Віленская беларуская рада (ВБР) — каардынацыйны цэнтр беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый у студзені 1918 — чэрвені 1919 гадоў.

Выбрана на Беларускай канферэнцыі ў Вільні і замяніла сабой Беларускі народны камітэт. Старшыня А. Луцкевіч. З абвяшчэннем 16 лютага 1918 года незалежнасці Літоўскай Рэспублікі ВБР стала цалкам на незалежніцкія пазіцыі. 19 лютага 1918 года прыняла пастанову, паводле якой сувязь паміж Расіяй і Беларуссю абвяшчалася парванай. Вітала абвяшчэнне 9 сакавіка 1918 года БНР. Усталяванню кантактаў з прадстаўнікамі БНР перашкаджала нямецкая ваенная адміністрацыя, якая даволі неахвотна выдавала дазволы на перасячэнне «старога фронту», які існаваў да пачатку нямецкага наступу ў пачатку 1918 года.

Існаванне новага палітычнага цэнтру ў Мінску на пачатку разглядалася, як пэўны чыннік канкурэнцыі. Але потым быў прыняты погляд А. Луцкевіча на тое, што гэта прымальна для нацыі мець асобна 2 цэнтры: дзяржаўны (Мінск) і культурны (Вільня) па прыкладу Украіны (Кіеў і Львоў) ці Польшчы (Варшава і Кракаў)Два цэнтры // Гоман — 1918. — № 27. — С. 2. .

24 лютага было вырашана паслаць 6 членаў ВБР у Мінск (В. Ластоўскі, А. Луцкевіч, І. Луцкевіч, Я. Станкевіч, Д. Сямашка, Я. Туркевіч) якія былі кааптаваны ў Раду БНР і прынялі ўдзел у складанні Трэцяй Устаўнай граматы БНР.

У кастрычніку 1918 года германскія акупацыйныя ўлады перадалі Літоўскай Тарыбе цывільную ўладу ў Літоўскім і Беластоцка-Гродзенскім рэгіёнах Обер-Оста. З гэтай нагоды ў лістападзе 1918 года ВБР заявіла, што, абапіраючыся на права кожнай нацыі на самавызначэнне, выступае супраць падзелу беларускай нацыі ўсталяванымі Брэсцкім мірам межамі. Дзеля абароны правоў беларускага народа, абвяшчае сябе раўнапраўнай з Літоўскай Тарыбай прадстаўніцай для этнаграфічных беларускіх зямель, якія ляжаць на захад ад старога фронту і жадае найхутчэйшага ўтварэння агульнага Беларуска-Літоўскага парламента з дапушчэннем прапарцыянальнага прадстаўніцтва ад нацыянальных меншасцей. У выпадку, калі б дамова з Літоўскай Тарыбай не дасягнула поспеху, ВБР пакідала за сабой права на аб’яднанне населеных беларусамі тэрыторый з рэштай незалежнай Беларусі. ВБР выстаўляла ўмовы, пры якіх згаджалася кааптаваць сваіх прадстаўнікоў у склад Тарыбы: 1) Тарыба выступае за ўключэнне Беластока і Бельска ў склад Беларусі. 2) Прапарцыянальнае прадстаўніцтва беларусаў і літоўцаў у сумесным парламенце і ўрадзе. 3) Шырокая аўтаномія беларусаў 4) Беларускае войскаРэзалюцыя Беларускай Рады ў Вільні // Гоман — 1918. — № 88. — С. 1 — 2. . Тарыба мела дамову з Германіяй аб абавязковым уключэнні нацыянальных меншасцей у свой склад і не магла ігнараваць патрабаванні ВБР, як яна гэта рабіла з непрызнанай Германіяй БНР. Прадстаўнікі Тарыбы не былі згодны з патрабаваннямі рэзалюцыі, але яна стала асновай для далейшых перамоў паміж Тарыбай і ВБР.

14 лістапада 1918 года ВБР выпрацавала ўмовы, на якіх можа прыступіць да сумеснай працы з Тарыбай: 1) 25 % агульнага ліку месцаў у Тарыбе павінна быць вылучана беларускім прадстаўнікам; 2) вылучана адна міністэрская пасада для заняцця беларускім прадстаўніком; 3) утворана калегія і сакратарыят для беларускіх спраў; 4) асігнаваны на арганізацыю беларускіх тэрыторый сумы, прапарцыянальныя колькасці насельніцтва і тэрыторыі. Гэтая прапанова была разгледжана на пасяджэнні Рады Міністраў 20 лістапада 1918 годаАрхівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1. Фонд № 582 Дзяржаўнага архіву Літвы («Рада Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі») / укладанне, падрыхтоўка тэксту, уступны артыкул, каментарыі, пераклады, паказальнікі: Сяргей Шупа. — Вільня — Нью-Ёрк — Мінск — Прага: Беларускі інстытут навукі і мастацтва, Таварыства беларускага пісьменства, Наша ніва, 1998. — С. 296—299. — ISBN 9986-9219-2-9..

21 лістапада 1918 года ВБР прадставіла дадатковыя ўмовы супрацоўніцтва: 1) літоўскі ўрад будзе дамагацца ўключэння ўсіх заходніх беларускіх тэрыторый разам з Беластокам і Бельскам у склад літоўскай дзяржавы; 2) на беларускай тэрыторыі ў літоўскай дзяржаве будзе створана аўтаномія з дзяржаўнай беларускай мовай; 3) назначэнне ўрадавых асоб на беларускую тэрыторыю павінна адбывацца са згоды беларускага сакратарыята; 4) неадкладна павінна быць створана асобная беларуская школьная інспекцыя. Рада Міністраў разгледзела гэтую прапанову і безумоўна згадзілася на стварэнне школьнай інспекцыі. Рада таксама прызнала неабходнасць стварэння сакратарыята, але не з такой умовай, што ён можа прызначаць усіх дзяржаўных служачых, бо гэта можа выклікаць пратэсты іншых жыхароў. Уключэнне Беластока і Бельска ў межы літоўскай дзяржавы будзе вырашацца на мірнай канферэнцыі, на якую павінна быць накіравана дэлегацыя разам з беларускімі прадстаўнікамі. Пытанне аўтаноміі і ўвядзення беларускай мовы як дзяржаўнай павінна вырашацца Устаноўчым Сеймам, бо Часовы Урад не можа вырашаць такія важныя пытанні.

27 лістапада 1918 года шэсць членаў ВБР (В. Ластоўскі, І. Луцкевіч, Я. Станкевіч, Д. Сямашка, У. Талочка, К. Фалькевіч) уключаны ў склад Літоўскай Тарыбы і склалі 25 % яе агульнага складу. Пасля акупацыі Вільні Чырвонай Арміяй дзейнасць ВБР практычна спынена. З прыходам у горад польскіх войск у красавіку 1918 года ВБР звярнулася да Ю. Пілсудскага з дэкларацыяй, у якой выказвала надзею, што ён дапаможа аднавіць незалежную Беларусь у яе этнічных межах і дазволіць дзейнасць Рады БНР. Спыніла існаванне пасля стварэння Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны.

Літаратура

Катэгорыя:Палітычныя арганізацыі беларускай гісторыі Катэгорыя:З’явіліся ў 1918 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1919 годзе Катэгорыя:1918 год у Вільні Катэгорыя:Беларусы ў Вільні