Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971—1990) — каталог выданняў беларускага самвыдату з 1971 па 1990 год. Укладзены Юрасем Лаўрыкам і Ларысай Андросік. Кнігу таксама дапамагалі падрыхтоўваць Алег Дзярновіч, Вацлаў Арэшка, Уладзімір Арлоў, Валер Булгакаў, Міхаіл Баразна, Гальяш Патаповіч. Выдадзены ў Мінску ў 1998 годзе тыражом 500 экзэмпляраў.

Змест Асновай каталога паслужыў збор Юрася Лаўрыка. У ім захоўваецца шмат пазацэнзурных газетаў і часопісаў, якія сістэматызавала Ларыса Андросік. Каталог уключае ў сябе ўсе пазацэнзурныя беларускія выданні, якія былі выяўленыя на 1998 год. Выданні беларускага самвыдату класіфікаваны ў кнізе па загалоўку, звесткам пра рэдакцыю, году выдання, месцу выхаду, фармату, тыражу, інфармацыі пра спосаб выдання, характарыстыцы як самога выдання, так і яго асобных нумароў. Каталог характарызуе перыёдыкі як нацыянал-дэмакратычныя, рэлігійныя, правінцыйныя, літаратурныя выданні. Пэўная ўвага даецца і заходнепалескім перыёдыкам, а таксама сатырычным выданням і «жоўтай прэсе». У кнізе прадстаўлены і выданні, якія выйшлі па-за межамі Беларусі.

Водгукі У рэцэнзіі, апублікаванай у часопісе «Беларускі гістарычны агляд», адзначаецца, што кніга падзяляе выданні на тыя, якія выйшлі ў 1971—1987 гадах і тыя, якія выйшлі ў 1988—1990 гадах. Большая колькасць выданняў 1988—1990 гадоў у параўнанні з перыёдыкамі папярэдніх гадоў тлумачыцца лібералізацыяй грамадскага жыцця ў Савецкім Саюзе.

Сяргей Шыдлоўскі ў рэцэнзіі адзначае, што выданне разбурыла яшчэ адзін міф аб тым, што гісторыя беларускага друку, вольнага ад улады, нібыта скончылася ў 1917 годзе.

Літаратура Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971—1990). Каталёг / Укладальнікі Юрась Лаўрык, Ларыса Андросік. — Менск: БГАКЦ, 1998. — 172 с. — (Архіў Найноўшае Гісторыі). — ISBN 985-6012-58-9.

Спасылкі

Катэгорыя:Кнігі 1998 года Катэгорыя:Беларускі самвыдат