Корчмы ў Беларусі — піцейныя ўстановы, часам заезныя двары з продажам алкагольных напояў.
Першыя корчмы на землях Беларусі
З граматы смаленскага князя Расціслава Мсціславіча вядома, што ў 1150 годзе ў Копысі і Лучыне былі заезныя двары, а таксама саладоўні, дзе прарошчвалі збожжа для вырабу соладу.
Транзітныя рэгіянальныя і міжнародныя водныя і сухапутныя шляхі — паміж Маскоўскай дзяржавай, Польшчай, Прусіяй і ўкраінскімі землямі, — вызначалі развіццё беларускай тэрыторыі, колькасць паселішч ўзрастала. Паселішчы ўзнікалі на гасцінцах як прамежкавыя пункты — мястэчкі з корчмамі, мытнямі, кузнямі, — паміж існымі даўней.
Архітэктурныя адметнасці Вясковая і местачковая карчма спачатку была падобна простай сялянскай хаце, крытай саломай, з дзвюх "палоў". У меншай жыў сам карчмар, там ён прадаваў піва і гарэлку, там сама збіраліся сяляне. Большая "палова" была павеццю — памяшканнем, якое было вандроўцам і стайняй, і спальняй.
З часам местачковая карчма стала комплексам збудаванняў, дзе спыняліся для харчавання і начлегу вандроўцы. Тут збіралася вясковая грамада, па святах моладзь ладзіла гульні і танцы. У комплекс падворка карчмы ўваходзілі адрыны, стайні, склеп, студня-журавель. Вялікая карчма складалася з сенцаў, шынка, пакоя для гасцей, крамы, кухні, жылых пакояў карчмара. Гарадскія корчмы вылучаліся іншым размяшчэннем памяшканняў. Напрыклад, у гродзенскіх корчмах — «Галеча», «Выгода» і «Раскоша» да цаглянага двухпавярховага з мансардай гасцініцы прымыкаў шырокі хлеў-стайня. На першых двух паверхах размяшчаліся пакоі для прыезджых, у мансардзе — у асноўным каморы. Стайня была пабудавана з драўляных брусоў, забраных у цагляныя слупы. Карчма «Раскоша», пабудаваная ў 1763 годзе, складалася з трох аднапавярховых дамоў, прылеглых адзін да аднаго. У цэнтры была гасцініца, у бакавых пабудовах — стайні. Каля карчмы размяшчаўся невялікі парадны двор. Жылая частка адрознівалася сваёй вышынёй (яна была і мансардай) і фасадам. Жылыя памяшканні знаходзіліся на другім паверсе, у мезаніне. У ніжнім ярусе — кухня, сталовая, гасцёўня, каморы і іншыя дапаможныя памяшканні.
Некаторыя корчмы цяпер уяўляюць сабой помнікі архітэктуры. Напрыклад, у Ружанах знаходзіцца карчма 1778 года аўтарства вядомага архітэктара XVIII стагоддзя Яна Самуэля Бекера «Пад Залатой Зоркай».
Корчмы ў Вялікім Княстве Літоўскім З канца XIV стагоддзі гарады становяцца эканамічнымі цэнтрамі. Любы гараджанін мог з дазволу вялікага князя адкрыць карчму і плаціць падаткі (капшчыну. Да сярэдзіны XVI стагоддзя з кожнай карчмы спаганялася за гандаль мёдам і півам па адной капе (60 грошаў), за гарэлку ― 30 грошаў.
З сярэдзіны XVI стагоддзя капшчыну ў мястэчках і магнацкіх уладаннях адмянілі, з-за раздачы піцейных устаноў на водкуп у прыватныя рукі. У каралеўскіх гарадах капшчына захоўвалася да XVIII стагоддзя ў выглядзе чапавога падатку на алкаголь — на гарэлку, піва і мёд, які перавышаў усе астатнія падаткі разам узятыяНИАБ, Фонд 1928, оп. 1, дело № 189 Коллекция древних инвентарей имений. 17 листов. Тариф дымов и чопового сбора по Пинскому повету Брестского воеводства. 1775.
Пры вялікім князю Вітаўце корчмы дзяліліся на вольныя (прыватныя) і вялікакняскія. Вялікі князь здаваў свае корчмы ў арэнду. Пры Казіміры IV здаваць карчму ў арэнду магла і мясцовая адміністрацыя. Вядома, што да 1471 года корчмы былі ў 48 гарадскіх паселішчах Вялікага Княства Літоўскага, у асноўным на Валыні і ў Літве. У вялікакняскіх гарадах прыватная карчма магла адкрывацца мяшчанамі, яўрэямі і святарамі з дазволу мясцовай адміністрацыі.
