвалюцыі і ўтварэння сусветнай федэрацыі.
У аграрным пытанні БПС-Р у асноўным паўтарала праграму БСГ. Але былі і некаторыя дапаўненні. У прыватнасці, ставілася задача дабівацца ўстанаўлення нормы зямельнага надзелу не ніжэй за спажывецкую і не вышэй за працоўную. Аддаючы прыярытэт працоўнаму сялянству, партыя лічыла, што неабходна ажыццявіць сацыялізацыю зямлі, гэта значыць адмяніць прыватную ўласнасць на яе і ўстанавіць ураўняльна-працоўнае землекарыстанне, якое б выключала наёмную працу. БПС-Р, як і ўсе сялянскія партыі, абвяшчала зямлю народнай уласнасцю. У гады замежнай інтэрвенцыі партыя беларускіх эсэраў высунула палажэнне «стварыць краявы зямельны фонд, з якога бясплатна надзяляць зямлёй усіх тых, хто пажадае ўласнымі сіламі яе апрацоўваць. Для планавага землеўпарадкавання стварыць асобыя зямельныя камітэты ў валасцях, паветах, губернях і цэнтральны Усебеларускі».
Многія праграмныя палажэнні БПС-Р пераклікаліся з бальшавіцкімі. Аднак у іх былі закладзены і рысы будучых разыходжанняў. Самая істотная з іх — адносіны да сялянства. Беларускія эсэры лічылі яго (за выключэннем кулацтва) працоўным і такім чынам натуральным прыхільнікам сацыялізму, а з колькаснай яго перавагі выводзілі гегемонію ў рэвалюцыі. У палітычных дэкларацыях яны прапагандавалі думку пра асаблівую ролю аграрных дзяржаў у сусветным рэвалюцыйным працэсе, якія падштурхоўвалі пралетарыят да рашучых дзеянняў.
Гісторыя Да восені 1918 БПС-Р значна пашырыла свой уплыў на сялянскія масы, замацавала палітычныя пазіцыі на акупіраванай германскімі войскамі тэрыторыі Беларусі. ЦК партыі прымкнуў да паўстанцкага руху, спрабаваў устанавіць кантроль над партызанскімі атрадамі ў Мінскай і Гродзенскай губернях. Тут дзейнічалі «сялянскія дружыны», якія пазней былі зведзены ў «Сувязь беларускага працоўнага сялянства». Яны ў асноўным выконвалі функцыі атрадаў самаабароны — вялі барацьбу супраць бясчынстваў нямецкіх акупацыйных улад. У ліпені 1918 у Радзе БНР эсэраўская фракцыя выказала недавер ураду Р. Скірмунта, сфарміраванаму з прадстаўнікоў памешчыцкіх арганізацый. Пад націскам эсэраў «кабінет міністраў» падаў у адстаўку. Быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад, куды ўвайшлі і эсэраўскія прадстаўнікі на чале з сацыялістам-федэралістам I. Серадой. Але гэты ўрад хутка перадаў свае паўнамоцтвы новаму «Народнаму сакратарыяту» (чацвёртаму яго складу), які ўзначаліў лідар беларускіх сацыял-дэмакратаў А. Луцкевіч. Беларускія эсэры практычна не мелі ўплыву на гэты ўрад. Яны не змаглі змяніць і палітычную арыентацыю Рады БНР, што працягвала супрацоўнічаць з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй. Гэта прымусіла ЦК БПС-Р перагледзець тактыку партыі ў барацьбе з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, якая ўсё больш зводзілася да ўзброеннага супраціўлення.
У кастрычніку 1918 ЦК БПС-Р выдаў адозвы «Час прабіў — далей чакаць нельга» і «Што рабіць». У іх ён заклікаў беларускіх сялян, рабочых і народную інтэлігенцыю правесці на ўсёй тэрыторыі Беларусі выбары ў мясцовыя валасныя, павятовыя і губернскія Саветы і па меры іх фарміравання перадаць ім усю паўнату ўлады. ЦК заклікаў таксама правесці 2-і Усебеларускі з’езд, які і павінен быў ад імя беларускага народа замацаваць незалежнасць БНР. Аднак ажыццявіць задуманае не ўдалося. У час адыходу нямецкіх войск з тэрыторыі Беларусі кіраўніцтва БПС-Р высунула лозунг барацьбы супраць 2 акупантаў — Германіі і Расіі. У сумеснай з сацыялістамі-федэралістамі дэкларацыі ЦК БПС-Р заявіў, што незалежнасці БНР можна дамагчыся толькі пры апоры на «ўласныя сілы беларускага працоўнага народа». У дэкларацыі была сфармулявана ідэя «трэцяй сілы» ў беларускай рэвалюцыі, пад якой меліся на ўвазе самі эсэры. Абвяшчаючы рэвалюцыйныя лозунгі, ЦК БПС-Р адначасова імкнуўся дамовіцца з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй пра перадачу дзяржаўнай улады ў Беларусі Радзе БНР, якая ў канцы 1918 спрабавала разгарнуць сваю дзеннасць у Гродне. Нямецкая акупацыйная адміністрацыя адмовілася задаволіць патрабаванні ЦК БПС-Р. Тым не менш ён не пакінуў намераў вывесці з палітычнай ізаляцыі Раду БНР. 3 гэтай мэтай ЦК заклікаў нацыянальна-дэмакратычныя партыі вярнуць сваіх прадстаўнікоў у Раду і паставіў задачу ператварыць яе ў кіруючы нацыянальна-палітычны цэнтр барацьбы за «адраджэнне дзяржаўнасці беларускага народа». Такія прагматычныя імкненні падтрымлівалі Беларускі настаўніцкі саюз, прафсаюзы чыгуначнікаў, паштова-тзлеграфных служачых і інш. Беларускія эсэры спрабавалі накіраваць у рэчышча барацьбы за «нацыянальныя ідэалы» і свае сялянскія дружыны. Але апошнія былі няўстойлівыя і не маглі адыграць вырашальнай ролі ў іх барацьбе. He падтрымала ЦК БПС-Р і земска-гарадское аб’яднанне палітычных партый (меншавікі, расійскія эсэры, бундаўцы), якое адстойвала ідэю аўтаноміі Беларусі ў межах Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі.
