Уільям Ста́йран (, 11 чэрвеня 1925 — 1 лістапада 2006) — амерыканскі пісьменнік і публіцыст. Лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі 1968 года. Член Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук, Амерыканскай акадэміі мастацтваў і літаратуры.
Біяграфія Нарадзіўся ў горадзе Ньюпарт-Ньюс (штат Вірджынія, ЗША). Скончыў Дэвідсан-каледж у Дарэме (Паўночная Караліна). У 1943—1945 гадах служыў у марской пяхоце ЗША на Ціхім акіяне. У 1947 годзе скончыў Універсітэт Дзьюка і атрымаў ступень бакалаўра мастацтваў па англійскай мове.
У 1950-х гадах быў у складзе супольнасці амерыканскіх эмігрантаў у Парыжы. У 1953 годзе стаў рэдактарам-кансультантам часопіса Paris Review.
Памёр ад пнеўманіі на востраве Мартас-Він’ярд (штат Масачусетс).
Творчасць Дэбютаваў у друку як пісьменнік у 1945 годзе. На яго творчасць паўплывалі Уільям Фолкнер і экзістэнцыялісты (раман «І падпаліў гэты дом», 1960). У 1967 годзе выйшаў гістарычны раман «Прызнанні Ната Тэрнера». Сярод твораў Уільяма Стайрана маральна-філасофскі раман «Выбар Сафі» (1979), аповесці «Знікаю ў цемры» (1951), «Доўгі марш» (1952), зборнікі эсэ і публіцыстыкі.
Раман «Прызнанні Ната Тэрнера» (The Confessions of Nat Turner) прынёс пісьменніку Пулітцэраўскую прэмію і выклікаў шматлікія дыскусіі. У аснову рамана пакладзеныя падзеі паўстання амерыканскіх чарнаскурых рабоў пад правадырствам баптысцкага прапаведніка Ната Тэрнера ў 1831 годзе. Перадсмяротную споведзь Тэрнера, выступ якога прывёў да смерці прыкладна 50 белых мужчын, жанчын і дзяцей, запісаў яго адвакат Томас Грэй. Галоўны герой рамана паказваўся рэлігійным фанатыкам, якога пераследуюць фантазіі пра гвалт над 18-гадовай белай дзяўчынай Маргарэт. Забіўшы яе, Тэрнер пачынае сумнявацца ў сваёй рацыі. Пасля выхаду кнігі чарнаскурыя пісьменнікі раскрытыкавалі яго, абвінаваціўшы аўтара ў расізме і ігнараванні гістарычных фактаў. Неадназначную рэакцыю сярод габрэяў выклікаў наступны буйны раман Стайрана — «Выбар Сафі» (Sophie’s Choice), у якім расказваецца гісторыя полькі, якая перажыла нацысцкі канцлагер Асвенцім. Яе каханак Натан абвінавачвае гераіню ў тым, што яна засталася жывая. У 1983 годзе раман быў экранізаваны, і акторка Мэрыл Стрып атрымала «Оскара» за ролю Сафі.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Наринская А. Умер Уильям Стайрон // Коммерсантъ, № 207 (3538) 03.11.2006.
Катэгорыя:Пісьменнікі ЗША XX стагоддзя Катэгорыя:Публіцысты ЗША Катэгорыя:Лаўрэаты Пулітцэраўскай прэміі Катэгорыя:Памерлі ад пнеўманіі