Гільмендская культура — археалагічная культура бронзавага веку на поўдні Афганістана і ўсходзе Ірана ў басейне ракі Гільменд.

Даследаванне Адным з першых помнікаў Гільмендскай культуры, даследаваных археолагамі, стаў Мундыгак у Афганістане, дзе раскопкі пачаліся з 1950-х гг. У 1967 г. быў адкрыты Шахры-Сухтэ ў Іране. Абодва з'яўляюцца найбуйнейшымі помнікамі гэтай культуры, вядомымі ў наш час. Паколькі раскопкі арганізоўваліся 2 рознымі групамі даследчыкаў, параўнанне і ўсталяванне падабенства артэфактаў адбылося значна пазней. Упершыню падабенства керамікі было вызначана ў 1973 г. Вылучэнне асобнай Гільмендскай культуры стала рэчаіснасцю толькі ў 1990-я гг. У нашы дні таксама прынята казаць пра Гільмендскую цывілізацыю.

Храналогія Агульнай перыядызацыі Гільмендскай культуры не існуе. Звычайна храналогія адных помнікаў у дачыненні да іншых усталёўваецца на аснове стратыграфіі помнікаў Мундыгак і Шахры-Сухтэ:

Пачатак 4 тысячагоддзя да н. э.: узнікненне першага сталага неалітычнага паселішча на месцы Мундыгака. У канцы гэтага перыяда яно было закінута на доўгі час. Перыяд 3500 — 3200 гг. да н. э.: павелічэнне шчыльнасці аселага насельніцтва, паселішча са шматкамернымі пабудовамі на месцы Мундыгака. Перыяд 3200 — 2800 гг. да н. э.: культурная інтэграцыя і першасная ўрбанізацыя. Перыяд 2800 — 2300 гг. да н. э.: росквіт і заняпад гарадской культуры. Усталяванне сувязяў з Бактрыйска-Маргіянскім археалагічным комплексам, протаэламскай і дахарапскай культурамі.

Гісторыя Каля 7 тысяч гадоў таму ў рэгіёне, які ахопліваў Іранскае плато і поўнач Паўднёвай Азіі ўсталяваўся адносна вільготны клімат, які садзейнічаў пашырэнню вытворчых форм гаспадаркі і павелічэнню шчыльнасці насельніцтва. У 4 тысячагоддзі да н. э. гэты працэс закрануў Гільмендскі аазіс, дзе ўзніклі сталыя паселішчы. Іх насельнікі былі добра знаёмы з вырабам керамікі і, відавочна, займаліся сельскай гаспадаркай. Хаця Гільменд з яго прытокамі ўяўляе сабою замкнёную рачную сістэму, праз аазіс маглі праходзіць наземныя гандлёвыя шляхі з Загроса і Іранскага плато, на ускраінах якіх фарміраваліся Протаэламская культура і Бактрыйска-Маргіянскі археалагічны комплекс, а таксама поўначы сучаснага Белуджыстана — калыскі Індскай цывілізацыі.

У канцы 4 тысячагоддзя да н. э. — пачатку 3 тысячагоддзя да н. э. пачаўся паступовы працэс урбанізацыі. У нашы дні археолагам вядомы 2 гарадскія паселішчы Гільмендскай культуры — Шахры-Сухтэ і Мундыгак. У перыяд свайго росквіту ў канцы першай паловы 3 тысячагоддзя да н. э. Шахры-Сухтэ займаў плошчу каля 80 га, а Мундыгак — 21 га. Характэрна, што ўжо ў пачатку 3 тысячагоддзя да н. э. у Шахры-Сухтэ выраблялі кераміку, стылістычна падобную на тую, што знаходзяць на поўдні Туркменістана, аазісах паўднёвага Ірана і поўначнага ўсходу Іранскага плато.

Мясцовыя рамесныя традыцыі стала паляпшаліся. Вяршыняй майстэрства гільмендскіх ганчароў былі лёгкія паліхромныя пасудзіны з тонкімі сценкамі. Іх знаходзяць на месцы жытлаў, а таксама ў пахаваннях. Акрамя таго, вырабляліся гліняныя статуэткі, каменныя пячаткі, гуляльныя прадметы. Майстры працавалі з каменем, бітумам, золатам. Не вядома, ці складалі гарады Гільмендскай культуры адзінае палітычнае аб'яднанне. Аднак у Шахры-Сухтэ і Мундыгаку былі знойдзены манументальныя будынкі, падобныя на цэнтры свецкай і рэлігійнай улады.

Пасля 2500 г. да н. э. Мундыгак быў пакінуты яго жыхарамі. Дакладныя прычыны гэтага не вядомы. У далейшым паўночны ўсход Гільмендскага аазіса займалі качавыя жывёлагадоўцы. Паміж 2350 г. да н. э. і 2200 г. да н. э. адбыўся заняпад Шахры-Сухтэ, хаця некаторыя яго будынкі выкарыстоўваліся пазнейшымі насельнікамі на працягу некалькіх стагоддзяў.

Лічыцца, што Гільмендская культура шчыльна звязана з Джырофцкай, што пачала фарміравацца на захад ад Гільмендскага аазіса ў 3 тысячагоддзі да н. э.

Спасылкі M. Tosi, S. Malek Shahmirzadi and M. A. Joyenda, THE BRONZE AGE IN IRAN AND AFGHANISTAN Holly Pittman, Bronze Age interaction on the Iranian Plateau E. Cortesi, M. Tosi, A. Lazzari, M. Vidale, Cultural Relationships beyond the Iranian Plateau: The Helmand Civilization, Baluchistan and the Indus Valley in the 3rd Millennium BCE Stone Sculptures from the Protohistoric Helmand Civilization, Afghanistan

Катэгорыя:Археалогія ў Афганістане Катэгорыя:Археалогія ў Іране Катэгорыя:Археалагічныя культуры Азіі Катэгорыя:Азія бронзавага веку