Луі II, поўнае імя Луі Анарэ Шарль Антуан Грымальдзі (Louis Honoré Charles Antoine Grimaldi; 12 ліпеня 1870, Бадэн-Бадэн, Германія — 9 мая 1949, Манака) — князь Манака, апошні кіраўнік з роду Грымальдзі-Маціньён.
Біяграфія Адзіны сын Альбера I (1848—1922) і Вікторыі Марыі Дуглас-Гамільтан (1850—1922), дачкі Уільяма, 11-га герцага Гамільтана і ўнучкі вялікага герцага Карла Бадэнскага. Нарадзіўся пры бадэнскім двары і да Першай сусветнай вайны падтрымліваў цесныя сувязі з нямецкімі сваякамі.
Калі Луі было 10 гадоў, яго бацькі развяліся, і Луі з’ехаў у Германію да айчыма, але неўзабаве быў вымушаны вярнуцца на радзіму для падрыхтоўкі да выканання княжацкіх абавязкаў. З прычыны нацягнутых і халодных адносін паміж імі Луі прыйшлося зноў пакінуць Манака і з’ехаць у Францыю, дзе паступіў у ваенную акадэмію Сен-Сір. Скончыўшы яе, ён паехаў у Алжыр у складзе Замежнага легіёна, дзе сустрэў спявачку з кабарэ, у якую горача закахаўся. Ён не ажаніўся з ёй, ведаючы, што бацька не дасць дазволу на гэты шлюб.
Луі служыў у французскай арміі з 1898 па 1908 год, а падчас Першай сусветнай вайны зноў паступіў у французскую армію, стаўшы адным найвыдатнейшых афіцэраў Пятай Арміі. Ён атрымаў званне брыгаднага генерала і стаў афіцэрам ордэна Ганаровага легіёна.
У 1922 годзе, пасля смерці бацькі, Луі ўзышоў на трон.
У час Другой сусветнай вайны Луі беспаспяхова спрабаваў захаваць нейтралітэт. Двойчы Манака было акупавана: фашысцкай Італіяй і нацысцкай Германіяй. Нягледзячы на тое, што яўрэяў загадзя папярэджвалі пра арышты, палітыка Луі ў гэтым плане была вельмі нерашучай і выклікала абурэнне ў яго спадчынніка Рэнье — зацятага антыфашыста.
Адсутнасць у Луі сыноў стварыла пагрозу дынастычнага крызісу ў Манака. Сутыкнуўшыся з пагрозай акупацыі княства французамі ў выпадку пераходу прастола да найбліжэйшага спадчынніка мужчынскага полу, Вільгельма фон Ураха, Луі ў 1919 годзе прызнаў сваю незаконнанароджаную дачку Шарлоту, якая праз год выйшла замуж за французскага арыстакрата, графа П’ера дэ Паліньяка (1895—1964), які атрымаў у Манака тытул прынца Грымальдзі. У 1946 годзе Луі пабраўся шлюбам з французскай актрысай Жыслен Даманжэ (1900—1991) і з’ехаў у Францыю, дзе памёр у 1949 годзе.
У 1944 годзе яго дачка Шарлота адмовілася ад правоў на прастол на карысць свайго сына, і новым князем стаў яго ўнук Рэнье III.
Галерэя
Спасылкі
Princely House of Monaco Луі II, князь Манака
Катэгорыя:Князі Манака Катэгорыя:Палітыкі XX стагоддзя Катэгорыя:Кіраўнікі XX стагоддзя Катэгорыя:Кіраўнікі Еўропы XX стагоддзя Катэгорыя:Філатэлісты Манака Катэгорыя:Афіцэры Французскага Замежнага легіёна Катэгорыя:Выпускнікі Сен-Сіра Катэгорыя:Кавалеры Алімпійскага ордэна