Дом па вуліцы Першамайскай, 40 — будынак у Магілёве, размешчаны на заходнім баку плошчы Леніна, на скрыжаванні вул. Першамайскай і праспекта Міру (дом № 39). Помнік архітэктуры канца 1930-х гг.
Гісторыя Па генеральным плане ў сувязі з рашэннем аб пераносе сталіцы БССР з Мінска ў Магілёў у 1938 г. адміністрацыйна-грамадскім цэнтрам горада павінна была стаць плошча імя Леніна, размешчаная на перасячэнні асноўных дыяметраў — вул. Першамайскай і запраектаванага праспекта Міру.
Дом, пабудаваны па праекце архітэктараў В. Батоевай і В. Мураўёва, прызначаўся для пражывання служачых розных камісарыятаў і іх сем’яў і меў палепшаную планіроўку. У часы Вялікай Айчыннай вайны быў пашкоджаны. Адбудаваны ў 1950 г.
У 1980 г. у доме праведзены капітальны рамонт. Цяпер будынак выкарыстоўваецца як жылы са шматлікімі крамамі на першым паверсе.
Архітэктура Пабудаваны з цэглы дом размешчаны на заходнім баку пл. Леніна, на скрыжаванні вул. Першамайскай і пр-та Міру. Дом 5-павярховы з 7-павярховым вуглавым аб’ёмам. Вылучаецца манументальнасцю, цэласнасцю аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі. Пластыку фасадаў ствараюць глыбокія балконы-лоджыі. У дэкаратыўным вырашэнні фасадаў выкарыстаны плоскія лапаткі, падвоеныя лапаткі і шматлікія лапаткі, што акцэнтуюць вуглы, а таксама рызаліты. Паміж лапаткамі — прамавугольныя аконныя праёмы. Дэкаратыўную ролю выконвае цяга паміж пятым і шостым паверхамі. У аснове планіровачнай структуры — двухкватэрная секцыя з 4- і 5-пакаёвых кватэр.
Спасылкі
Катэгорыя:Славутасці Магілёва Катэгорыя:Плошча Леніна (Магілёў) Катэгорыя:Жылыя будынкі Беларусі Катэгорыя:Першамайская вуліца (Магілёў) Катэгорыя:Праспект Міру (Магілёў) Катэгорыя:1930-я ў Магілёве Катэгорыя:З’явіліся ў 1930-я гады