Камуністычная партыя Савецкага Саюза (КПСС) () — палітычная арганізацыя, якая з кастрычніка 1917 была кіруючай у РСФСР, з 1922 да лістапада 1991 — у СССР. Яе тэарэтычная аснова — марксізм-ленінізм. На працягу большай часткі гісторыі СССР — адзіная партыя, вядучая палітычная сіла савецкага грамадства.

Назвы На працягу сваёй шматгадовай дзейнасці у Расійскай імперыі и Савецкім Саюзе партыя мела розные назвы: Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя—РСДРП—1898—1917Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (бальшавікоў)—РСДРП(б)—1917—1918Расійская камуністычная партыя (бальшавікоў)—РКП(б)—1918—1925Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў)—УКП(б)—1925—1952Камуністычная партыя Савецкага Саюза—КПСС—1952—1991

Бальшавікі ў РСДРП Фармальна КПСС бярэ пачатак з I з’езда РСДРП (1-3(13-15).3.1898, Мінск), фактычна — з узнікнення бальшавіцкай плыні ў РСДРП на II яе з’ездзе (17(30).7 — 10(23).8.1893, Брусель — Лондан). Арганізатар і тэарэтык партыі У. Ленін слова «бальшавік» лічыў недарэчным, бяссэнсавым, якое выпадкова склалася на II з’ездзе РСДРП пры галасаванні за склад ЦК. Аднак у гэтым слове сканцэнтравалася сутнасць таго марксізму, які аказаўся прымальным ва ўмовах Расіі. Ён стаў асаблівай якасцю, нормай мыслення, кодэксам паводзін, спосабам ажыццяўлення марксізму, што вызначыла крайнюю цэнтралізацыю, радыкальныя формы рэвалюцыйнай барацьбы.Бажэнаў 1995 Арганізацыйна бальшавіцкая партыя аформілася на VI (Пражскай) Усерасійскай канферэнцыі РСДРП (5-17(18-30).1.1912). Поўнасцю і канчаткова выйшла з сумесных з меншавікамі арганізацый РСДРП напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917.

Першая Праграма партыі, прынятая на II з’ездзе РСДРП, складалася з праграмы-мінімум і праграмы-максімум, якія вызначалі буржуазна-дэмакратычны і сацыялістычны этапы рэвалюцыйнай барацьбы: звяржэнне самадзяржаўя, перарастанне буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў сацыялістычную пабудова сацыялістычнага грамадства — першай ступені камуністычнай сацыяльна-эканамічнай фармацыі.

У перыяд рэвалюцыі 1905—07 бальшавікі выступалі за гегемонію ў ёй пралетарыяту, за ўзброенае паўстанне і ўзбраенне народа. III з’езд РСДРП (1905, Лондан) ахарактарызаваў гэту рэвалюцыю як буржуазна-дэмакратычную, у якой галоўнай рэвалюцыйнай сілай і гегемонам з’яўляецца рабочы клас, а яго саюзнікам — сялянства. Мэта рэвалюцыі — барацьба за дэмакратычную рэспубліку з магчымым перарастаннем буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў сацыялістычную шляхам узброенага паўстання. Кіруючым органам паўстання павінен быў стаць часовы рэвалюцыйны ўрад, здольны склікаць Устаноўчы сход. Ранейшыя раўнапраўныя і незалежныя цэнтры кіраўніцтва партыі — Цэнтральны камітэт (ЦК) і Цэнтральны орган (ЦО, напачатку газета «Искра»), а таксама Савет партыі, які ўзгадняў іх работу, — былі скасаваны. Паводле новага Статута выбраны адзін кіруючы цэнтр — ЦК партыі, які дзейнічаў за мяжой. Меншавікі не ўдзельнічалі ў з’ездзе, правялі ў гэты час у Жэневе сваю канферэнцыю і выбралі кіруючы орган — арганізацыйны камітэт. На тэрыторыі Расіі партыйную работу арганізоўвала Рускае бюро ЦК РСДРП. У Самары дзейнічала Усходняе бюро ЦК РСДРП. Цэнтральным органам партыі стала газета «Пролетарий». Бальшавікі актыўна падтрымлівалі створаныя ў ходзе рэвалюцыі 1905—07 Саветы рабочых і Саветы салдацкіх дэпутатаў, выступалі за ператварэнне іх у органы ўзброенага паўстання, зародак новай рэвалюцыйнай улады. Калі ўзброенае паўстанне ў снежні 1905 пацярпела паражэнне, многія бальшавіцкія арганізацыі былі разгромлены. Як і ў 1-ю Дзяржаўную думу, бальшавікі ў пач. 1906 байкатавалі выбары ў т.зв. Булыгінскую думу, што пазней прызналі памылкай.

