Іван Стэфанавіч Любачка (, Магілёўскі паветМаксімюк Я., Беларуская Гімназія… або Полацкі паветГардзіенка А., Асобы і рэаліі… — , Мюрэй, штат Кентукі) — беларускі гісторык.

Біяграфія Нарадзіўся 1 мая 1915 года на Полаччыне.

У 1939 годзе скончыў матэматычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута і скіраваны на працу ў Галоўчынскую дзесяцігодку. У 1940 годзе мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны спаткаў у чыне капітана каля Брэста, адкуль адступаў да Палтаўшчыны і дзе трапіў у палон. Паводле ягоных расповедаў, быў вызвалены дзякуючы аднаму селяніну, які засведчыў, што той ягоны сын. Вярнуўся ў Галоўчын і спрабаваў аднавіць школьную працу, аднак гэта не атрымалася і ён вярнуўся да бацькоў. Працаваў у вёсцы на бацькоўскай гаспадарцы нядоўга, бо быў арыштаваны немцамі нібыта за сувязь з партызанамі, хаця адмовіўся далучыцца да іх. Праз некалькі тыдняў быў вызвалены і выправіўся сам або быў прымусова вывезены на працы ў Германію (1943). Пасля канца Другой сусветнай вайны застаўся ў Германіі, у лагерах для перамешчаных асоб працаваў настаўнікам у беларускіх школах, у гімназіі ў Гібельштаце і ў Бакнангу.

У пачатку 1950-х гадоў эміграваў у ЗША. Спачатку жыў у Нью-Джэрсі, працаваў на фабрыцы. Потым вучыўся на аддзяленні гісторыі ва Універсітэце штата Агая ў Калумбусе. Паводле іншых звестак, скончыў Калумбійскі ўніверсітэт. У 1956 годзе атрымаў амерыканскае грамадзянства. У 1964 годзе атрымаў ступень доктара гісторыі (PhD) ва Універсітэце штата Індыяна ў Блумінгтане (тэма: Беларусь пад савецкай уладай, 1917-1939), дзе працаваў цягам некалькіх гадоў. Пасля атрымаў кафедру гісторыі ў Мюрэйскім універсітэце ў Кентукі, дзе і працаваў да канца жыцця.

Аўтар многіх публікацый, у т.л. «Беларусь пад савецкай уладай, 1917—1957»Bielorussia under Soviet Rule, 1917—1957; Ivan S. Lubachko, 1972 by University Press of Kentacky. Цягам апошніх гадоў свайго жыцця працаваў над вялікай працай па гісторыі Беларусі, якую не скончыў.

18 ліпеня 1977 года падчас ранішняй лекцыі ў Івана Любачкі здарыўся сардэчны прыступ. 20 ліпеня ўжо ў шпіталі здарыўся паўторны прыступ, ад якога ён памёр. Пахаваны на каталіцкіх могілках у горадзе Мюрэй (Murray). Не меў сям’і, таму ашчаджаныя за жыццё сродкі запісаў на заснаванне стыпендыяльнага фонду падтрымання доследаў у галіне беларусазнаўства (Фонд імя І. Любачкі). Паводле тастаменту архіў мусіў быць перададзены ў Лонданскую Беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны.

Творы Belorussia under Soviet rule, 1917―1957. Lexington: The University Press of Kentucky, 1972. - 219 p.

Літаратура Максімюк Я., Беларуская Гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне, 1945—1950. Нью-Ёрк — Беласток, 1994. — 196 с. Гардзіенка А., Асобы й рэаліі // Літаратурны рух на эміграцыі / Уклад. Юрэвіч Л. — Мн: БГА, 2002. Любачка Іван Стафанавіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 182–183. Любачка Іван Стафанавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 108. Любачка Іван Стафанавіч // Памяць: Полацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: І. Б. Каросцік, Р. І. Маслоўскі, А. Л. Петрашкевіч ; уклад. С. С. Чарняўская ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 1999. – С. 642. Любачка Іван Стафанавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 4 : Кадэты–Ляшчэня. – С. 411.

Катэгорыя:Выпускнікі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Гісторыкі ЗША Катэгорыя:Постаці беларускай эміграцыі