right|frame Паўднёвы акіян — кальцо акіянічных вод, якое абмывае Антарктыду, спалучае ў сабе характэрныя прыкметы асобнага акіяна і добра выяўленыя прыродныя рысы Атлантычнага, Ціхага і Індыйскага акіянаў. Агульныя ўяўленні thumb|Змены ў вызначэннях межаў Паўднёвага акіяна. Аранжавай лініяй пазначана прыкладная мяжа антарктычнай канвергенцыі Складаным з’яўляецца пытанне аб межах Паўднёвага акіяна. На поўдні ён абмежаваны ўзбярэжжам паўднёвага палярнага мацерыка. Заходняй і ўсходняй мяжы гэты акіян не мае. Паводле сучасных навукова абгрунтаваных уяўленняў, паўночнай мяжой лічаць лінію антарктычнай канвергенцыі (паласу сыходжання адносна цёплых і халодных паверхневых вод) прыблізна па 40-60° паўднёвай шыраты, якая блізкая да паўночнай мяжы Антарктычнага цыркумпалярнага цячэння. Асноўная асаблівасць гэтай умоўнай геаграфічнай мяжы Паўднёвага акіяна - яе некаторыя змены ў часе і прасторы ў сувязі з міжгадавымі і міжсезоннымі ваганнямі становішча ліній антарктычнай канвергенцыі.
У пазначаных межах плошча Паўднёвага акіяна - 86 млн км² (па некаторых дадзеных - пытанне спрэчнае), сярэдняя глыбіня - 3503 м, найбольшая глыбіня - 8264 м (Паўднёва-Сандвічаў жолаб, упадзіна Метэор). У межах Паўднёвага акіяна раскідана шмат розных па памерах астравоў, большасць з якіх вулканічнага паходжання са складаным гарыстым рэльефам. Моры размешчаны на паўднёвай перыферыі акіяна. Асабняком размешчана мора Скоша. На поўдні моры абмежаваныя берагам Антарктыды, а на поўначы адкрытыя да акіяну.
Выдзяленне акіяна ў асобную адзінку У 1650 германа-нідэрландскі географ у сваіх працах упершыню прапанаваў падзяліць Сусветны акіян на пяць акіянаў: Ціхі, Індыйскі, Атлантычны, Паўночны Палярны, або Арктычны, акіян, і Паўднёвы Палярны. Такое дзяленне было прынята ў 1845 Брытанскім Каралеўскім геаграфічным таварыствам і праіснавала больш за 50 гадоў.
Пасля па меры развіцця навуковых даследаванняў з’яўляюцца новыя прынцыпы падзелу акіяна. У аснову падзелу Сусветнага акіяна на часткі былі пакладзены асноўныя акіяналагічныя характарыстыкі: тэмпература, , шчыльнасць вады, акіянічныя цячэнні і г. д. Выбітны рускі акіянограф Юлій Шакальскі ў класічнай працы «Акіянаграфія» (1917), прапаноўваў вылучыць тры акіяны: Ціхі, Атлантычны і Індыйскі. Паўночны Ледавіты акіян адносілі да Атлантычнага ў якасці асобнага мора. Савецкія географы і А. В. Эверлінг яшчэ ў даваенныя гады стварылі лагічную сістэму падраздзялення Сусветнага акіяна. У якасці вызначальнага фактару ўлічваліся, у дадатак да прыведзеных вышэй характарыстык, рэльеф дна і канфігурацыя берагавой лініі мацерыкоў. Згодна з гэтымі прызнакамі Сусветны акіян падзялілі на чатыры акіяны: Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты.