IV (Аб’яднаўчы) з’езд РСДРП (1906, Стакгольм) прыняў меншавіцкую аграрную праграму муніцыпалізацыі (захаванне прыватнай уласнасці на надзельныя землі сялян і перадача памешчыцкіх зямель ва ўласнасць муніцыпалітэтаў — органаў мясцовага самакіравання ці земстваў). З’езд адмовіўся ад байкоту чарговых выбараў у Дзяржаўную думу, зацвердзіў новы Статут партыі, у аснову якога пакладзены прынцып дэмакратычнага цэнтралізму. У ЦК былі выбраны 3 бальшавікі і 7 меншавікоў. Фармальнае аб’яднанне на з’ездзе меншавікоў і бальшавікоў не спыніла паміж імі вострай ідэйнай і палітычнай барацьбы. Восенню 1906 бальшавікі стварылі Часовае бюро ваенных і баявых арганізацый для ўзбраення і абучэння баявых дружын партыі.

У 1-й Дзяржаўнай думе была ўтворана сацыяльна-дэмакратычная фракцыя з 18 чалавек, якая дзейнічала пад кіраўніцтвам і кантролем партыі. У 2-й Дзяржаўнай думе сацыял-дэмакратычная фракцыя налічвала 65 дэпутатаў.

V з’езд РСДРП (1907, Лондан) прыняў бальшавіцкую рэзалюцыю аб Дзяржаўнай думе, чым асудзіў думскую тактыку меншавікоў, якія выступалі за парламенцкія формы барацьбы ў саюзе з іншымі партыямі. Свой удзел у Думе бальшавікі разумелі як адну з формаў работы па выхаванні рэвалюцыйнай самасвядомасці народа, прапаганды рэвалюцыйных лозунгаў партыі, выкрыцця царскага ўрада і палітыкі лібералізму. Парламенцкія выбары бальшавікі расцэньвалі як праяўленне буржуазнага парламентарызму, скіраванае супраць працоўных, і не лічылі іх спосабам фарміравання дзяржаўнай улады. Па-задумская барацьба заставалася для бальшавікоў асноўнай. На з’ездзе канчаткова былі ліквідаваны 2 цэнтры — ЦК і ЦО. Новы Статут партыі прадугледжваў выбары на з’ездзе толькі ЦК; рэдакцыя ЦО перадавалася ў падпарадкаванне ЦК. 3 12 членаў ЦК было 5 бальшавікоў. Пасля з’езда бальшавікі на сваёй нарадзе стварылі Бальшавіцкі цэнтр на чале з У. Леніным. Ролю кіруючага цэнтра РСДРП у Расіі працягвала выконваць Рускае бюро ЦК РСДРП, праз якое бальшавіцкі цэнтр шляхам канспіратыўнай перапіскі наладжваў сувязі з партыйнымі арганізацыямі, кіраваў іх работай. Бальшавіцкі цэнтр выпускаў газету «Пролетарий» (1906-09).

У 1907-10 у РСДРП існавалі 2 плыні — ліквідатарства і адзавізм. Ліквідатары патрабавалі толькі легальнай работы сацыял-дэмакратаў у асноўным у Думе, адзавісты выступалі за байкот Думы, адмову ад выкарыстання легальных сродкаў, за перанос усёй работы ў нелегальную сферу. Бальшавікі вялі барацьбу з абедзвюма плынямі.

У жніўні 1908 у Жэневе пленум ЦК паралельна з Рускім бюро ЦК РСДРП зацвердзіў Загранічнае бюро ЦК. У 3-ю Дзяржаўную думу былі выбраны 4 бальшавікі і 15 меншавікоў. У канцы 1910 бальшавікі разам з меншавікамі-партыйцамі наладзілі выпуск у Расіі легальнай газеты «Звезда». У 1911 бальшавікі пачалі выдаваць легальныя марксісцкія часопісы «Просвещение» (Пецярбург), «Современная жизнь» (Баку) і інш. Вясной 1911 у мяст. Ланжумо пад Парыжам была створана партыйная школа, ідэйным кіраўніком і вядучым лектарам якой быў У. Ленін. У студзені 1910 была створана калегія з членаў ЦК у Расіі, якая карысталася ўсімі правамі ЦК РСДРП. Паколькі большасць у ЗБЦК была за ліквідатарамі і трацкістамі і гэта актыўна выкарыстоўвалася імі ў сваіх інтарэсах, прадстаўнік бальшавікоў у ЗБЦК М. Сямашка 14(17).5.1911 афіцыйна заявіў аб сваім выхадзе з гэтага бюро. У маі 1911 яно практычна распалася.

