Рускі калабарацыянізм у Другой сусветнай вайне — палітычнае, эканамічнае і ваеннае супрацоўніцтва савецкіх грамадзян, а таксама эмігрантаў з ліку грамадзян былой Расійскай імперыі з акупацыйнымі ўладамі Трэцяга рэйха і яго саюзнікаў падчас Другой сусветнай вайны. Уключае ў сябе таксама казачы калабарацыянізм.
У постсавецкай Расіі паняцце «калабарацыянізм» для абазначэння людзей, якія супрацоўнічалі ў розных формах з нацысцкім акупацыйным рэжымам, стала ўжывацца толькі ў апошні час, паколькі ў адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 17 красавіка 1943 года яны афіцыйна называліся «нямецка-фашысцкімі злыднямі, шпіёнамі, здраднікамі Радзімы», таму ў савецкай гістарычнай навуцы і юрыспрудэнцыі звычайна выкарыстоўваліся фармулёўкі «здраднік», «здраднік Радзімы», «член сям’і здрадніка Радзімы», «памагаты».
Уласаўцы Уласаўцы — агульная назва ваенных супрацоўнікаў (камбатантаў) з акупацыйнымі нямецкімі ўладамі з тэрыторый СССР. З нацыстамі супрацоўнічалі асобы ўсіх нацыянальнасцяў, уключаючы яўрэяў і цыган.
Уласаўцы служылі ў дапаможных аддзелах падкантрольных як Штабу Вермахта (Хіві, Абвер, Дапаможная паліцыя тылавога раёна, франтавыя батальёны), так і СС (дапаможная паліцыя парадку, чыгуначная ахова, СС, СД). Таксама служылі ў іншых дапаможных атрадах, падкантрольных Лясной ахове, арганізацыі ТОДТ, Гітлерюгенду. Асобнае месца займаюць калабаранты-казакі.
Партыі, цывільныя арганізацыі рускіх калабарантаў
Усерасійская фашысцкая партыя
Рускі фашысцкі саюз
Саюз барацьбы супраць бальшавізму Вясной 1944 года ў Бабруйску быў створаны рускі Саюз барацьбы супраць бальшавізму на чале з оберлейтэнантам Міхаілам Аляксандравічам Актанам. Арганізацыя выкарыстоўвала сцяг у карычнева-жоўтых колерах (георгіеўскіх) з белым крыжам.
У чорным строі нямецкага танкіста Міхаіл Аляксандравіч Актан.
Маладзёжная секцыя Саюза барацьбы супраць бальшавізму Пры Саюзе барацьбы супраць бальшавізму была маладзёжная секцыя з філіяламі ў розных гарадах (у вёсцы Скобраўка быў дзіцячы лагер «Дзіцячае сяло Скобраўка». Члены саюза насілі на левай кішэні белы крыж, георгіеўскія нарукаўкі.
Нацыянал-сацыялістычная працоўная партыя Расіі
Летам-восенню 1943 года на Лепельшчыне з’явіліся салдаты Рускай вызваленчай народнай арміі Браніслава Камінскага. Акрамя гэтай арміі Камінскі ўзначальваў Нацыянал-сацыялістычную працоўную партыю Расіі.
Саюз рускай моладзі Узімку 1944 года пры НСППР пачала стварацца маладзёжная арганізацыя Саюз рускай моладзі. Вясной 1944 у склад СРМ увайшла маладзёжная секцыя Актанаўскага Саюза барацьбы супраць бальшавізму. 7 мая ў Барысаве было афіцыйна абвешчана аб стварэнні СРМ. Арганізацыю ўзначалілі афіцэр РВА Яўген Лазараў і спадарыня Чагірава.
Члены СРМ як парадны строй выкарыстоўвалі светлыя кашулі з наплечнікамі і цёмныя нагавіцы/спадніцы, фуражыркі. На левы рукаў прышываўся тарчык у колерах расійскага сцяга. Як сцяг СРМ выкарыстоўваўся расійскі трыкалор з надпісам РАСІЯ і выявай святога Георгія.
