Дом Ліўшыца — будынак у гістарычным цэнтры Магілёва, размешчаны па Камуністычным завулку, 6.

Гісторыя Пабудаваны на Пішчыкавым завулку ў канцы XIX ст. як жылы даходны дом. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў ім размяшчаліся мэбляваныя пакоі. Дом належаў Ліўшыцу. У 1918—1924 гг. не выкарыстоўваўся, значыўся як нежылы і безнаглядны.

Нацыяналізаваны і ўзяты на ўлік Гарадскім жыллёвым камітэтам у 1924 г. Першапачаткова, па звестках на 1924 г., на першым паверсе мелася 9 пакояў, 14 дзвярэй, 14 вокнаў, на другім паверсе — 2 пакоі, 18 вокнаў, 10 дзвярэй, падлога драўляная. Адна руская, тры галандскія печкі і адна печка невызначаных канструкцыі і вытворчасці.

Ацэначны кошт дома на 1924 г. складаў 4 675 руб., знос складаў 60 %. У двары знаходзілася гаспадарчая пабудова. З 1925 г. здадзены ў арэнду членам Саюза будаўнікоў Ісаку Лэйзеру, Арону Волу і Лэйбу Фарберу. З 1928 г. будынак перададзены Магілёўскаму акружному Савету працоўных калектываў абутнікоў пад жыллё і адрамантаваны ў 1928—1929 гг.

У 1941—1944 гг. падчас Вялікай Айчыннай вайны будынак пашкоджаны. Адноўлены ў канцы 1940-х гг. і выкарыстоўваўся Гаржылкамунгасам як камунальнае жытло.

Пасля адсялення жыхароў у апошняй чвэрці XX ст. у будынку ў 2012 г. праведзены капітальны рамонт з рэстаўрацыяй. Уласнікам з’яўляецца ТАА «Віталтрэйд Компані». Тут размяшчаліся жылыя і адміністрацыйна-гаспадарчыя аб’екты: навучальны корпус Магілёўскага музычнага вучылішча, Магілёўскі абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, ТДА «Спектр», Цэнтр культуры і мастацтва Магілёўскай вобласці.

Архітэктура

Помнік жылой архітэктуры. Двухпавярховы мураваны будынак, сіметрычны, прамавугольны ў плане, з высокім цокальным паверхам і сутарэннямі. Маюцца цокальныя вокны. Дах двухсхільны. Гладкія, атынкаваныя сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі без абрамлення, аздоблены падаконнымі цягамі. Паверхі падзелены прафіляваным гзымсавым паяском, на другім паверсе — прафіляваны гзымс.

З левага тарца сцены з аднаго боку ўмацаваныя магутным контрфорсам. З бакоў тарцовых фасадаў у 1980-х гг. зроблены прыбудовы. Прыбудова з левага боку мае выгляд рызаліту з фігурным франтонам, у ёй размешчаны галоўны ўваход з лесвіцай і ганкам. Да супрацьлеглага тарца прыбудаваны гараж. Планіроўка паверхаў калідорнага тыпу.

Спасылкі

Катэгорыя:Камуністычны завулак (Магілёў) Катэгорыя:Славутасці Магілёва Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Магілёва Катэгорыя:XIX стагоддзе ў Магілёве