ЦК БПС-Р, застаючыся прыхільнікам ідэі незалежнасці БНР, не прызнаў абвешчаную бальшавікамі 1 студзеня 1919 Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (БССР). Кіраўніцтва партыі заявіла, што БССР не з’яўляецца ў поўным сэнсе дзяржавай, і заклікала сваіх палітычных саюзнікаў не аказваць ёй падтрымкі. Яшчэ ў снежні 1918 ЦК БПС-Р падтрымаў ідэю Рады БНР пра заключэнне саюзу з Літоўскай Тарыбай, якая пагадзілася на далучэнне Гродзенскай губерні да Літоўскай дзяржавы, хоць гэта і супярэчыла пастаянным заявам эсэраўскіх кіраўнікоў пра «непадзельнасць Беларусі», адданасць «святой беларускай справе». Але і гэта камбінацыя была бесперспектыўнай. Намаганні беларускіх эсэраў, як і іншых нацыянальна-дэмакратычных партый, дамагчыся тэрытарыяльнай аўтаноміі перарываліся літоўскім урадам.
У сакавіку 1919 ЦК БПС-Р выступіў супраць аб’яднання Літвы і Беларусі ў Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). У гэты перыяд рознагалоссі паміж камуністамі і беларускімі эсэрамі выявіліся перш за ўсё па нацыянальным і аграрным пытаннях. ЦК БПС-Р адхіліў праграму КП(б)ЛіБ, у якой рабілася стаўка на арганізацыю ў рэспубліцы калгасаў і саўгасаў замест перадачы сялянам канфіскаванай памешчыцкай зямлі. Процістаянне прывяло да таго, што БПС-Р вымушана была перайсці на нелегальнае становішча на савецкай тэрыторыі. Пасля акупацыі Беларусі польскімі войскамі ЦК БПС-Р наладзіў кантакт з кіраўніцтвам Польскай сацыялістычнай партыі, спрабаваў дамагчыся перадачы «грамадзянскай улады» на Беларусі Радзе БНР. Аднак польскія кіруючыя колы, якія на словах пракламавалі ідэю федэрацыі Беларусі з Польшчай, на самай справе імкнуліся ператварыць беларускія землі ў неад’емную частку сваёй дзяржавы. Гэта вымусіла БПС-Р стаць у апазіцыю да польскіх інтэрвентаў, што беларускія эсэры адкрыта прадэманстравалі ў чэрвені 1919 на Беларускім з’ездзе Віленшчыны і Гродзеншчыны. Пад уплывам дэлегатаў-эсэраў з’езд выказаўся за адраджэнне літоўска-беларускай дзяржавы ў межах былога ВКЛ.
У верасні 1919 кіраўніцтва БПС-Р заявіла, што ідэю ўстанаўлення рэспубліканскага ладу на Беларусі можа рэалізаваць толькі працоўны кангрэс, выбраны на аснове ўсеагульнага выбарчага права ўсімі працоўнымі пластамі беларускага народа. На думку эсэраў, у яго складзе не павінна быць прадстаўнікоў эксплуататарскіх класаў — памешчыкаў і духавенства. БПС-Р такім чынам рабіла крок насустрач бальшавікам, якія лічылі Устаноўчы сход і ў цэлым формы парламентарызму несумяшчальнымі з задачамі сацыялістычнай рэвалюцыі. Хоць эсэры не прызнавалі савецкую ўладу ў якасці прымальнай формы для дзяржавы працоўных, яны выказаліся за Беларускую працоўную народную рэспубліку. Пад ёй БПС-Р разумела ўстанаўленне дыктатуры ўсяго працоўнага народа, а не толькі пралетарыяту.
11 ліпеня 1919 ЦК БПС-Р у газеце «Беларуская думка» апублікаваў дэкларацыю, у якой заклікаў стварыць агульны фронт барацьбы за вызваленне Беларусі. У дакуменце адзначалася, што, «застаючыся на аснове аб’яднання ўсіх палітычных груп і партый, БПС-Р, прымаючы пад увагу ўсю хаатычную дэзарганізацыю беларускай нацыянальна-палітычнай думкі і тую асобую палітыку, якую вядуць многія дзеячы ад імя беларускага народа, лічыць неабходным весці самую актыўную барацьбу з гэтым злом і заклікае, каб усе разам стварылі агульны фронт, адзіны магутны нацыянальна-палітычны арганізм, які павёў бы барацьбу за вызваленне Беларусі». Гэты зварот быў адрасаваны і бальшавікам. БПС-Р схілялася да супрацоўніцтва з імі ў ходзе барацьбы з польскімі акупантамі, заняла рэзка негатыўную пазіцыю адносна тых сіл, якія падтрымлівалі ідэю заключэння «уніі Беларусі з Польшчай». У лістападзе 1919 на сваёй канферэнцыі ў Мінску эсэры парвалі з тымі палітычнымі партыямі, што арыентаваліся на Польшчу. Яны абвясцілі сябе «трэцяй сілай», якая змагаецца за нацыянальную незалежнасць на 2 фронты — супраць польскіх інтэрвентаў і супраць «імперыялістычна-маскоўка-дзянікінскай сілы», што ідзе з Усходу.