Кіраўнікі саюза на левае рукаво прышывалі бела-блакітна-чырвоны шэўрон.
Асноўныя прынцыпы СРМ: Патрыятызм. Антыбальшавізм. Антымарксізм. Працавітасць. Высокі ўзровень маральных якасцей. Любоў да навукі і мастацтва. Любоў да спорту.
Хіві
Дапаможная паліцыя тылавога раёна
Франтавыя батальёны З палонных салдат і добраахвотнікаў нацысты стваралі розныя дапаможныя ўзброеныя атрады, якія выконвалі паліцэйскія функцыі ў тыле або ваявалі на фронце супраць савецкіх войскаў. Яшчэ ў 1941 годзе калабаранты атрымалі знакі адрознення, асобныя ад нямецкіх. Супрацоўнікі пры СД атрымалі чорныя пятліцы з зялёным кантам, тыя, хто ваяваў у Групе армій Поўдзень, атрымалі пятліцы ў выглядзе чырвоных катушак на зялёным поле, калабаранты пры Групе армій Цэнтр насілі зялёныя пятліцы з светла-зяленым кантам.
У жніўні 1942 года адбылася чарговая змена знакаў адрознення. Калабаранты пры Групе армій Поўдзень атрымалі чырвоныя пятліцы, пры Групе армій Цэнтр — зялёныя пятліцы. Гэтыя нумарныя батальёны з славянамоўных калабарантаў, за рэдкім выключэннем, былі пазбаўленыя нацыянальных адметнасцяў.
На службе ў Абвера
Zum besondere Verfugung (ZbV, ЦБФ) Zum besondere Verfugung (ZbV, ЦБФ) — аддзелы спецыяльнага прызначэння пры абверкамандах для барацьбы з партызанамі. Насілі строй РСЧА альбо строй Вермахта з знакамі рознасці ўсходніх добраахвотнікаў (з 1942 года чырвоныя і зяленыя пятліцы, наплечнікі з чырвоным ці зяленым кантам, трохкутныя зяленыя цэшкі з светлым кантам, авальныя зяленыя-чырвоныя цэшкі).
Трэба адзначыць, што розныя абвергрупы, батальёны з усходніх добраахвотнікаў мелі свае асаблівасці строя, якія часам мелі паміж сабой мала чаго агульнага. Так унікальныя знакі адрознення ўжывалі ў Abwehr Abteilung 203, Russische Bataillon z.b.v., Sonderverband «Graukopf». У Барысаўскай школе Абвера афіцэры ўжывалі пятліцы мадэлі 1941 года з зорачкамі. У хаўпмана на пятліцах тры зорачкі, у лейтэнанта адна.
У іншых аддзелах Абвера добраахвотнікі пазначалі сабе белымі нарукаўкамі (Адзел спецыяльнага прызначэння ZBV «Дзясна» (Fr. Regt. Dessna) — 615, 616, 617, 618, 621 усходнія батальёны).
Abwehr Abteilung 203, Russische Bataillon z.b.v., Sonderverband «Graukopf», Руская народная нацыянальная армія (РННА) Ля вытокаў стварэння рускага эксперыментальнага падраздзялення «Сівая галава» стаяў Сяргей Нікіціч Іваноў, актывіст рускага эміграцыйнага нацыянал-сацыялістычнага руху, кіраўнік нямецкага аддзялення Усерасійскай фашысцкай партыі, потым Рускага фашысцкага саюза.
Ідэю Іванова аб стварэнні рускага ўзброенага антысавецкага падраздзялення падтрымаў кіраўнік Абвера Канарыс і накіраваў зондарфюрар Іванова (мянушка Сівая галава) у 1941-м годзе ў Смаленск у распараджэнне начальніка дыверсійнай Абверкаманда-203. Там з ліку эмігрантаў і добраахвотнікаў быў сфарміраваны штаб падраздзялення, у які ўвайшлі С. Н. Іваноў, І. К. Цукроў, К. Г. Краміады. У сакавіку 1942 года добраахвотнікі з Абверкаманды-203 перамясціліся на Аршаншчыну ў пасёлак Асінторф (у пачатку 20 ст. населены пункт называўся Юр’еў Востраў, потым у 20-х гадах Асінстрой).
