Ай-дзі (кіт. 哀帝; 27 верасня 892 — 26 сакавіка 908) — апошні імператар дынастыі Тан, які кіраваў у 904—907 гадах.
Нарадзіўся 27 верасня 892 года ў сям’і імператара Чжаа-цзуна. У 897 годзе стаў князем Хуэй. Пры нараджэнні яго назвалі Цзо. Пасля смерці бацькі ён змяніў імя на Лі Чу. Яго пасмяротнае імя было Ай-дзі.
Фактычна не кіраваў самастойна — на чале дзяржавы знаходзіўся чэнсян (канцлер) Чжу Вэнь (будучы імператар Тай-цзу) разам з уплывовымі цзедушы (ваеннымі губернатарамі правінцый). У 905 годзе былі пакараныя альбо пакончылі з сабой па загадзе зверху многія ўплывовыя прыдворныя саноўнікі. Пасля гэтага ўплыў Чжу Вэня яшчэ больш узрос. У рэшце рэшт ён адхіліў у 907 годзе Ай-дзі ад улады і адправіў у горад Лаян, прымусіўшы прыняць тады ж замест тытула імператара тытул князя Цзіінь. Ужо ў 908 годзе былы імператар быў атручаны па загадзе Чжу Вэня, які абвясціў аб стварэнні ўласнай дынастыі, якая атрымала назву Позняя Лян.
Крыніцы
Літаратура Rainer Hoffmann, Qiuhua Hu: China. Seine Geschichte von den Anfängen bis zum Ende der Kaiserzeit. Rombach, Freiburg 2007, ISBN 978-3793094999.
Катэгорыя:Імператары дынастыі Тан Катэгорыя:Кіраўнікі X стагоддзя Катэгорыя:Забітыя кітайскія імператары