Пры Аляксандры Ягелончыку прыватныя ці вольныя корчмы ў цэнтральнай паласе Вялікага Княства Літоўскага пераважалі над гаспадарскімі. У 1494 годзе ў вялікняскім Менску вялікаму князю належала толькі частка корчмаў, якія здаваліся ў арэнду 10 хрысціянам. Аселых яўрэяў у горадзе яшчэ не было. Арандатары скардзіліся князю, што з-за мноства вольных корчмаў яны не могуць плаціць у казну па 60 коп грошаў. Аляксандр пакінуў ім ранейшы кошт арэнды (60 коп у год) і загадаў менскаму намесніку Мікалаю Ільінічу, каб ніхто іншы карчмы не меў. Дакумент сведчыць, што ў канцы XV стагоддзя попыт на алкагольныя напоі ў горадзе быў невялікі, і гэта выклікала канкурэнцыю паміж менскімі карчмараміШыбека, Захар. Піцейны гандаль Вялікага Княства Літоўскага і ўдзел у ім габрэяў (канец XІV ст. — 1572 г.)[] // Wschód Europy. Studia humanistyczno-społeczne. Vol 3. (2017), No. 1. S. 19..
У 1499 годзе у прывілеі месту Менскаму на Магдэбургскае права «у моц войтаўскую» прызначаліся дзве вольных карчмы, з платаю чатырох кап грошаўhttps://be.wikisource.org/wiki/Прывілей_Менску_на_Магдэбургскае_права_1499_года.
У 2003 годзе В. Мянжынскі і Ю. Несцяровіч апублікавалі шэраг вялікакняскіх (Жыгімонта Аўгуста) прывілеяў на корчмы з кніг Літоўскай Метрыкі за 1555—1558 гг.
У дакументах канца XV стагоддзя (1480-я) адзначаюцца выпадкі, калі на Валыні мытні разам з княскімі карчмамі перадаваліся ў арэнду кіеўскім, луцкім і троцкім яўрэям. Валынскія яўрэі прапаноўвалі альбо ахвотна прымалі княжацкую прапанову арандаваць карчму з мытнымі зборамі, паколькі мелі для гэтага дастаткова сродкаў, і такая арэнда прыносіла ім больш прыбытку на ўкладзены капітал. Багатыя адкупшчыкі гродзенскіх корчмаў часам перадавалі іх у субарэнду сваім бедным супляменнікам.
Да XVI стагоддзя права манаполіі на вытворчасць гарэлкі і яе продаж (сутнасць карчмы) мелі некаторыя сяляне, якія карыставаліся гэтым правам па спадчыне. Яны плацілі памешчыку фіксаваную суму падатку-чыншу толькі за выкарыстанне карчмы, усе прыбыткі ад продажаў заставаліся ў іх.
На працягу XVII (як і ў наступным XVIII стагоддзі) запатрабаванне ў наяўных грошах у шляхты і магнатаў значна ўзрасла. Тым часам кошты на гарэлку раслі гэтак жа хутка, як і на зерне. Продаж алкаголю з прычыны павышанага попыту стаў прыносіць вельмі высокі прыбытак. Такім чынам, права прапінацыі (вінакурэнне і продаж спіртнога) адбіралася ад спадчынных арандатараў і часова аддавалася іншым, у першую чаргу, яўрэям, якія былі ў стане загадзя выплаціць чаканы даход. Пераход са спадчынных трымальнікаў корчмаў да арандатараў-яўрэяў прывёў да абвастрэння сацыяльнай напругі. Заняткі яўрэяў арэндай цэлых вёсак, а таксама выкананне фіскальных і судовых функцый яшчэ больш абвастралі адносіны паміж імі і сялянамі. З іншага боку, карчма становіцца месцам цеснага сацыяльнага кантакту.
У XVI стагоддзі ў Вялікім Княстве Літоўскім сфарміравалася свая паштовая сістэма. У 1557 годзе выйшла «Устава пра падводы», дзе вызначалася сетка паштовых дарог, на якіх праз кожныя 20-50 км павінны быць паштовыя станцыі. Гэта яшчэ больш павялічвала колькасць корчмаў.
У XVII стагоддзі, са скасаваннем абмежаванняў, буйныя сёлы і вёскі сталі ператварацца ў мястэчкі. Большасць мястэчак узнікла ў перыяд з 1588 года да пачатку XVII стагоддзя. У XVII стагоддзі іх налічвалася больш за 300, большасць — у заходняй частцы. Мястэчка звычайна мела карчму, і не адну.