У нямецкіх дакументах фарміраванне ўвесну 1942 года называлася Abwehr Abteilung 203, Russische Bataillon z.b.v., Sonderverband «Graukopf», неафіцыйная назва падраздзялення Рускае Народнае Нацыянальнае Войска (РННВ).
Агентуру ў падраздзяленне вербавалі з ліку ваеннапалонных з лагераў у Оршы, Магілёве, Віцебску, Вязьме, Рославе, Смаленску.
З 23 па 26 мая 1942 года падраздзяленне было прыцягнута для ліквідацыі партызанскай зоны генерала Бялова ў трыкутніку Смаленск-Вязьма-Занозная (аперацыя Гановер). Да савецкіх партызан быў засланы дыверсійны атрад, які апранулі ў курсанцкія парадныя савецкія кіцелі, колькасцю 350 чалавек. Для ідэнтыфікацыі павязвалі чырвоныя павязкі на шыю. Падраздзяленне без бою паланіла дэзарганізаваных партызан, знішчала іх атрады, псавала лініі сувязі, знішчала камандзіраў і камісараў, вяло антысавецкую прапаганду. У баях дыверсанты страцілі 2/3 асабовага складу.
Да лета 1942 года падраздзяленне працягвала займацца разведвальна-дыверсійнай дзейнасцю ў савецкім тыле пад патранажам Абвера. Пазней было ўключана ў склад ахоўных войскаў тылу групы армій «Цэнтр», стала называцца Эксперыментальнае злучэнне «Сівая галава» (Versuchsverband «Graukopf»). Ужо ў чэрвені 1942 года прыступіла да ліквідацыі савецкіх партызанскіх атрадаў на тэрыторыі Смаленшчыны, Калужчыны, Клічаўшчыны (аперацыя Арол). У выніку дзеянняў рускіх антыпартызанскіх падраздзяленняў было спалена не менш за 30 беларускіх вёсак. Да жніўня 1942 года колькасць РННА склала каля 2,5 тысяч байцоў. Падраздзяленне складалася з трох батальёнаў па 200 чалавек у кожным, якія размяшчаліся ў лагерах Волга (размяшчаўся ў Шклове), Масква, Урал. Пазней былі створаны лагеры РННА Кіеў і Байкал. Батальён Волга быў уключаны ў склад Усходняга запаснога палка «Цэнтр», пазней перайшоў у падпарадкаванне 286-й ахоўнай дывізіі.
У пачатку жніўня батальён РННА удзельнічаў у зачыстцы шашы з Оршы на Віцебск (аперацыя Захоп), потым у аперацыі «Няведанне», дзе немцамі і рускімі для знішчэння савецкіх партызан была выкарыстана тактыка жывога шчыта: стралковыя ланцугі гналі перад сабой жыхароў навакольных вёсак. Былі спалены пабудовы ўздоўж чыгуначнага палатна з Оршы на Барысаў.
У канцы лета 1942 года камандаванне РННА было заменена. Камандзірам брыгады стаў былы палкоўнік РСЧА В. Г. Баерскі. Старое камандаванне з эмігрантаў, на думку гітлераўцаў, адрознівалася залішняй незалежнасцю ў поглядах на мэты выкарыстання падраздзялення (эмігранты планавалі выкарыстаць падраздзяленне на фронце, гітлераўцы — у тыле для знішчэння партызан). Колькасць РННА да канца кастрычніка была даведзена да 3,5 тысячы байцоў. У гэты перыяд батальёны РННА прыцягваліся для зачысткі населеных пунктаў ад сталіністаў.
У лістападзе 1942 года РННА атрымала новую афіцыйную назву Эксперыментальнае злучэнне «Цэнтр» (Versuchsverband «Mitte»). 8 лістапада 1942 года ўсе 5 батальёнаў перайшлі ў падпарадкаванне 700-га палкавога штаба асобага прызначэння ўсходніх войскаў (Kommandeur der Osttruppen z.b.v.), батальёны атрымалі нумары ад 633 да 637-га. Батальёны падраздзялення пад камандаваннем палкоўніка Юліуса Карэтці прыцягваліся для знішчэння закінутых у нямецкі тыл савецкіх дыверсантаў, зачысткі вёсак і лясоў ад партызан.
