Помнік Міхаілу Мураўёву — колішні помнік расійскаму дзяржаўнаму дзеячу графу Міхаілу Мікалаевічу Мураўёву, віленскаму генерал-губернатару і душыцелю паўстання 1863—1864 гадоў на Беларусі і Літве. Помнік быў адкрыты ў Вільні ў 1898 годзе і прастаяў да 1915 года.
Гісторыя
Задума У 1890 годзе некалькі праваслаўных віленчукоў пачалі збор подпісаў пад прашэннем да расійскіх улад пра ўсталяванне помніка Міхаілу Мураўёву ў Вільні. У лютым 1891 г. віленскі генерал-губернатар Іван Каханаў падаў адпаведны даклад міністру ўнутраных спраў Пятру Дурнаво і, атрымаўшы ў сакавіку Найвышэйшае ўхвалення, абвясціў збор сродкаў. Паспяховы збор ахвяраванняў на помнік дазволіў даволі хутка забяспечыць неабходную для будаўніцтва суму. Камітэт па ўстаноўцы помніка даручыў распрацоўку праекта мясцовым мастакам — акадэміку І. П. Трутневу і В. В. Гразнову з умовай, каб асновай помніка была статуя скульптара М. А. Чыжова, якая адлюстроўвае Мураўёва ў поўны рост. Праект манумента быў ухвалены імператарам у лютым 1896 года, пасля чаго было выбрана месца на Палацавай плошчы (пасля перайменаванай у Мураўёўскую) перад генерал-губернатарскім палацам. 3 кастрычніка 1897 г. адбылася закладка помніка.
Адкрыццё
Урачыстае адкрыццё і асвячэнне помніка адбылося 8 лістапада 1898 года. Урачыстыя малебны з нагоды адкрыцця помніка служыліся ў праваслаўных храмах ва ўсім Віленскім генерал-губернатарстве. Пра імкненне надаць акцыі маштабнасць гаворыць той факт, што камітэт па стварэнні помніка некалькі месяцаў шукаў асоб, якія служылі ў Віленскім генерал-губернатарстве пры М. Мураўёве ці ўдзельнічалі ў задушэнні паўстання. Яны разам з прадстаўнікамі сялянства ад усіх шасці падначаленых губерняў удзельнічалі ў адкрыцці помніка ў Вільні. Самую вялікую ўвагу помніку і ўсяму, што было з ім звязана, удзяляла газета «Литовские епархиальные ведомости». Праекту надавалі агульнадзяржаўнае значэнне. Ён шырока асвятляўся не толькі ў віленскай, але і ў пецярбургскай прэсе. Адна з галоўных расійскіх афіцыйных газет «Правительственный вестник» у лістападзе 1898 г. змясціла больш за 10 публікацый рознага кшталту (навіны, паведамленні, біяграфічны нарыс), прысвечаных адкрыццю помніка альбо звязаных з ім. Была нават выдадзена асобная ілюстраваная кніга, якая апавядала пра працэс стварэння помніка.
Рэакцыя Сярод часткі расійскіх інтэлектуалаў, не звязаных з Вільняй, асоба Мураўёва і дзейнасць па задушэнні паўстання працягвалі ацэньвацца крытычна. Яшчэ напярэдадні ўсталявання помніка адзін з найбольш актыўных прыхільнікаў праекта А. Уладзіміраў пісаў у 1896 г.:
Рэдакцыя санкт-пецярбургскага літаратурнага часопіса «Северный вестник» у 1897 г. у палеміцы з Львом Ціхаміравым іранізавала над яго ўзнёслай хвалебнай рыторыкай і нелагічнасцю прыведзеных аргументаў. Аднак найбольш адыёзнасці «мураўёўскай» кампаніі супрацьстаяў часопіс «Вестник Европы», які некалькі разоў выступаў з крытычнымі артыкуламі ў адрас стваральнікаў культу. Напрыклад, на выхад панегірыкаў да адкрыцця помніка ён адгукнуўся разгромным артыкулам, дзе падобную дзейнасць ацаніў глыбока негатыўна. Рыторыка ў адносінах да іх аўтараў гучала дастаткова вострая — «няўмераныя праслаўляльнікі гр. Мураўёва», «тэндэнцыйныя праслаўляльнікі» і г. д., а іх аргументы — «яўнае скажэнне ісціны», «бесцырымонныя адносіны да гістарычнай праўды», «у аднолькава хлуслівым святле выстаўляецца значэнне гр. Мураўёва як у знешняй, так і ва ўнутранай палітыцы Расіі», «тэндэнцыйныя перабольшванні», «фантасмагорыі», «паклёп», «хлусня і крывадушнасць» і да т. п. І ў цэлым ацэнка самога М. Мураўёва «Вестником Европы» была значна больш стрыманай і рэалістычнай, заснаванай на шматлікіх крыніцах. Хаця і сам часопіс за падобную пазіцыю трапляў пад крытыку, напрыклад, А. Вінаградава, сябра Камітэта па стварэнні помніка і актыўным мураўёўскім «праслаўляльнікам».