Многія навукоўцы прапаноўвалі аднавіць пяты, Паўднёвы акіян, у якасці самастойнага, з мяжой па лініі субантарктычнай канвергенцыі (прыкладна каля 55°-60° паўднёвай шыраты), якая мае ўласцівасць змяняцца ў часе. Прыхільнікі самастойнасці Паўднёвага акіяна спасылаліся на адзінае цячэнне Заходніх вятроў, якое атачае яго з поўначы і ізалюе антарктычныя воды ад іншых абласцей Сусветнага акіяна, на яго ўнікальны лядовы рэжым, асаблівасці падводнага рэльефу і г. д.
У канцы XX стагоддзя большасцю акіянолагаў свету Паўднёвы акіян быў прызнаны як самастойны водны аб’ект Сусветнага акіяна, што было пацверджана Міжнароднай акіянаграфічны камісіяй (Манака) у 2001 г.
Да мораў Паўднёвага акіяна былі аднесены наступныя: Рэльеф дна
Зыходзячы з сучасных даследаванняў, Паўднёвы акіян знаходзіцца ў асноўным на кантынентальна-акіянічнай Антарктычнай літасфернай пліце. Некаторыя ўчасткі дна паўночных межаў Паўднёвага акіяна размешчаны на іншых, прылеглых, плітах. Менавіта з гэтым звязаны асаблівасці геалагічнай будовы і рэльефу дна Паўднёвага акіяна. У акіянічным дне выразна выяўленыя ўсе асноўныя геамарфалагічныя формы, шэльфавая зона характарызуецца нязначнай шырынёй (у сярэднім 150 км). Толькі ў морах Роса і Уэдэла яго шырыня дасягае 1000—1100 км. Сярэдняя глыбіня шэльфавых зон дасягае 200 м.
Мацерыковы схіл Антарктыды, асабліва яго ўсходняя частка, раздзелены прыступкамі і прарэзаны шматлікімі падводнымі каньёнамі. У прыантарктычнай частцы Паўднёвай Амерыкі мацерыковы схіл круты ля ціхаакіянскага ўзбярэжжа і адносна спадзісты і слаба раздзелены ля антарктычнага берага.
Ложа акіяна характарызуецца наяўнасцю шэрагу падводных хрыбтоў, невялікіх узняццяў і катлавін. Найбольш буйнымі хрыбтамі з’яўляюцца Заходне-Індыйскі і Цэнтральна-Індыйскі, у межах якіх выразна прасочваюцца рыфтавыя даліны. Яны, па сутнасці, уяўляюць сабой паўднёвыя адгор’і сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў.
У межах Паўднёвага акіяна размяшчаюцца Аўстрала-Антарктычнае, Паўднёва-Ціхаакіянскае і часткова Усходне-Ціхаакіянскае падняцці. У раёне 60° паўднёвай шыраты размешчаны буйныя катлавіны акіяна: Афрыканска-Антарктычная (максімальная глыбіня 6787 м), Аўстрала-Антарктычная (6098 м) і катлавіна Белінсгаўзена (5399 м).
У цэлым рэльеф дна Паўднёвага акіяна не аказвае ўплыву на абмен глыбіннымі водамі з суседнімі акіянамі.
Донныя адклады У размеркаванні донных адкладаў можна выявіць дакладную занальнасць. У межах падводнай ускраіны Антарктыды пераважаюць айсбергавыя адклады, якія з аддаленнем ад Антарктыды змяняюцца на крамяністыя дыятомавыя глеі, лепш за ўсё прадстаўленыя ў катлавінах ложа акіяна. На сярэдзінных хрыбтах, якія ўтвараюць памежную зону дна Паўднёвага акіяна, развіты змешаныя крамяніста-вапнавыя, а на поўнач ад іх - фарамініферавыя адклады. У шырокай катлавіне Крозе распаўсюджаная чырвоная гліна з высокім утрыманнем дыятомавых глеяў. Магутнасць асадкавых адкладаў у зоне, прылеглай да Індыйскага акіяна, дасягае 150 м. На вяршынях невысокіх падводных горных узняццяў адклады часта адсутнічаюць. Мацерыковае падножжа ў межах Ціхаакіянскага сектара Паўднёвага акіяна складзена акумуляцыйнымі ўтварэннямі з тэрыгенных і айсбергавых матэрыялаў магутнасцю да 2000 м.
