Гетманская партыя (), таксама вядомая як партыя магнатаў (), партыя маскоўцаў (), партыя кансерватараў () ці партыя старой шляхты () — палітычная партыя, якая выступала супраць рэформаў, якія ў Рэчы Паспалітай прапагандавала Патрыятычная партыя. Гетманская партыя мела падтрымку Расійскай імперыі і выступала за захаванне статус-кво, у тым ліку і «залатых вольнасцей». Яе розныя назвы паходзяць ад таго, што яна ўзначальвалася двума гетманамі, прадстаўляла інтарэсы кансерватыўна настроенай шляхты і магнатаў і была правадніком уплыву Расійскай імперыі на Рэч Паспалітую.
Гісторыя
Перадгісторыя Да пачатку XVII стагоддзя магнаты Рэчы Паспалітай мелі значны ўплыў на жыццё краіны, што было дасягнута стрымліваннем рэформ, якія б маглі пагражаць іх прывілеяванаму статусу (гл. «залатыя вольнасці»). Своеасаблівы парламенцкі лад liberum veto, існы з 1652 г., дазваляў любому дэпутату сойма ануляваць усе заканадаўчыя акты, прынятыя гэтым соймам. Праз гэту сістэму дэпутаты, падкупленыя магнатамі ці замежнымі дзяржавамі або проста задаволеныя тым, што жывуць у нейкім «залатым веку», больш чым на стагоддзе паралізавалі ўрад Рэчы Паспалітай. Урад быў блізкі да краху, што спарадзіла тэрмін «польская анархія».
Магчымасць правядзення рэформаў адкрылася падчас Вялікага або Чатырохгадовага сойма 1788—1792 гг. Падзеі ў свеце цяпер згулялі на руку рэфарматарам. Суседзі Польшчы былі занадта занятыя войнамі — Прусія з Францыяй, Расія і Аўстрыя з Асманскай імперыяй, каб гвалтоўна ўмяшацца ў Польшчу. Расійская імперыя з пачатку стагоддзя ўсё больш уцягвалася ў палітыку Рэчы Паспалітай, тым самым уплываючы на ўнутрыпалітычнае становішча апошняй. Пад час Чатырохгадовага сойма (Вялікага сойма) 1788—1792 гг. была створана Патрыятычная партыя, заснавальнікі якой імкнуліся да правядзення рэформаў, накіраваных на ўмацаванне Рэчы Паспалітай і забеспячэнне яе незалежнасці ад Расійскай імперыі. Аднак рэформы не атрымалі аднадушнай падтрымкі.
Гетманская партыя Рэакцыяй на стварэнне і дзейнасць Патрыятычнай партыі стала стварэнне гетманскай партыі. Найбольш вядомымі сябрамі партыі былі такія вядомыя магнаты, як гетманы Францішак Ксаверый Браніцкі і Севярын Ржэвускі, а таксама Станіслаў Шчэнсны Патоцкі і Казімір Нестар Сапега. Іх мэтай было захаванне статусу-кво з мэтай захавання свайго ўплыву на жыццё краіны. Яны хавалі сваё імкненне да ўлады ад грамадскасці і шукалі падтрымкі сярод дробнай, бяднейшай шляхты, паказваючы сябе абаронцамі традыцыйных прывілеяў і вольнасцей шляхты і кардынальных законаў. Магнаты не заўсёды выступалі адзіным лагерам. Час ад часу яны змагаліся паміж сабой і крытыкавалі расійскі ўплыў, што магло быць «пусканнем пылу ў вочы», прызначаным для павелічэння іх падтрымкі ў грамадстве.
Магнаты атрымалі падтрымку Расійскай імперыі і стварылі дзве групы, адну з якіх арганізавалі пры падтрымцы расійскага пасла Ота Магнуса фон Штакельберга, а другую — пры падтрымцы Рыгора Пацёмкіна. Многія з прадстаўнікоў гэтых груп атрымлівалі фінансаванне з боку Расіі. Прадстаўнікі апошняй мелі значны ўплыў на Рэч Паспалітую, часта падкупляючы дэпутатаў сойма, гарантуючы адсутнасць намеру ўвесці расійскія войскі ў краіну. Расійская імператрыца Кацярына ІІ бачыла ў спробах рэфармавання Рэчы Паспалітай пагрозу расійскаму ўплыву ў апошняй і, магчыма, доўгатэрміновую небяспеку для абсалютнай манархіі ў самой Расіі.
Наступствы Пасля таго, як Патрыятычнай партыі ўдалося прыняць Канстытуцыю 3 мая, гетманы і іх прыхільнікі стварылі Таргавіцкую канфедэрацыю ў абарону залатых вольнасцей і кардынальных законаў і звярнуліся па дапамогу да Расійскай імперыі. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у 1792 г., у якой выйгралі канфедэраты і іх расійскія саюзнікі, гетманская партыя на кароткі тэрмін дасягнула сваіх мэт. Наступствам дзеянняў гетманскай партыі сталі падзеі, якія прывялі да другога падзелу Рэчы Паспалітай, што стала прычынай паўстання Касцюшкі, пасля якога адбыўся апошні, трэці падзел Рэчы Паспалітай.
Літаратура
Stronnictwo Patriotyczne // Encyklopedia WIEM.
Катэгорыя:Чатырохгадовы сойм Катэгорыя:Зніклі ў 1792 годзе Катэгорыя:Рэч Паспалітая Катэгорыя:Гісторыя Польшчы Катэгорыя:Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага