«Кароткая гісторыя Беларусі» — першая кніга, прысвечаная гісторыі Беларусі, дзе Беларусь разглядаецца як асобны суб’ект, а таксама першы вучэбны дапаможнік, напісаны беларусам для беларусаў. Аўтар кнігі, Вацлаў Ластоўскі, напісаў яе, каб пашырыць сярод беларусаў гістарычныя веды пра свой край.

Вацлаў Ластоўскі не праводзіў спецыяльных гістарычных даследаванняў і не меў сістэматычнай гістарычнай адукацыі. Ягоная праца носіць кампіляцыйны характар. Аўтар карыстаўся працамі расейскіх, польскіх і ўкраінскіх гісторыкаў.

У выданні прысутнічала 40 малюнкаў, рэпрадукцый і фатаграфій з каментарамі да іх.

Значэнне Упершыню Вацлаў Ластоўскі прадставіў беларускі народ не як аб’ект, на які ўздзейнічаюць суседзі, а як самастойны суб’ект гісторыі. Ён жа ўпершыню зважаў, што пад тэрмінамі «літоўскі» ды «рускі» хаваецца беларуская спадчына. У кнізе Ластоўскі таксама выклаў сваю перыядызацыю гісторыі Беларусі, якая стала першай спробай гэтага.

Упершыню Ластоўскі прывёў правільную паслядоўнасць вялікіх князёў літоўскіх, да яго ўсе вялікія князі пасля Жыгімонта Кейстутавіча значыліся як польскія каралі. Польскія і расійскія гісторыкі ігнаравалі факт існавання Вялікага Княства Літоўскага і ягоных гаспадароў.

Перыядызацыя Вацлаў Ластоўскі вылучыў 5 перыядаў, засноўваючыся на агульнадзяржаўным падыходзе, які тады быў папулярны ў расійскай гістарыяграфіі:

Ад старажытных часоў да ўцёку полацкіх князёў у Літву (1129 г.); Ад звароту полацкіх князёў (1132 г.) да смерці Вітаўта (1430 г.) Ад смерці Вітаўта да Люблінскай уніі (1569 г.); Ад Люблінскай уніі да падзелаў Рэчы Паспалітай; Беларусь пад Расіяй.

Крытыка Кніга ў свой час крытыкавалася польскімі і расейскімі гісторымі, бо, на іх думку, яна скажала гісторыю.

Выданні

Ластоўскі, В.Ю. (Власт) Кароткая гісторыя Беларусі / В.Ю. Ластоўскі. — Вільня: Друкарня Марціна Кухты, 1910. — Рэпрынт. — Мінск: Універсітэцкае, 1993. — 126 с.; іл.

Спасылкі

Катэгорыя:Творы Вацлава Ластоўскага Катэгорыя:Кнігі 1910 года Катэгорыя:Гісторыя Беларусі Катэгорыя:Творы на беларускай мове