Партызанская брыгада імя Г. К. Жукава — партызанская брыгада, створаная ў сакавіку 1943 года. Дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Стаўбцоўскага і Мірскага раёнаў. 10 ліпеня 1944 года брыгада (732 партызаны, 5 атрадаў) злучылася з Чырвонай Арміяй.

Склад Брыгада была створана на базе атрадаў «Камсамольскі» (пазней 1-ы камсамольскі), імя Сарокіна (арганізаваны ў кастрычніку 1942 года на базе дыверсійнай групы М. А. Сарокіна), «Франтавікоў» (арганізаваны ў лютым 1943 года) і групы Д. П. Шаркевіча («Данілы»). У снежні 1943 года для фарміравання брыгады «Камсамолец» былі вылучаны 1-ы і 2-гі камсамольскія атрады, атрад імя Калініна і зноў арганізаваны атрад «Сокал».

На момант злучэння брыгады з Чырвонай Арміяй у яе склад уваходзілі: атрад імя Суворава; атрад імя Воранава; атрад імя Ракасоўскага; атрад «Мсцівец»; атрад «25 гадоў ВЛКСМ».

Камандаванне Камандзіры С. С. Ключко; М. Ц. Маскалёў; Р. Л. Васілевіч.

Камісары С. С. Самусевіч; У. З. Царук; А. З. Гайсараў.

Начальнікі штаба К. А. Афанасевіч; І. І. Пракоф'еў; В. Я. Шахроў; Я. І. Кайдалаў; В. І. Бажэнка.

Гісторыя Вясной і летам 1943 года партызаны правялі 10 баёў, разбілі нямецкія гарнізоны ў вёсках Ярэмічы Мірскага і Дудкі Стаўбцоўскага раёнаў. У кастрычніку — лістападзе на чыгуначных участках Мінск — Баранавічы, Ліда — Маладзечна падарвалі 3 эшалоны, 180 рэек. У лютым 1944 года падарвалі 9 эшалонаў, мост, пашкодзілі механічныя майстэрні ў дэпо станцыі Мінск. У сакавіку (з брыгадай «Камсамолец») разбілі нямецкі гарнізон у гарадскім пасёлку Мір. У чэрвені — ліпені разбурылі пераправу цераз раку Сула, у баях захапілі 5 аўтамашын, кулямёт, 100 вінтовак, абоз, удзельнічалі ў «рэйкавай вайне» на чыгуначным участку Негарэлае — Коласава.

Памяць У 1979 годзе ў вёсцы Ярэмічы Карэліцкага раёна ў гонар брыгады была пастаўлена стэла.

Гл. таксама Мірскі бой

Літаратура

Катэгорыя:Савецкія партызанскія злучэнні, брыгады і атрады на акупіраванай тэрыторыі Беларусі (1941—1944) Катэгорыя:З’явіліся ў 1943 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1944 годзе