Клімат
Кліматычныя ўмовы Паўднёвага акіяна абумоўлены цэлым шэрагам фактараў: своеасаблівым геаграфічным становішчам, уплывам халоднага, высакагорнага, пакрытага лёдам, мацерыка Антарктыды, пастаяннай наяўнасцю марскіх ільдоў, адсутнасцю цёплых цячэнняў. Для адкрытых прастораў акіяна характэрны марскі палярны, а для прыбярэжных раёнаў - антарктычны клімат. З прычыны пастаяннага выхалоджвання атмасферы над ледзяным покрывам Антарктыды над ёй фарміруецца вобласць павышанага ціску. Сам мацярык падпяразаны даволі шырокай антарктычнай дэпрэсіяй - зонай паніжанага ціску. Яна амаль паўсюдна паміж 60 і 68° паўднёвай шыраты. Толькі ў Ціхаакіянскім сектары яе сярэдняя частка падымаецца ад 67° паўднёвай шыраты ў раёне мора Белінсгаўзена да 75° паўднёвай шыраты ў раёне мора Роса.
У сувязі з такім размеркаваннем атмасфернага ціску ўзнікаюць сцёкавыя вятры з мацерыка, што дзьмуць з хуткасцю 15 м/с. Пад уздзеяннем сілы Карыяліса яны прымаюць паўднёва-ўсходні кірунак.
На поўнач ад антарктычнай дэпрэсіі, прыкладна ад 40° паўднёвай шыраты да мяжы Паўднёвага акіяна, на працягу ўсяго года фарміруецца колападобная вобласць павышанага ціску. Адпаведна, у вобласці ўмераных і субпалярных шырот прыкладна да 65° паўднёвай шыраты амаль увесь час назіраюцца заходнія вятры. У зімовы час іх хуткасць дасягае да 11 м/с, а ў летні час - да 9,5 м/с. Улетку найбольшай хуткасці гэтыя вятры дасягаюць на 55° паўднёвай шыраты. У зімовы час максімальная хуткасць вятроў дасягае каля 53° паўднёвай шыраты. Вятры з вялікімі хуткасцямі бываюць вельмі часта. Гэта тая вобласць, дзе штылявое зацішша змяняецца моцнымі штормамі, асабліва ў зімовы перыяд. Выбітная кліматычная асаблівасць Паўднёвага акіяна - актыўная цыкланічная дзейнасць. У летні час яна інтэнсіўная на поўдзень ад 45° паўднёвай шыраты, а зімой у межах ад 35° паўднёвай шыраты да Антарктычнага ўзбярэжжа. Цыклоны перамяшчаюцца з сярэдняй за год хуткасцю каля 40 км/ч.
Тэмпература паветра над Паўднёвым акіянам вельмі нізкая. Яе велічыні размяркоўваюцца занальна і змяняюцца ад зімы да лета. Узімку сярэднямесячная тэмпература паветра ў ліпені роўная -24°С у прымацерыковых раёнах, блізкая да 0°С на 60° паўднёвай шыраты і 7...8°С у паўночных межах акіяна. Летам (студзень) яе сярэднямесячная велічыня ля Антарктыды роўная 9°С на 50° паўднёвай шыраты, а на поўнач дасягае 23...24°С. Надвор'е пераважна пахмурнае, халоднае, ветранае. Снег выпадае на працягу ўсяго года.
Такім чынам, для Паўднёвага акіяна характэрныя два ветравых паясы, паласа максімальных хуткасцяў ветру, актыўная цыкланічная дзейнасць, занальнае размеркаванне тэмпературнага рэжыму паветра.
