Фёдар Рыгоравіч Фадзееў (нар. , в. Новая Мікалаеўка, Палтаўскі раён, Уральская вобласць) — ганаровы чыгуначнік, Герой Сацыялістычнай Працы (1959).

Біяграфія Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ўральскіх казакоў. Яшчэ падлеткам вырашыў стаць чыгуначнікам, паехаў вучыцца ў чыгуначнае вучылішча. 12 чэрвеня 1943 года ён стаў памочнікам машыніста паравоза Ташкенцкай чыгункі.

У жніўні 1944 года ў складзе паравозных брыгад прыбыў у вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Брэст, удзельнічаў у аднаўленні чыгункі, разбуранай вайной, перавозках ваенных грузаў для фронту.

З 1945 года працаваў брыгадзірам лакаматыўнага дэпо станцыі Брэст, машыністам цеплавоза, з 1974 года — машыністам-інструктарам лакаматыўных брыгад. З’яўляўся адным з першых ініцыятараў ваджэння цяжкавагавых цягнікоў на Беларускай чыгунцы.

Быў дэлегатам ХХV з’зда КПБ, ХХІ з’езда КПСС.

У 1962—1965 гадах вучыўся завочна ў Брэсцкім чыгуначным тэхнікуме па спецыяльнасці «Цеплавозная гаспадарка». З 1965 года перавялі ў пасажырскі рух, вадзіў цягнікі на Кіеў, Бранск, Лунінец, Гомель. Працоўны стаж у Брэсцкім дэпо — 52 гады, з якіх 14 гадоў ён быў машыністам манеўранага цеплавоза на станцыі Брэст-Усходні.

У Брэсцкім музеі чыгуначнай тэхнікі сярод экспанатаў знаходзіцца паравоз серыі Эр-17-750-01, выпушчаны ў 1943 годзе на Каломенскім машынабудаўнічым заводзе. На гэтым паравозе старшым машыністам працаваў Ф. Р. Фадзееў.

Узнагароды Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны ІІ ступені, Ганаровай граматай ЦК ЛКСМБ. 1 жніўня 1959 года было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Літаратура Фадеев Фёдор Григорьевич // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биогр. справочник / сост. И. Н. Кулан [и др.]. Минск, 2014. С. 223.

Фадзееў Фёдар Рыгоравіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 619.

Катэгорыя:Выпускнікі Брэсцкага дзяржаўнага каледжа чыгуначнага транспарту Катэгорыя:Ганаровыя чыгуначнікі Катэгорыя:Чыгуначнікі Беларусі Катэгорыя:Дэлегаты XXI з’езда КПСС Катэгорыя:Чыгуначнікі СССР