Наступленне на Астурыю () — ваенная аперацыя войскаў нацыяналістаў у верасні—кастрычніку 1937 года падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі, якая паклала канец рэспубліканскаму супраціву на поўначы краіны.

Сітуацыя Пасля паражэнняў рэспубліканцаў у Більбаа і Сантандэры тэрыторыя Рэспубліцы на ўзбярэжжы Біскайскага заліва, якую бакі называлі Паўночным фронтам, ператварылася ў анклаў.

Падзенне Сантандэра 26 жніўня 1937 года засяродзіла ўсе рэспубліканскія войскі ў Астурыі, рэгіёне, найбольш аддаленым ад астатняй Рэспубліканскай Іспаніі. Галоўнай рэспубліканскай сілай тут быў XVII армейскі корпус пад камандаваннем падпалкоўніка Лінарэса Аранзабе. У рэспубліканцаў былі таксама рэшткі XIV армейскага корпуса Франсіска Галана.

У Хіхоне кіраўнікі рэспубліканскіх правінцый сфармавалі Суверэнны савет Астурыі і Леона на чале з Белармінам Томасам. Савет абвясціў Астурыю суверэннай тэрыторыяй, адмовіўся прызнаваць уладу цэнтральнага ўрада Хуана Негрына і зняў генерала Марыяна Гаміра з пасады камандуючага Паўночнай арміі, прызначыўшы новым палкоўніка Адольфа Прада Вакера. Рэспубліканцы спадзяваліся стрымаць наступленне нацыяналістаў у гарах, па меншай меры, да зімы.

Ход баёў 1 верасня паўстанцы пачалі наступленне на пазіцыі праціўніка.

5 верасня аванпасты 1-й Наварскай брыгады сіл генерала Хасэ Сальчагі сутыкнуліся з жорсткім рэспубліканскім супрацівам ля перавала Эль-Мазука, які быў захоплены толькі пасля некалькіх тыдняў кровапралітных баёў (гл. Бітва пры Эль-Мазука). Тым часам у паўднёвым сектары дывізія пад камандаваннем рэспубліканскага маёра Луіса Барзаны здолела затрымаць прасоўванне сіл генерала Антоніа Аранды.

Пасля Эль-Мазука франкісты рушылі наперад, і 27 верасня войскі 1-й Наварскай брыгады ўзялі Рыбадэселю, затым 1 кастрычніка нацыяналісты ўвайшлі ў Кавадонгу.

10 кастрычніка войскі мяцежнікаў занялі абодва берагі ракі Села. На наступны дзень рэспубліканцы пакінулі Кангас-дэ-Оніс.

Тым часам авіяцыя легіёна «Кондар», каля 50 самалётаў, засяродзіла свае намаганні на бамбардзіроўцы партоў, асабліва партоў Хіхона і Авілеса, каб перашкодзіць рэспубліканскім войскам атрымаць дапамогу ці, у канчатковым выніку, эвакуіравацца. Немцы таксама апрабавалі новую тактыку атакі — «дывановыя бамбардзіроўкі», якая ў гарыстай мясцовасці Астурыі апынулася вельмі эфектыўнай.

14 кастрычніка, нягледзячы на шэсць тыдняў баёў, асноўныя вяршыні і стратэгічныя пазіцыі ўсё яшчэ знаходзіліся ў руках рэспубліканцаў.

Раніцай 15 кастрычніка франкісты на чале з генералам Антоніа Арандай злучыліся з сіламі Сальчагі, загнаўшы ворага ў кут паміж Пола-дэ-Лавіяна і Вільявісіосай, а затым працягнулі рух у бок Хіхона.

20 кастрычніка, калі стала ясна, што падзенне Хіхона — справа некалькіх гадзін, Суверэнны савет Астурыі і Леона выдаў загад аб неадкладнай эвакуацыі. Рэспубліканскія ваенныя і палітычныя кіраўнікі і савецкія саветнікі беглі па моры або па паветры. У гэты ж дзень «пятая калона» франкістаў выйшла з падполля і ўступіла ў бой у горадзе, сілай захапіўшы некаторыя грамадскія будынкі. Да канца дня здаліся каля дваццаці двух рэспубліканскіх батальёнаў.

Днём 21 кастрычніка франкісцкія войскі 4-й Наварскай брыгады занялі Авілес і Хіхон. Да 27 кастрычніка ўся Астурыя апынулася ў руках нацыяналістаў.

Вынікі З заваяваннем Кантабрыйскага ўзбярэжжа і Астурыі нацыяналісты сталі кантраляваць 36% прамысловай вытворчасці Іспаніі, 60% здабычы вугалю і амаль усю вытворчасць сталі. Падзенне Астурыі таксама дазволіла франкісцкаму флоту перадыслакавацца ў Міжземнае мора, каб падмацаваць эскадру, якая знаходзілася там, і нападаць на лініі забеспячэння праціўніка.

Літаратура Томас Х. Гражданская война в Испании. 1931—1939 гг. — М.: Центрполиграф, 2003. — 573 с. — ISBN 5-9524-0341-7. Данилов С. Ю. Гражданская война в Испании (1936—1939). — М.: Вече, 2004. — 352 с. — ISBN 5-9533-0225-8. Asturias 1937. La caída del norte

Катэгорыя:Верасень 1937 года Катэгорыя:Кастрычнік 1937 года Катэгорыя:1937 год у Іспаніі Катэгорыя:Канфлікты 1937 года Катэгорыя:Бітвы і аперацыі грамадзянскай вайны ў Іспаніі Катэгорыя:Бітвы ў Іспаніі Катэгорыя:Бітвы Італіі