Менскае княства — удзельнае княства Полацкай зямлі.

Гісторыя Вылучаны з Полацкай зямлі да 1080-х гадоў, яшчэ пры жыцці князя Усяслава Брачыславіча, як удзел яго сына Глеба. Пасля смерці бацькі, менскі князь Глеб, пры падтрымцы ці неўмяшальніцтве свайго сваяка вялікага князя кіеўскага Святаполка, значна пашырыў межы Менскага княства — да 1116 года апроч Менска княства ўключала Друцк, Оршу, Копысь і, напэўна, іншыя землі. Пасля смерці вялікага князя Святаполка (1113) князь Глеб канфліктаваў з новым вялікім князем Уладзімірам Манамахам, у 1116 годзе спаліў уладзіміраў горад Слуцк і вывеў палон. Вялікі князь Уладзімір пайшоў да Менска і прымусіў Глеба падпарадкавацца, адняў усе ўладанні апроч Менска. Аднак Глеб не змірыўся з Уладзімірам, дакараў яго з не названых летапісам прычын, таму ў 1119 годзе Менск захапілі кіеўскія войскі, Глеб трапіў у палон і неўзабаве памёр у кіеўскай турме, Менскае княства было падпарадкавана Кіеву.

Толькі да сярэдзіны XII ст., імаверна, у 1133-1134 гадах, асобнае Менскае княства адноўлена, да 1151 года менскі сталец займаў сын Глеба — Расціслаў. У другой палове XII ст. менскія князі сапернічалі з полацкімі і друцкімі за гегемонію ў Полацкай зямлі. Сыны Глеба вярнулі ў склад Менскага княства Друцк, а таксама далучылі суседні Ізяслаўль, імаверна, разам з Лагожскам, якія, магчыма, уваходзілі ў Менскае княства яшчэ пры Глебе, але ў 1116 годзе адняты вялікім князем Уладзімірам. Некаторы час Друцк і Ізяслаўль былі Менскімі ўдзеламі, але ў 1159 годзе Глебавічы страцілі Друцк, а Ізяслаўль у 1160—1180-я гады не раз пераходзіў з рук у рукі, але ўрэшце стаў уладаннем Глебавічаў. Тым часам Менскае княства мела цесныя сувязі з літоўцамі, якія не раз выступалі на яго баку.

У сярэдзіне XII — пачатку XIII стагоддзяў уладары Менскага княства былі ад­ной з галоўных палітычных сіл сярод полацкіх Ізяславічаў, вялі актыўную знеш­нюю палітыку, не­аднаразова за­ймалі полацкі сталец — Расціслаў Глебавіч (1151—1158), Валадар Глебавіч (1166), Уладзімір Валадаравіч (каля 1184—1216)bigenc.ru.

У канцы XII ст. з Менскага княства вылучаецца Свіслацкі ўдзел, які быў асобным княствам яшчэ пэўны час па далучэнні Менскага княства да Вялікага Княства Літоўскага. Лагожскі ўдзел згадваецца ў 1186 годзе.

Менскае княства існавала яшчэ ў 1-й чвэрці XIV ст., у 1326 годзе згадваецца менскі князь Васіль, які служыў вялікаму князю літоўскаму Гедзіміну. Акалічнасці і пэўны час уваходжання Менскага княства ў ВКЛ не вызначаны, але ў 1345 годзе Менск і Лагойск ужо ўваходзіў у Віленскую палову ВКЛ, то-бок належалі вялікаму князю літоўскаму Альгерду. У 1387 годзе кароль і вялікі князь Ягайла між іншых уладанняў перадае Менск з княствам свайму брату Скіргайлу, пры гэтым згадвае служэбных князёў.

Гл. таксама Князі менскія

Зноскі

Літаратура

Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х—XIII вв. — М., 1975. Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ—ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998, — 260 с. Насевіч В. Л. Менскае княства і воласць у ХІІ — XV ст. // Беларуская даўніна. Гістарычны альманах / Пад агульнай рэд. Ю. М. Мікульскага. — Вып. 2. — Мн.: Выд. А. М. Вараксін, 2015. — С. 50—63.

Спасылкі Минское княжество // «Мегаэнциклопедия Кирилла и Мефодия» megabook.ru

Катэгорыя:Удзелы Полацкай зямлі Катэгорыя:Княствы ў беларускай гісторыі Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (862—1236)