На працягу XVI—XVII стагоддзяў функцыі карчмы дапаўняліся гандлёва-гаспадарчым зместам, і карчма адначасова стала гуляць ролю і крамы, і пункта харчавання. Заезныя двары ў сваёй сукупнасці класіфікаваліся па тыпах: 1) па прынцыпе ўласнасці — дзяржаўныя, прыватнаўласныя, царкоўныя (манастырскія); 2) па тэрытарыяльнай прыналежнасці — гарадскія і сельскія; 3) па функцыянальнаму зместу — заезджыя і незаезджыя. Установы выступалі як частка сістэмы гаспадаркі і таварыства. Так, станоўчы ўплыў на развіццё грамадскага харчавання ў XVII стагоддзі аказалі развіццё таварна-грашовых адносін, развіццё рамёстваў і гандлю, рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Пашырэнне колькасці харчовых устаноў стымулявала дзяржаву да распрацоўкі адпаведных законаў, накіраваных на рэгуляванне іх дзейнасці. З’яўленне такіх артыкулаў у Статутах Вялікага Княства Літоўскага сведчыць, што гэтыя ўстановы сталі важнай часткай гандлёвай інфраструктуры ў межах гарадоў, мястэчак і вёсак.
Карчма з’яўлялася своеасаблівым гаспадарчым механізмам. Акрамя таго, што ў карчме гандлявалі, пры ёй мелася яшчэ і невялікая гаспадарка. Для купцоў жа карчма была гандлёвай пляцоўкай. Карчма ў XVI — канцы XVIII стагоддзяў — месца заключэння здзелак, адносін паміж купцамі. Сацыяльна-сацыяльныя працэсы ў жыцці карчмы перапляталіся з супярэчлівым зместам яе паўсядзённага жыцця, што выяўлялася ў крымінальных здарэннях. У той жа час заезныя двары былі даступнымі ўстановамі для розных катэгорый насельніцтва: шляхты, мяшчан, рамеснікаў, гандляроў, сялян і інш.
Пры Жыгімонце II Аўгусце выйшаў знамянальны дакумент Устава на валокі, у якім адзін з артыкулаў прысвечаны корчмам. Усталёўвалася забарона на «корчмы пакутныя», але галоўнае — вызначалася неабходнасць уладкавання карчмы «…усюды ў кожным войтаўстве а ў слушным сяле, злашчачы пры гасцінцы, можа быць карчма…» Ставілі карчму пры дарозе, у перавозу, на скрыжаванні дарог, у млыноў, мастоў. У гарадах карчма была звычайна пры гандлёвых пляцах, — месцы навалы народа. Напрыклад, у 1554 годзе ў Браславе іх было 40 на 50 дамоў, у Друе больш за 100 на 306 дамоў. У канцы XVI стагоддзя ў Косаве быў панскі двор і ўсяго дзве вуліцы, якія выходзілі на кірмашовую плошчу. На адной вуліцы было 19 карчмаў, на другой — 7.
Адзінага кантролю і кіраўніцтва корчмы не мелі. У гарадах яны падпарадкоўваліся органам гарадскога ўпраўлення і самакіравання. У прыватнаўласніцкіх гарадах і мястэчках такія ўстановы падпарадкоўваліся іх уласніку. У сельскай мясцовасці на частаўладальніцкіх землях землеўладальніку, які здаваў карчму ў арэнду. У сярэдзіне XVIII стагоддзі карчма была амаль у кожным мястэчку, у шматлікіх вёсках, а ў гарадах па 3-50. Важным крокам у працэсе гарадскога жыцця з’явілася ў 1764 годзе пастанова канвакацыйнага сойма, якая забараняла манастырам мець карчмы, прадаваць моцныя напоі і іншыя тавары.
К таму часу карчма аформілася ў двух відах: незаезджая (як харчэўня) і заезджая (як гатэль). Падарожнікі ў абедзвюх маглі знайсці ежу, фураж для коней, начлег. Незаезджыя мелі шынок-харчэўню, адзін ці некалькі пакояў для наведвальнікаў, стойла для коней, свірны для дроў і сена, калодзеж. Напрыклад, блеўчыцкая карчма па інвентары 1761 года мела «дзверы з сенцамі ў пакой, прайшоўшы праз яе, трапляеш у пякарню, пры ёй клець». Па інвентары 1788 года карчма пад Смаргонью складалася «з чыстай святліцы і старой клеці». Корчмы, пабудаваныя па прынцыпе крытага двара, мелі стадолу, хлеў для вазоў з канямі, усё гэта знаходзілася пад адным дахам з карчмой і жылымі памяшканнямі. Пасярэдзіне была пляцоўка-праезд, калодзеж. Прыкладам такой карчмы можа быць карчма XX стагоддзя, якая захавалася ў Ашмянах на вул. Чырвонаармейская, 25. Другая карчма ў Ашмянах, па вул. Камсамольская, 5 будавалася па прынцыпе вяночнага двара: шынок і пакоі для пастаяльцаў аддзяляліся ад пакоя карчмара, кухні і каморы скразным праездам са стайняй.