Паўль Вегенер (;  — ) — нямецкі акцёр і кінарэжысёр, адзін з заснавальнікаў кінаэкспрэсіянізму.

Нарадзіўся 11 снежня 1874 года ў Арнальдсдорфе (Усходняя Прусія, Германія) у сям’і тэкстыльнага фабрыканта Ота Вегенера і яго жонкі Ганны. У 1883—1886 гадах наведваў каталіцкую гімназію ў Расэле. У 1886—1893 гадах падчас вучобы ў гімназіі ў Кёнігсбергу разам з сябрамі арганізаваў драматычны гурток. У 1894—1895 гадах па жаданні бацькі вывучаў юрыспрудэнцыю ў Фрайбургу і Лейпцыгу, але наведваў найперш лекцыі па гісторыі мастацтва і філасофіі. Калі ён кінуў вучобу, каб канчаткова стаць акцёрам, бацька пазбавіў яго матэрыяльнай падтрымкі. З 1896 года пасля прыватных урокаў акцёрскага майстэрства быў акцёрам у правінцыі, з 1905 года — у трупе Нямецкага тэатра Макса Рэйнхарта ў Берліне. З 1913 года здымаўся ў кіно.

Шырокая вядомасць прыйшла да Вегенера з роляй у фільме «Пражскі студэнт» (ням.: Der Student von Prag: ein romantisches Drama, 1913), які ён таксама паставіў у якасці сурэжысёра.

Наступнай значнай працай стала галоўная роля ў фільме «Голем» (ням.: Der Golem, 1915). Вобраз ажыўленага магіяй глінянага балвана апынуўся настолькі арганічным для манументальнага Вегенера, што акцёр вярнуўся да яго яшчэ двойчы — у фільмах «Голем і танцорка» (Der Golem und die Tänzerin, 1917) і «Голем, як ён прыйшоў у свет» wie er in die Welt kam, 1920); апошні стаў адным з найбольш важных фільмаў нямецкага кінаэкспрэсіянізму і класічным увасабленнем знакамітага сюжэту.

У творчасці Паўля Вегенера вялікае месца займалі велічныя персанажы або нягоднікі, сыграныя ім у фільмах «Сумурун» (ням.: Sumurun, 1920), «Жонка фараона» (ням.: Das Weib des Pharao, 1922), «Лукрэцыя Борджа» (ням.: Lucrez. Borgia, 1922), «Жывыя Буды» (ням. Lebende Buddhas, 1925), «Свенгалі» (ням. Svengali, 1927), «Альраунэ» (ням. Alraune, 1928), «Рампер, чалавек-звер» (ням. Ramper, der Tiermensch, 1927) і інш.

Катэгорыя:Акцёры Германіі Катэгорыя:Кінарэжысёры Германіі Катэгорыя:Акцёры нямога кіно Катэгорыя:Рэжысёры нямога кіно