Нарыма́н Энве́равіч Джэля́лаў, таксама Нарыма́н Энве́равіч Джэля́л (, ; нар. 27 красавіка 1980 года, Наваі, Узбекская ССР) — украінскі крымскататарскі палітык, выкладчык, палітолаг і журналіст. Намеснік старшыні Меджліса крымскататарскага народа (з 2013 года), кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела.

Біяграфія Нарадзіўся ў горадзе Наваі Бухарскай вобласці Узбекскай ССР.

У 1989 годзе пераехаў у Крым, вучыўся ў Майскім НВК у Джанкоі.

У 2005 годзе скончыў Адэскі нацыянальны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Паліталогія».

Працаваў вядучым на тэлеканале «ATR», карэспандэнтам рэспубліканскай газеты «Аўдэт» і выкладаў гісторыю і правазнаўства ў Сімферопальскай міжнароднай школе. Акрамя таго, вывучаў паліталогію і ўваходзіў у склад Меджліса крымскататарскага народа.

У 2012 годзе балатаваўся ў Вярхоўную Раду Украіны па 2-й мажарытарнай акрузе, але за 11 дзён да выбараў зняў сваю кандыдатуру.

У лістападзе 2013 года, пасля абрання Рэфата Чубарава старшынёй Меджліса, Джэлялаў стаў адным з яго намеснікаў, узначаліўшы інфармацыйна-аналітычны аддзел арганізацыі.

Пасля таго, як Крым быў у 2014 годзе анексаваны Расіяй, а старшыні Меджліса Чубараву і нефармальнаму лідару крымскататарскага народа Мустафе Джемілеву быў забаронены ўезд на яго тэрыторыю, Джэлялаў аказаўся самым высокапастаўленым дзеячам Меджліса ў Крыме і фактычным лідарам арганізацыі, каментуючы для сусветных медыя становішча крымскататарскага народа ў новых умовах.

У канцы жніўня 2021 года ў Кіеве прысутнічаў на міжнародным саміце «Крымская платформа», арганізаваным уладамі Украіны для вяртання кантролю над паўвостравам.

3-4 верасня 2021 года прадстаўнікі расійскай улады ў Крыме правялі шэраг ператрусаў у будынках крымскіх татар і затрымалі Джэлялава і яшчэ чатырох украінцаў. Яго і іншых затрыманых вывезлі ў невядомым накірунку з сяла Першамайскае Сімферопальскага раёна Крыма. Супрацоўнікі ФСБ трымалі яго ў кайданках з мяшком на галаве, аказвалі на яго псіхалагічны ціск і ставіліся да яго асабліва жорстка. Старшыня Меджліса Рэфат Чубараў адзначыў, што яго намесніку Джелялаву акупацыйная ўлада прад’явіла абвінавачванні ў «дыверсіі».

Пазней ФСБ РФ апублікавала заяву аб тым, што Джэлялаў падазраецца ў падарванні ўчастка газаправода, які адбыўся 23 жніўня 2021 года недалёка ад Перавальнага, каля Сімферопаля. 29 кастрычніка 2021 года сімферопальскі «суд» падоўжыў арышт Джелялава да 23 студзеня 2022 года.

Рэзалюцыя Генеральнай Асамблеі ААН 76/179 «Сітуацыя з правамі чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і г. Севастопаль, Украіна» ад 16 снежня 2021 года выказала глыбокую занепакоенасць у сувязі з тым, што расійская ўлада ўжывае катаванні для атрымання «прызнанняў» падчас палітычна матываваных судоў, адвольныя затрыманні і арышты грамадзян Украіны, у тым ліку Нарымана Джэлялаваhttps://documents-dds-ny.un.org/doc/UNDOC/LTD/N21/311/39/pdf/N2131139.pdf?OpenElement.

У зняволенні Джэлялаў пісаў артыкулы, дзе аналізаваў сітуацыю ў Крыме пасля расійскай акупацыі.

28 чэрвеня 2024 года Нарымана Джэлялава ўдалося вярнуць ва Украіну ў выніку абмену.

Узнагароды Ордэн «За заслугі» ІІІ ст. (2020) з нагоды Дня Незалежнасці Украіны.

Спасылкі

Інтэрв’ю

Катэгорыя:Крымскія татары Катэгорыя:Палітыкі крымскататарскага народа Катэгорыя:Палітыкі Украіны Катэгорыя:Журналісты Украіны Катэгорыя:Педагогі Украіны Катэгорыя:Члены Меджліса крымскататарскага народа