Беларускі батальён чыгуначнай аховы — беларускае калабарацыйнае падраздзяленне аховы чыгункі.
Перадумовы У канцы верасня 1942 г. дырэкцыя чыгункі ў Менску звярнулася да Ермачэнкі, як да кіраўніка БСА, для стварэння батальёна, які б абараняў чыгунку. Спачатку на пасаду камандоўца быў пастаўлены Францішак Кушаль.
Пазней былі таксама перамовы Кушаля і Ермачэнкі з двума нямецкімі прадстаўнікамі аховы чыгункі. На перамовах немцы былі даволі ўступлівыя. У выніку перамоваў са Штрымке (адзін з прадстаўнікоў) было ўстаноўлена, што: Батальён будзе размяшчацца наступным чынам: 1 рота ў Менску, 1 рота ў Стоўбцах, 1 рота ў Баранавічах, 1 рота ў Лідзе і 1 рота ў Крулеўшчыне Глыбоцкай акругі. У Менску мелася быць арганізаваная падафіцэрская школа для рыхтавання падафіцэраў чыгуначнай аховы. Павінна было набрацца 800 чалавек. Кожная арганізаваная рота павінная была прайсці 4-тыднёвае перанавучанне, пасля чаго магла ўжывацца да службы на чыгунцы.
Шлях батальёна Да вясны 1943 года было набрана ў батальён (разам з тымі, што былі перанавучаны і неслі службу на чыгунках з навабранцамі ў Баранавічах і Менску) каля 1000 чалавек. Усе чыгункі на Беларусі, ад Арла да Берасця і ад Полацка да Калінкавіч, ахоўваліся беларусамі.
Пасля эвакуацыі з Беларусі батальён быў перамешчаны ў Рэйнскую вобласць. Тут людзі батальёна былі ўжытыя як працоўная сіла на тамтэйшых чыгунках. Частка трапіла і ў брыгаду Зіглінга. Ужо ў жніўні 1944 года, даведаўшыся аб лёсе чыгуначнага батальёна, БЦР спрабавала выратаваць адтуль людзей, аднак удалося выцягнуць толькі аднаго Сажыча.
Літаратура Францішак Кушаль. Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі.
Катэгорыя:З’явіліся ў 1942 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1944 годзе Катэгорыя:1942 год у Беларусі Катэгорыя:Беларускія калабарацыянісцкія фарміраванні ў Другой сусветнай вайне