Tatra T6A5 — чэшскія высокападлогавыя чатырохвосевыя трамвайныя вагоны з электраабсталяваннем імпульснага рэгулявання, якія выпускаліся серыйна прадпрыемствам ЧКД (Прага — Сміхаў) з 1991 па 1998 год. Выпушчана 296 вагонаў гэтага тыпу. Эксплуатаваліся вагоны ў Чэхіі (Прага, Брно, Острава) і Славакіі (Браціслава, Кошыцэ). Многія з вагонаў працягваюць эксплуатавацца і па гэты дзень.
Гісторыя
На працягу 1980-х гадоў чэхаславацкія трамвайныя гаспадаркі атрымлівалі трамвайныя вагоны Tatra T3, сканструяваныя ў 1950-я — 1960-я гады. У 80-х гадах ЧКД ужо меў праекты і распрацоўкі трамваяў новага пакалення, у тым ліку вагон Tatra KT8D5, які так і не быў запушчаны ў серыйную вытворчасць да канца 80-х гадоў. Для СССР была спраектавана і запушчана ў серыйную вытворчасць мадэль Tatra T6B5, якая з-за сваіх габарытаў не магла эксплуатавацца на вузкіх вуліцах чэхаславацкіх гарадоў. Для іх ЧКД прапаноўваў маральна састарэлыя T3 з рэастатна-кантактарнай сістэмай кіравання. Пасля спынення серыйнай вытворчасці мадэлі T3 ў 1987 годзе для чэхаславацкіх гаспадарак была распрацавана новая і ўжо даўно чаканая мадэль трамвайных вагонаў — T6A5, якая прыйшла на змену «легендарнай тройцы». Tрамвайны вагон T6A5 ствараўся спецыяльна для чэхаславацкіх трамвайных гаспадарак (таму часам для гэтага трамвайнага вагона ўжываецца абазначэнне T6A5 CS). Асноўным адрозненнем гэтых трамвайных вагонаў ад вагонаў T6A2, што выпускаліся для ГДР, была шырыня кузава. У T6A5 яна складала 2 500 мм, а ў T6A2 — 2 200 мм. Першым горадам, які атрымаў новыя трамвайныя вагоны, стала Браціслава. У 1992 годзе туды былі адпраўленыя з Прагі 34 вагоны T6A5. У гэтым жа годзе славацкі горад Кошыцэ атрымаў 30 трамвайных вагонаў новага тыпу. У чэшскай сталіцы Празе вагоны T6A5 ў рэгулярнай эксплуатацыі з’явіліся трохі пазней, у 1995 годзе. Наступнымі пакупнікамі былі Брно і Острава. Транспартныя прадпрыемствы, што эксплуатавалі T6A5, паступова мадэрнізавалі іх у адпаведнасці з заходнімі стандартамі: замянялі дзвярны механізм, усталёўвалі ў вагонах аўтаматычныя інфармацыйныя сістэмы і новыя счэпныя механізмы. Таксама стандартная завадская схема афарбоўкі была зменена на сучасную дызайнерскую схему. Станам на 2015 год эксплуатаваліся ўсе выпушчаныя ЧКД трамвайныя вагоны T6A5.
Апісанне вагона
Агульныя звесткі Трамвайны вагон тыпу T6A5 — чатырохвосевы маторны трамвайны вагон, прызначаны для руху ў адным напрамку. Трамвайныя вагоны могуць эксплуатавацца самастойна або ў складзе цягніка з двух ці трох вагонаў па сістэме многіх адзінак (СМА). Эксплуатацыя з прычапнымі вагонамі не дазваляецца.
Цялежка Канструкцыя цялежкі гарантуе надзейную эксплуатацыю ў поўным дыяпазоне хуткасцей і з рознай нагрузкай, забяспечвае зручную язду з пункту гледжання пасажыраў і вадзіцеля. Асновай цялежкі з’яўляецца рама, звараная з пустацелых бэлек і літых канцавых задзелак. У цялежцы размешчаны два цягавыя рухавікі, вось якіх паралельная падоўжнай восі цялежкі. Перанос магутнасці з цягавага рухавіка на вось ажыццяўляецца з дапамогай карданнага вала і двухступеньчатага рэдуктара. Рысорнае падвешванне выканана з вітых спружын з гумавым канцавым упорам і дапоўнена гідраўлічнымі амартызатарамі, размешчанымі паміж люлькай і рамай цялежкі. Каляіна — 1000 мм, 1435 мм. Вагон абсталяваны наступнымі тыпамі тармазоў: электрадынамічным, механічным дыскавым і рэйкавым электрамагнітным.
