Ваўчо́ — возера ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 1,5 км на ўсход ад Ушачаў, каля вёскі Ціханяты ў басейне ракі Крашанка, якая выцякае з возера.
Плошча паверхні Ваўча складае 0,38 км². Найбольшая глыбіня возера — 4,2 м. Даўжыня возера — 1,28 км, найбольшая шырыня — 0,47 км. Даўжыня берагавой лініі — 3,28 км. Аб'ём вады ў возеры складае 1,02 млн. м³, плошча вадазбору возера — 78,4 км². Катлавіна возера лагчыннага тыпу, выцягнутая з поўначы на поўдзень. Схілы катлавіны маюць вышыню 5—17 м, пераважна разараныя. На паўднёвым усходзе схілы парослыя лесам. На поўначы і поўдні схілы невыразныя. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі возера вышынёй да 0,3 м, пясчаныя, на пэўных участках знаходзяцца пад хмызняком. На поўначы і поўдні забалочаная пойма возера шырынёй да 150 метраў. Падводная частка катлавіны карытападобнай формы. Мелкаводная зона вузкая і займае каля 14 % плошчы возера. Дно вадаёма ўздоўж берагоў пясчанае, на большых глыбінях — высланае высакапопельным гліністым глеем. Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасць складае 5—15 м, расліннасць пашыраная да глыбіні 1,8—2,5 м. Возера эўтрофнае, праточнае. На поўдні ў Ваўчо ўпадаюць ручаі з азёр Вечалле і Дземінец.
У возеры водзяцца шчупак, лешч, акунь, карась, плотка і іншыя віды рыб.
На ўсходнім беразе возера знаходзіцца гасцявы дом "Ціханяты".
Літаратура Блакітная кніга Беларусі. — Мн.:БелЭн, 1994.
Спасылкі Возера Ваўчо
Катэгорыя:Азёры Віцебскай вобласці Катэгорыя:Азёры Ушацкага раёна