Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А. Я. Кляшчова — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў г. Пінск Брэсцкай вобласці, размешчанная па адрасе вул. Іркуцка-Пінскай дывізіі, 25.
Гісторыя Пасля Вялікай Айчыннай вайны востра адчуваўся недахоп кваліфікаваных кадраў у сельскай гаспадарцы. Пастановай Савета Міністраў БССР № 1659 ад 29 жніўня 1946 года быў створаны Пінскі сельскагаспадарчы тэхнікум Міністэрства земляробства БССР. Загадам па Міністэрству земляробства СССР № 810 ад 14 кастрычніка 1946 года замест сельскагаспадарчага тэхнікума быў арганізаваны Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум.
Прыём навучэнцаў у тэхнікум у 1946 годзе быў усталяваны ў колькасці 120 чалавек па гідратэхнічнай, аграмеліярацыйнай і торфмейстарскай спецыяльнасцях. Узначаліў установу дырэктар Арцём Мінаевіч Дамаркаў.
У 1961 годзе адкрыты новыя спецыяльнасці: «Механізацыя меліярацыйных і водагаспадарчых работ», «Землеўпарадкаванне».
Савет Міністраў БССР пастановай № 122 ад 17 красавіка 1970 года прысвоіў тэхнікуму імя Героя Савецкага Саюза Аляксея Яфімавіча Кляшчова (1905—1968).
За вялікую працу па стварэнні вучэбна-матэрыяльнай базы, падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў тэхнікум у 1971 годзе узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У гэтым жа годзе была адкрыта спецыяльнасць «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». У 1991 годзе была адкрыта спецыяльнасць «Будаўніцтва аўтамабільных дарог і транспартных аб’ектаў».
Загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь № 253 ад 10 ліпеня 2002 года да ўстановы адукацыі «Пінскі дзяржаўны гідрамеліярацыйны тэхнікум імя А. Я. Кляшчова» далучана ўстанова адукацыі «Пінскі навучальны цэнтр Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання». Загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь № 168 ад 28 мая 2003 года перайменаваны ва ўстанову адукацыі «Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А. Я. Кляшчова».
Для падрыхтоўкі спецыялістаў каледж валодае сучаснай вучэбна-матэрыяльнай базай: тры навучальныя корпусы, вучэбна-вытворчыя майстэрні, навучальны палігон для правядзення практычнага навучання на трактарах, аўтамабілях, будаўніча-меліярацыйных машынах і правядзення вучэбнай практыкі, два добраўпарадкаваныя інтэрнаты.
Дырэктары Іван Мікалаевіч Лапіцкі (1951—1966) Васіль Фядосавіч Пастухоў (1966—?) Васіль Майсеевіч Гарошка (1997—2005) Мікалай Іванавіч Князюк (2005—2011) Васіль Васільевіч Прытульчык (2012—2018) Ігар Міхайлавіч Колб (з 2020)
Літаратура
Пинский аграрно-технический колледж имени А. Е. Клещёва // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 67. Пинский государственный аграрно-технический колледж имени А. Е. Клещёва // Регионы Беларуси : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 217. Гісторыя Пінска. Ад старажытнасці да сучаснасці : да 915-й гадавіны з першага летапіснага ўпамінання / А. М. Літвін [і інш.]. Мінск : Вышэйшая школа, 2012. — 711 с. — Пінскі аграрна-тэхнічны каледж імя А. Я. Кляшчова. С. 226—559, 610—614, 681—688.
Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Пінска Катэгорыя:1946 год у Беларусі Катэгорыя:Каледжы Беларусі Катэгорыя:Вуліца Іркуцка-Пінскай дывізіі (Пінск)