Узімку 1943 года РННВ пад кіраўніцтвам новых камандзіраў Ф. Р. Рыля і А. Л. Бяздоннага неаднаразова ўдзельнічала ў антыпартызанскіх аперацыях (аперацыя Франц). Партызаны і іх базы забеспячэння знішчаліся, вёскі спальваліся, працоўныя рэсурсы вывозіліся. У лютым 1943 г. асноўныя сілы 700-га палкавога штаба размясціліся ў Беразіно. У лютым 1943 г. адзін з атрадаў РННА перайшоў на савецкі бок сталіністаў, Рыль апынуўся ў канцлагеры. У сакавіку батальёны ўдзельнічалі ў аперацыі «Вясна», у раёне чэрвеня — Беразіно, у маі-чэрвені — у аперацыі «Котбус».
У лістападзе 1943 года 633, 634, 635, 636 батальёны РННА былі перакінутыя ў Францыю, дзе выконвалі ахоўныя функцыі, змагаліся ў баях за Атлантычны вал.
Першая Руская нацыянальная армія Расійскі трыкалор узору 1896 года выкарыстоўваўся ў аддзелах Абвера не толькі ў групе Армій Цэнтр (РННА), але і аператыўнікамі з рускіх калабарантаў у групах Армій Поўнач і Поўдзень.
На Пскоўшчыне летам 1941 года Абверам быў створаны «Рускі вучэбны батальён разведкі». Узначаліў яго зондэрфюрэр (К) Б. А. Смыслоўскі. Батальён папаўняўся эмігрантамі, добраахвотнікамі і ваеннапалоннымі.
У канцы 1942 года Смыслоўскі ўзначаліў «Асобы штаб Расія», які вёў разведку як у тыле савецкіх войскаў, так і ў тыле ўсіх усходніх груп нямецкіх войскаў. Асобаму штабу былі падпарадкаваны 12 разведвальна-вучэбных батальёнаў, якія складалі «Асобую дывізію Расія» (Дывізія Русланд). На тэрыторыі акупаванай Беларусі рэзентуры Смыслоўскага знаходзіліся ў Мінску і Магілёве. Каманды з разведчыкаў таксама прымалі ўдзел у знішчэнні савецкіх партызан, пры гэтым шырока выкарыстоўваўся савецкі вайсковы строй са знакамі адрознення РСЧА.
Асобым знакам камбатантаў Асобай дывізіі стаў тарчык з расійскім трыкалорам 1896 года.
У канцы 1943 года з-за абвінавачванняў у шчыльным супрацоўніцтве з АК і УПА Асобы штаб Расія быў расфарміраваны.
У 1944 годзе Смыслоўскага нацысты рэабілітавалі і прызначылі камандзірам Рускай нацыянальнай дывізіі, якая павінна была аб’яднаць разведвальна-вучэбныя батальёны Абвера. Падраздзяленні дывізіі ваявалі не толькі з партызанамі, але і на фронце, і вялі дыверсійную вайну ў савецкім тыле.
У красавіку 1945 года падраздзяленні Смыслоўскага аб’яднаны з Рускім корпусам і 3-й дывізіяй РВА ў Першую Рускую нацыянальную армію пад яго кіраўніцтвам. Генерал-маёр Смыслоўскі здолеў вывесці частку сваіх падраздзяленняў у нейтральны Ліхтэнштэйн, дзе іх расфарміравалі.
Апошнія дні існавання Рускай арміі на службе ў нацыстаў паказаны ў мастацкім фільме «Вецер з усходу», які зняў у 1993 годзе рэжысер Рабер Энрыка.
На службе Люфтвафэ
Рускія авіятары
Рускія эсэсаўцы
1. Russischen Nationale SS-Regiment, 1. Sturmbrigade