На VI Усерасійскай канферэнцыі РСДРП (1912, Прага) У. Ленін зрабіў вывад, што «дзве партыі ў нас — факт, наяўнасць іх выцякае з усёй сукупнасці рускай рэчаіснасці». Канферэнцыя давяла да канца разрыў з меншавікамі. Выказалася за ўдзел у выбарчых кампаніях, вылучэнне самастойных кандыдатаў і ўтварэнне ў Думе самастойнай сацыял-дэмакратычнай фракцыі. Агульная тактычная лінія партыі на выбарах была вызначана ў рэзалюцыі як бязлітасная барацьба супраць царскай манархіі і буржуазна-памешчыцкіх партый, якія яе падтрымлівалі, няўхільнае выкрыццё буржуазных лібералаў на чале з партыяй кадэтаў. Галоўная ўвага аддавалася задачы аднаўлення нелегальных арганізацый, а таксама іх нелегальных кіруючых рэгіянальных цэнтраў. У рэзалюцыі «Аб характары і арганізацыйных формах партыйнай работы» адзначалася, што ліквідатары і адзавісты канчаткова паставілі сябе па-за партыяй; такім чынам, было адноўлена адзінства партыі. Канферэнцыя аб’явіла афіцыйным органам ЦК «Рабочую газету». Выбраны ЦК (працаваў за мяжой), Рускае бюро ЦК, рэдкалегія Цэнтральнага органа партыі газеты «Социал-демократ» на чале з У. Леніным. Ён разам з Г. Пляханавым быў зноў выбраны прадстаўніком РСДРП у Міжнародным сацыялістычным бюро. Ліквідатары, трацкісты, бундаўцы выступілі супраць рашэнняў канферэнцыі і абвінавацілі бальшавікоў ва ўзурпацыі, перавароце ў партыі, заклікалі мясцовыя партыйныя арганізацыі не падпарадкоўвацца рашэнням канферэнцыі. Да мая 1912 амаль усіх работнікаў Рускага бюро ЦК РСДРП царскія ўлады арыштавалі. 22.4(5.5).1912 выйшаў 1-ы нумар бальшавіцкай газеты «Правда». Восенню 1912 на выбарах у 4-ю Дзяржаўную думу выбрана 5 бальшавікоў.

Кракаўская і Паронінская (1913, Польшча) нарады РСДРП вызначылі тактыку партыі ў існуючых умовах. На думку бальшавікоў, Расія ўступіла ў паласу нарастання новай рэвалюцыі. Умацоўвалася сувязь ЦК з дэпутатамі-бальшавікамі ў Дзяржаўнай думе, рос уплыў бальшавіцкага друку. У перадваенныя часы пракацілася хваля арыштаў бальшавікоў, закрыта газета «Правда». Гэта было адказам царскага ўрада на актыўную дзейнасць бальшавікоў у ходзе новага рэвалюцыйнага ўздыму летам 1914.

3 пачаткам І сусветнай вайны (19.7(1.8).1914) у тэзісах аб вайне, апублікаваных у лістападзе 1914, бальшавікі заявілі пра неабходнасць дамагацца ўсімі мерамі спынення вайны і затым ажыццяўлення сацыялістычнай рэвалюцыі шляхам узброенай барацьбы супраць уласнага ўрада. Яны выказаліся за разрыў з партыямі II Сацыялістычнага Інтэрнацыянала, якія галасавалі за ваенныя крэдыты сваім урадам. Сусветная вайна была ахарактарызавана як імперыялістычная, як барацьба паміж германа-аўстрыйскім блокам і Антантай за падзел калоній, як імкненне царызму і правячых класаў Расіі да захопу Персіі, Манголіі, Турцыі, Галіцыі і інш. Бальшавікі заклікалі да ператварэння імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую, да дэмакратычнай рэвалюцыі ў Расіі. 3 закліку ператварэння вайны імперыялістычнай у грамадзянскую вынікаў іншы тактычны лозунг — паражэнне свайго ўрада ў вайне. У жніўні 1915 замест марксісцкага палажэння аб адначасовай перамозе сацыялізму ва ўсіх ці ў большасці капіталістычных краін У. Ленін высунуў новае палажэнне, паводле якога «магчыма перамога сацыялізму першапачаткова ў нямногіх або нават у адной, асобна ўзятай, капіталістычнай краіне». Да пач. 1916 склаліся 3 кірункі рускай сацыялістычнай думкі: «яўныя паражэнцы» (сацыял-дэмакраты ленінцы) выступалі за паражэнне Расіі ў гэтай вайне і ператварэнне яе ў грамадзянскую вайну супраць існуючага ў Расіі ўрада; «скрытыя паражэнцы» (бальшавікі і меншавікі-інтэрнацыяналісты), якія патрабавалі заключэння міру без анексій і кантрыбуцый; «абаронцы — пляханаўцы» (частка меншавікоў і бальшавікоў), якія прызнавалі неабходнасць абароны сваёй айчыны ад нападу знешніх ворагаў і садзеянне перамозе Расіі над імі.

У рэвалюцыйны час