Нікалас Мас (; ахрышчаны ў студзені ,  — пахаваны 24 лістапада , ) — галандскі мастак, знакаміты сваімі партрэтамі і жанравым жывапісам. Быў вучнем Рэмбранта, вярнуўся да працы ў сваім родным горадзе Дордрэхце на 20 гадоў. У канцы сваёй кар’еры вярнуўся ў Амстэрдам, дзе стаў вядучым мастаком-партрэтыстам свайго часу. Мас унёс свой уклад у развіццё жанравага жывапісу ў Нідэрландах і быў самым выдатным партрэтыстам, які працаваў у Амстэрдаме апошнія тры дзесяцігоддзі XVII стагоддзя.

Біяграфія і творчасць Нарадзіўся ў сям’і багатага купца Герыта Маса і Іды Херман. Пачаў вучыцца жывапісу ў Дордрэхце. Каля 1648 года прыехаў у Амстэрдам і паступіў вучнем у майстэрню Рэмбранта, дзе заставаўся да 1653 года. Яго раннія палотны, якія паказваюць жанравыя сцэны ў цёмна-чырвоных танах, настолькі нагадваюць карціны Рэмбранта таго ж часу, што ў некалькіх выпадках працы Маса ў розных музеях былі прыпісаны Рэмбранту.

У 1653 годзе Нікалас Мас вярнуўся ў Дордрэхт і адкрыў уласную майстэрню. Вяршыняй яго творчасці лічыцца перыяд з 1655 па 1665 год, калі ён у асноўным маляваў жанравыя сцэны, якія адбываюцца ў прахадных пакоях з вокнамі. Гэты аспект яго творчасці паўплываў на мастакоў дэлфцкай школы, асабліва Яна Вермера і Пітэра дэ Хоха, для якіх інтэр’еры з бакавым святлом з вокнаў зрабіліся асноўным матывам творчасці. Любімым сюжэтам твораў Маса гэтага перыяду былі жанчыны, якія чытаюць або моляцца, ці спячыя старыя.

Паміж 1665 і 1667 годам Мас наведаў Антверпен і, магчыма, нават некаторы час жыў там. Затым ён вярнуўся ў Дордрэхт, а ў 1673 годзе пераехаў у Амстэрдам, дзе і жыў да самай смерці. У 1660-я гады ён адышоў ад стылю Рэмбранта і пачаў пісаць партрэты ў яркіх танах, бліжэй да стылю ван Дэйка, якія мелі вялікі поспех.

Катэгорыя:Мастакі Нідэрландаў XVII стагоддзя Катэгорыя:Мастакі барока Катэгорыя:Мастакі-жанрысты Нідэрландаў Катэгорыя:Мастакі-партрэтысты Нідэрландаў