18 красавіка 2023 года ў 04:57 ва ўсходнім крыле стацыянарнага аддзялення бальніцы Чанфэн (Пекін, Кітай) успыхнуў пажар. Людзі шукалі паратунку, седзячы на кандыцыянерах і саскокваючы з прасцінаў, якія звісалі з вокнаў. Да бальніцы накіравалі адразу некалькі пажарных падраздзяленняў, у тым ліку пажарна-выратавальны атрад раёна Фэнтай, дэпартамент грамадскай бяспекі, санітарная служба і ўпраўленне па надзвычайных сітуацыях. У 05:33, калі агонь ліквідавалі, было налічана не менш за 29 чалавек загінулымі. Семдзесят адзін пацыент з Чанфэн пераведзены ў іншую медустанову.
Папярэдняе расследаванне паказвае на тое, што пажар узнік у выніку рамонтных работ.
Член Палітбюро КПК і партыйны сакратар Пекіна Інь Лі наведаў месца трагедыі і заявіў, што ўлады будуць пераследваць адказных. Хутка сілавікі затрымалі 12 чалавек, у тым ліку дырэктара бальніцы і яго намесніка, а таксама кіраўніка фірмы, якая праводзіла рамонт. Сваякі пацыентаў скардзіліся на затрымкі сувязі, кажучы, што яны даведаліся пра пажар толькі са СМІ і што ім спатрэбілася шмат гадзін, каб даведацца, ці выжылі іх родныя.
Катэгорыя:2023 год у Кітаі Катэгорыя:Красавік 2023 года Катэгорыя:Падзеі 18 красавіка Катэгорыя:Пажары 2023 года