Аляксандр Ціханавіч Грачанінаў (, 13 (25) кастрычніка 1864, Масква — 3 студзеня 1956, Нью-Ёрк) — расійскі кампазітар.

Біяграфія Нарадзіўся ў Маскве, у сям’і купца. Музычную адукацыю атрымаў у Маскоўскай, а затым Пецярбургскай кансерваторыях, якія скончыў у 1893 годзе па класе Рымскага-Корсакава.

Пасля заканчэння кансерваторыі прымаў актыўны ўдзел у рабоце музычна-этнаграфічнай камісіі пры Маскоўскім універсітэце і ў Беларускай песеннай камісіі, выступаў у якасці акампаніятара ўласных рамансаў. Творы Грачанінава выходзілі ў выдавецтве Бяляева.

У час працы ў Беларускай песеннай камісіі Грачанінаў пазнаёміўся з беларускім музычным фальклорам, глыбока адчуў своеасаблівасць яго ладава-інтанацыйнай будовы. Даў класічныя ўзоры апрацовак народных песень. На тэмы народных песень напісаў у Парыжы «Беларускую рапсодыю» для сімфанічнага аркестра і п’есу для скрыпкі і фартэпіяна «Дар Белай Русі». Аўтар музыкі да п’есы В. Шашалевіча «Апраметная» ў пастаноўцы БДТ-2 1926 года.

У 1925 годзе Грачанінаў з сям’ёй эміграваў у Парыж, а ў 1939 годзе — у Нью-Ёрк. Пахаваны на праваслаўных могілках у Джэксане (Касвіл), Нью-Джэрсі, ЗША.

Творчая спадчына

У творчую спадчыну Грачанінава ўваходзяць:

3 оперы — «Дабрыня Мікіціч» (1903), «Сястра Беатрыс» (1912) і «Жаніцьба» (па Гогалю, 1950); дзіцячыя оперы — «Церамок», «Ёлачкін сон» і інш. 5 сімфоній — op. 6 (1894); op. 27 (1908); op. 100 (1923); op. 102 (1927); op. 153 (1936) канцэрты — для віяланчэлі з аркестрам op. 8 (1895); для скрыпкі з аркестрам op. 132 (1932); для флейты, арфы і струнных op. 159 (1938); камерна-інструментальныя творы — 4 струнныя квартэты (1893, 1914, 1916, 1929); 2 фартэпіянныя трыа (1906, 1931); дзве фартэпіянныя санаты (1931, 1942); п’есы для фартэпіяна. больш за 100 рамансаў; Духоўныя творы — «Страсны тыдзень» op. 58; «Хвала Богу», op. 65; «Дзямественная літургія», op. 79 (1917); Missa Oecumenica, op. 142 (1936); Missa Festiva, op. 154 (1937); Missa Sancti Spiritus, op. 169 (1940); Et in Terra Pax, імша, op. 166 (1942) і іншыя. Свецкія хоры — «Жалобны гімн», «Маці Русь» (на вершы Някрасава), «Памяці паўшых за волю» і інш.

Літаратура

Спасылкі

М. В. Михеева. Духовное творчество Гречанинова

Катэгорыя:Аўтары гімнаў Катэгорыя:Кампазітары XIX стагоддзя Катэгорыя:Кампазітары Расіі Катэгорыя:Заслужаныя артысты РСФСР