У польскамоўнай грамадскасці Вільні і ўсяго Віленскага генерал-губернатарства спроба стварэння культу Мураўёва ўвогуле выклікала супрацьлеглую рэакцыю. На адкрыццё помніка Мураўёву яна адгукнулася сабатажам і контрагітацыяй, а сам помнік ператварыўся ў аб’ект пратэстных акцый. Апісанне адной з іх пакінула беларуская грамадская дзеячка Паўліна Мядзёлка:
Напярэдадні, падчас і пасля адкрыцця помніка сярод віленчукоў распаўсюджваліся пракламацыі і адозвы «антымураўёўскага» зместуМатвейчык Дзмітрый Часлававіч. Спроба стварэння культу асобы Міхаіла Мураўёва і яе ўплыў на развіццё гістарыяграфіі паўстання 1863—1864 гг. у Беларусі (1890—1905 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. — 2018. — № 5. — С. 35-48..
Дэмантаж Помнік прастаяў да 1915 года, калі ў час Першай сусветнай вайны Вільня была ўзята нямецкімі войскамі. Паводле адной з версій, як і помнік Кацярыне II, ён быў эвакуіраваныІнфармацыйны партал фонду «Русский мир», паводле іншай — застаўся ў горадзе і польскія ўлады пасля ўчынілі з яго найбольш магчымы здзек — пабудавалі грамадскія гарадскія прыбіральніФ. Аскидов. «За вашу и нашу свободу!» Хроника борьбы за независимость [Польши]. Родина (журнал) № 12 — 1994, стр. 75.
Кампазіцыя
Падножжа бронзавай статуі складаў высокі чатырохвугольны гранітны пастамент, на пярэднім боку якога быў прымацаваны радавы герб Мураўёвых з дэвізам «Не посрамим земли Русской» (). Пад гербам быў надпіс: «Граф М. Н. Муравьев 1863—1865» (). На правым боку пастамента была нанесена дата нараджэння, на левым — дата смерці графа. На заднім боку размяшчалася карта Паўночна-Заходняга края.
Статуя адлюстроўвала Мураўёва ва ўвесь рост, у генеральскім сурдуце і непакрытай галавой. Граф абапіраўся правай рукой на кій, з якім праз атрыманае ў бітве пад Барадзіным раненне нагі ніколі не раставаўся. Левая рука ляжала на эфесе шаблі. Помнік удала перадаваў усе характэрныя абрысы фігуры і рысы твару Мураўёва. Помнік быў абнесены жалезнай рашоткай, вакол якой па кутах стаялі чатыры кандэлябры.
Гл. таксама Помнік Кацярыне II (Вільня)
Спасылкі
Помнік Міхаілу Мураўёву ў Вільні у блогу Szhaman.livejournal.com Памяці графа Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва (Да дня адкрыцця яму помніка ў г. Вільна 8 лістапада 1898 г.) у Вікікрыніцах
Катэгорыя:1898 год у Вільні Мураўёў Мураўёў Міхаіл Катэгорыя:З’явіліся ў 1898 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1915 годзе Мураўёў Катэгорыя:Помнікі Вільні