Гідралагічны і лядова-тэрмічны рэжым
Гідралагічныя ўмовы Паўднёвага акіяна фарміруюцца пад уплывам яго геаграфічнага становішча, своеасаблівых сувязяў з прылеглымі водамі іншых акіянаў на поўначы, бесперапыннасці кальца антарктычных вод, асаблівасцяў атмасфернай цыркуляцыі, суседства пакрытага магутным ледзяным панцырам мацерыка Антарктыда.
Для Паўднёвага акіяна характэрныя невысокія тэмпературы паверхневых вод, іх занальнае размеркаванне і параўнальна невялікія змены ў зімовы і летні час. Зімой у самых паўднёвых раёнах акіяна яна роўная -1,8 ... -1,9 °С, на поўнач яе значэнні павышаюцца. Нулявая ізатэрма праходзіць між 60 і 55° пд. ш. Ад 55 да 50° пд. ш. тэмпература вады на паверхні дасягае -1,5° С, а ля паўночных меж акіяна - да +10…12° С. У летні час ля берагоў Антарктыды тэмпература паверхні вод мае значэнне ад −1 да +0,5 °C, нулявая тэмпература назіраецца ў межах 65-62° пд.ш.; каля 60-55 пд. ш. яна павышаецца да 10-15 °C адпаведна.
Тэмпература вады змяняецца з глыбінёй, але яе велічыня неаднолькавая на адных і тых жа гарызонтах і ў розных раёнах акіяна. Ля Антарктычнага ўзбярэжжа велічыні павярхоўнай тэмпературы вады захоўваюцца да гарызонтаў 25-50 м, адкуль да глыбіні 100 м яны паніжаюцца да −1,9 °C. Далей да глыбіні 600 м яна змяняецца нязначна, затым да глыбіні 1000—1200 м яна павольна паніжаецца, да самага дна тэмпература паніжаецца да 1 °C.
Салёнасць паверхневых вод на пераважнай частцы акіяна менш за сярэднюю салёнасць Сусветнага акіяна і роўная 34-34,2‰. Толькі ў межах самых паўночных ускраін яна павялічваецца да 34,8-35‰. У размеркаванні велічыні салёнасці на паверхні добра выяўляецца занальнасць. Павелічэнне салёнасці праходзіць з поўдня на поўнач. Параўнальна нязначныя сезонныя змены паверхневай салёнасці выразна выяўленыя ў водах, блізкіх да берагоў, дзе адбываецца ўтварэнне і раставанне лёду. Зімой тут салёнасць некалькі павышана і дасягае 34,4‰, што тлумачыцца асаланеннем вады пры лёдаўтварэнні. Улетку з прычыны раставання лёду ў прыкромкавай зоне салёнасць памяншаецца да 33,8‰. У гэты сезон тут утвараецца тонкая плёнка распрэсненных і прагрэтых вод. Пры адсутнасці моцных вятроў яна ўтрымліваецца доўга, не змешваючыся з падсцілаючай яе салёнай і халоднай вадой. У гэтым самая характэрная асаблівасць ледавітых раёнаў Паўднёвага акіяна.
Салёнасць змяняецца з глыбінёй. У зімовы час у прымацерыковых водах змена салёнасці паверхневых вод да глыбіні 100 м непрыкметная і дасягае 34‰. Глыбей салёнасць павялічваецца і каля дна складае 34,7‰. У цэнтральных раёнах салёнасць на паверхні 34,6‰. Такія велічыні салёнасці назіраюцца да глыбіні 50 м, а да дна яны паступова павялічваюцца. На паўночных ускраінах акіяна паверхневая салёнасць блізкая да 35‰, а глыбей адбываецца яе паніжэнне, якое дасягае 34,2‰. Улетку пры раставанні льдоў салёнасць на паверхні памяншаецца да 33-33,5‰. Распрасненне захоплівае пласт 25-50 м, адсюль салёнасць паступова павялічваецца з глыбінёй да самага дна, дзе яна мае такія ж значэнні, як і зімой.