Міхаіл Мікалаевіч Равуцкі () — беларускі тэлежурналіст.

Двухразовы лаўрэат прэміі прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва (2013, 2015) за гістарычна-дакументальныя фільмы на беларускай мове, а таксама ўзнагароды «Тэлевяршыня» за найлепшую асветніцкую праграму (2013).

Паходжанне і раннія гады Нарадзіўся ў Быхаве. Прадзед па маці Міхаіл Куранец з-пад Вараніно (Быхаўскі раён) намаляваў пасля Другой сусветнай вайны большасць абразоў у Свята-Троіцкай царкве Быхава. Таксама пакінуў некалькі манументальных пейзажаў і нацюрмортаў. Рэшту абразоў дамалёўваў юны дзед па маці Куранцоў.

Скончыў школу ў Цюмені, пасля чаго спрабаваў паступіць на факультэт журналістыкі БДУ, але не прайшоў на кафедру друкаваных СМІ. Затым уладкаваўся рэпарцёрам у раённую газету «Маяк Прыдняпроўя» ў Быхаве. Пазней паступіў на журфак БДУ на кафедру аўдыёвізуальных СМІ і перайшоў на працу рэпарцёрам у Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі.

Беларускае тэлебачанне У першай палове 2000-х гадоў працаваў карэспандэнтам Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі і зняў 10-хвілінны дакументальны фільм «Васіль Быкаў. Франтавыя старонкі». У 2012 годзе кіраваў вытворчасцю гістарычнага кінатрылера «Слуцкія паясы. Тайныя знакі», які двойчы паказвалі на тэлеканале «Беларусь 1». 4—6 снежня 2012 года пад яго кіраўніцтвам на тэлеканале прадставілі трылогію гістарычных дэтэктываў «Радзівілы. Тайны сям’і». Паказ прысвячаўся 465-м угодкам атрымання Мікалаем Радзівілам «Чорным» княскага тытулу Святой Рымскай імперыі. У 2013 годзе стаў весці тэлеперадачу «Пра мастацтва» на тэлеканале «Беларусь 3». 9 студзеня 2014 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 9 «Аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2013 года», паводле якога Міхаіла Равуцкага ў якасці загадчыка аддзела навін культуры ўзнагародзілі за стварэнне 6 дакументальных фільмаў: «Слуцкія паясы. Тайныя знакі», «Міхаіл Савіцкі. Тайны біяграфіі», «Радзівілы. Тайна сям’і», «Нацыянальная дылогія. Статут ВКЛ», «Нацыянальная трылогія: герб, гімн, сцяг» і «Імя яму — Храм». Гэтыя фільмы на беларускай мове паказвалі па вечарах.

18 красавіка 2013 года на 10-м нацыянальным конкурсе «Тэлевяршыня» атрымаў узнагароду за найлепшую асветніцкую праграму «Нацыянальная трылогія». 23 чэрвеня 2014 года прадставіў на тэлеканале «Беларусь 3» гістарычную сагу «Шляхта. Брутальная гісторыя». Фільм складаўся з 5 серый, якія ўключалі інтэрв’ю з нашчадкамі беларускай шляхты. 7 кастрычніка 2015 года выступіў суаўтарам дакумэнтальнага цыклу «Мы — беларусы» з 52-хвілінных серый, які паказвалі штовечар на «Беларусь 1». 30 снежня 2015 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 528 «Аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2015 года», паводле якога Міхаіла Равуцкага ўзнагародзілі за стварэнне 10-серыйнай гісторыка-дакументальнай кінастужкі «Яны спявалі за Радзіму». Урачыстае ўзнагароджанне прайшло ў Палацы Рэспублікі.

1 і 10 студзеня 2016 года пад кіраўніцтвам Равуцкага на тэлеканале «Беларусь 1» прадставілі фільм «БТшнікі», прысвечаны 60-годдзю Беларускага тэлебачання. У красавіку 2017 года прадставіў на «Беларусь 1» 12-серыйны дакументальны цыкл «Справа жыцця» пра распрацоўкі беларускіх вучоных, які працягнуў серыямі пра дзеячоў мастацтва. У чэрвені 2017 года стаў аўтарам фільмаў «Аляксандру Ціхановічу 65 гадоў» і «Полацк».

Крыніцы

Спасылкі

Тамара Абрамчук «Не уцякай ад мяне» // 2 мая 2018 года

Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Тэлевядучыя Беларусі