Іры́на Міха́йлаўна Шумі́ліна (нар. 2 снежня 1956, Мінск) — беларуская піяністка, салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь (1992).

Біяграфія Нарадзілася ў 1956 годзе ў Мінску, у сям’і кампазітара Міхаіла Міхайлавіча Шуміліна і настаўніцы Мілюціны Ясонаўны. Скончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя Луначарскага. Вучылася ў прафесара Рыгора Ільіча Шаршэўскага, вучня піяніста Уладзіміра Сафроніцкага. Скончыла аспірантуру Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі ў класе прафесара Льва Уласенкі.

З 1982 года салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі. З 1992 года Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь. Жыве і працуе ў Мінску.

Член Беларускага саюза музычных дзеячаў з 1991 года.

Творчасць Шуміліна выконвае творы буйных музычных формаў: санат, сюіт, фантазій, фартэпіянных цыклаў, канцэртаў. Гастралюе ў Рэспубліцы Беларусь і за мяжой. Прымала ўдзел у многіх фестывалях, у тым ліку ў фестывалі сучаснай музыкі г. Дуйсбург (1991), XXII Cantiere Internationale d’Arte (Мантэпульчана, 1997), Міжнародным фестывалі імя Джаакіна Расіні (Путбус, Германія, 1998), «Нямецка-беларуская музычная восень» (Германія, 2000), «Міжнародны музычны фестываль імя Роберта Шумана» (Германія, 2002), фестывалі імя Пятра Чайкоўскага і Надзеі фон Мек (Украіна, 2005).

Працавала з многімі дырыжорамі, у тым ліку Чарльзам Ансбахерам (Charles Ansbacher), Ёргам Іверам (Jörg Iwer), Юозасам Дамаркасам, Валерыем Гергіевым, Фуатам Мансуравым, Аляксандрам Вядзернікавым, Неэмэ Ярві, П’ер-Дамінікам Панелем (Pierre-Dominique Ponnelle). Выступала з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь.

У сваёй творчасці Шуміліна надае ўвагу сваім улюбёным кампазітарам — Рахманінаў, Мусаргскі, Чайкоўскі, Пракоф’еў, Бетховен, Брамс, Шуман, Шуберт, Шапен, Ліст. Шуміліна ў 80-90-я гады сыграла важную ролю ў фартэпіяннай транскрыпцыі розных твораў.

У Беларускім цэнтры інтэлектуальнай уласнасці Шуміліна адзначана як выканаўца некалькіх зарэгістраваных музычных п’ес і песень, у тым ліку «Санеты для фартэпіяна 1 12 цыкл» і «Маятнік».

Узнагароды Лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Сігізмунда Тальберга (Неапаль, Італія, 2010). (Premio speciale Principe di Strongoli) Нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2007) Нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё музычнага мастацтва» (2007) Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь (1992) Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола (1984)

У творчасці Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч прысвяціў Шумілінай верш «Грае Ірына Шуміліна» (2005), апублікаваны ў зборніку «У ноч на Пакровы» ISBN 978-985-6852-41-4

Шумілінай прысвечана глава ў кнізе пісьменніцы Алы Сямёнавай «У святой краіне выгнання» (2011) ISBN 978-985-6976-84-4.

Катэгорыя:Лаўрэаты прэміі Ленінскага камсамола БССР Катэгорыя:Піяністы Беларусі Катэгорыя:Піяністы XX стагоддзя Катэгорыя:Выпускнікі Маскоўскай кансерваторыі Катэгорыя:Піяністы СССР Катэгорыя:Піяністы XXI стагоддзя Катэгорыя:Заслужаныя артысты Беларусі