Кузаў вагона Кузаў вагона стальны, цэльнасварны з пракатных і прэсаваных профіляў з абліцоўкай з гладкай стальной бляхі. Абліцовачная бляха з унутранага боку забяспечана антыкаразійным пакрыццём і пакрыццём супраць шуму. Падлога вагона выканана з водатрывалай фанеры, на якую наклеена супрацьслізготнае гумавае пакрыццё. Каб спрасціць доступ да кабеляў, сярэдняя частка падлогі зроблена здымнай.
Кожны вагон абсталяваны трыма чатырохстворчатымі складнымі дзвярыма. Упраўленне дзвярыма электрамеханічнае, механізм кіравання змешчаны ў шафцы над дзвярыма. Механізм дзвярэй аснашчаны фрыкцыйнай муфтай.
Усе вокны вагона выраблены з бяспечнага шкла і мацуюцца ў гумавых профілях. Вагоны абсталяваны зручнымі сядзеннямі. Каб вагон было зручней чысціць, пад сядзеннямі пакінута свабодная прастора (акрамя месца пясочніцы і раз’яднальніка батарэі).
Вентыляцыя пасажырскага салона натуральная, з дапамогай вентыляцыйных люкаў у даху вагона і вокнаў, якія адчыняюцца. Ацяпленне салона вагона ажыццяўляецца з дапамогай электрычных ацяпляльных карпусоў, якія размешчаны ў бакавых каналах кузава вагона і сілкуюцца ад высакавольтнай сеткі. Рэгуляцыя магутнасці ацяплення двухступеньчатая. Асвятленне пасажырскага салона люмінесцэнтнае, сілкуецца ад акумулятарнай батарэі з дапамогай індывідуальных транзістарных ператваральнікаў. Знешняе асвятленне вагона выконваецца лямпамі напальвання.
Месца вадзіцеля Месца вадзіцеля вагона T6A5 ўяўляе сабой замкнёную кабіну, размешчаную ў пярэдняй частцы вагона. Аддзяляльная сценка кабіны ў яе верхняй частцы зашклёная і мае ссоўныя дзверы, якія замыкаюцца. Вялікія лабавыя вокны забяспечваюць вадзіцелю шырокую зону бачнасці. Абітае сядзенне вадзіцеля рэгулюецца як уздоўж, так і па вышыні. Размяшчэнне кантрольных элементаў, элементаў кіравання і вымяральных прыбораў запраектавана з улікам патрабаванняў эрганомікі. З мэтай забеспячэння добрай бачнасці пры неспрыяльным надвор’і, на шкле кабіны змешчаныя «дворнікі» з электрычным прывадам і абмывальнік. Вентыляцыя месца вадзіцеля робіцца вентылятарам каларыфера і дадатковым вентылятарам. Ацяпленне кабіны вадзіцеля ажыццяўляецца цёплым паветрам з каларыфера.
Электрычнае абсталяванне Трамвайны вагон абсталяваны сучаснай электрычнай аснасткай тыпу TV3 з тырыстарнай імпульснай рэгуляцыяй цягавых рухавікоў. Цягавыя рухавікі асобных цялежак злучаны паслядоўна, а пры разгоне і тармажэнні кіруюцца адным тырыстарным імпульсным ператваральнікам. Неабходныя ездавыя і тармазныя якасці вагона забяспечваюцца электронным рэгулятарам, які гарантуе ўзаемнае незалежнае кіраванне токамі абедзвюх груп рухавікоў. Крыніцамі сілкавання ланцугоў кіравання і дапаможных ланцугоў служаць статычны ператваральнік і акумулятарная батарэя. У склад электраабсталявання таксама ўваходзіць сістэма абароны ад буксавання і юза, якая забяспечвае хуткае выраўноўванне розніцы хуткасцей кручэння вядучых колаў.
Статыстыка З 1991 па 1998 год было выпушчана 296 трамвайных вагонаў T6A5.
Чэхія Горад Тып Гады выпуску Колькасць паркавыя нумары Каментары Брно T6A5 1996 20 1201-1220 Острава T6A5 1994—1998 38 1101-1138 Прага T6A5 1995—1997 150 8601-8750 T6A5.3 1998 1 8600
Славакія Горад Тып Гады выпуску Колькасць паркавыя нумары Каментары Браціслава T6A5 1991—2006 58 7901-7958 Кошыцэ T6A5 1992—1993 30 600-629
Катэгорыя:Трамваі паводле алфавіта Катэгорыя:Трамваі ЧКД