«Груга́н» () — верш (балада) Уладзіслава Сыракомлі на фальклорны матыў.

Твор быў напісаны ў 1854 г. і пазначаны аўтарам як «літоўская песенка» ().

Рукапіс верша «Груган» разам з «Гутаркай старога дзеда» ўвайшоў у падборку агітацыйнай літаратуры, якая назапашвалася ў мінскай кватэры Л. Шышкі, удавы надворнага саветніка.

Паходжанне Уладзімір Вільчынскі ўзводзіць верш да летувіскай песні «Варнас» (), на ягоную думку, Сыракомля азнаёміўся з гэтым творам у перакладзе свайго прыяцеля Язэпа Крашэўскага, бо сам летувіскай не ведаў. Але, як адзначае Уладзімір Мархель, асобныя варыянты гэтай песні бытавалі і ў Беларусі як паказчык шырокай міграцыі фальклорных вобразаў. Да таго ж беларускі даследчык заўважае, што Сыракомля пакінуў вельмі мала твораў, тэматычна звязаных з этнаграфічнай Летувай.

З. Суслаў прызнае версію пра беларускае паходжанне матываў верша няслушным, бо няма такіх твораў у зборніку балад, выдадзеным Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Але ён адзначае падобны матыў («птушка апавядае весткі з бою альбо паведамляе пра нечы скон») у сербскім і харвацкім фальклоры. Напрыклад, такі матыў ёсць у песні Косаўскага цыклу «Смерць маці Югавічаў» (). У сярэдзіне XIX ст. сербскія эпічныя песні былі папулярныя, на польскую мову іх перакладалі Казімір Брадзінскі, Раман Зморскі і Язэп Залескі. Таму, на думку навукоўца, Сыракомля мог чытаць сербскія ўзоры і пісаць на іхнія матывы.

Падобныя матывы былі таксама зафіксаваныя ў сібірскіх губернях Расіі і напрыкарпацкіх землях Украіны.

Пераклады На беларускую мову гэты верш перакладаў Янка Купала (1908—1909). Пазней гэта рабіў Гальяш Леўчык, але пры жыцці не апублікаваў (упершыню «Доля і хлеб», 1980). На рускую мову верш пераклаў Марк Жываў.

У культуры У 1865 годзе Аўгуст Радван паклаў верш на музыку.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Вершы Уладзіслава Сыракомлі Катэгорыя:Творы 1854 года Катэгорыя:Вершы на польскай мове