Нацыяна́льны цэ́нтр прававо́й інфарма́цыі Рэспублікі Белару́сь — былая (да 1 ліпеня 2024) цэнтральная дзяржаўная навукова-практычная ўстанова, якая ажыццяўляе збор, улік, апрацоўку, захаванне, сістэматызацыю і актуалізацыю эталоннай прававой інфармацыі, яе распаўсюджванне (прадастаўленне), экспертна-аналітычную дзейнасць у названых сферах, а таксама афіцыйнае апублікаванне прававых актаў.

Задачы Асноўнымі задачамі НЦПІ Беларусі з’яўляюцца: забеспячэнне функцыянавання і развіцця дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі; утварэнне і вядзенне эталоннага банка даных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў, такіх як Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі, інфармацыйна-пошукавыя сістэмы «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE», Прававы форум Беларусі, Дзіцячы прававы сайт і аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма Нацыянальнага рэестра прававых актаў Рэспублікі Беларусь; афіцыйнае апублікаванне прававых актаў; правядзенне абавязковай юрыдычнай экспертызы тэхнічных нарматыўных прававых актаў, абавязковых для выканання юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі адпаведна заканадаўчым актам і пастановам Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь; распаўсюджванне эталоннай прававой інфармацыі, а таксама інфармацыі правапрымяняльнага характару; удзел у каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый па пытаннях збору, уліку, апрацоўкі, захавання, сістэматызацыі, актуалізацыі і распаўсюджвання (прадастаўлення) прававой інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь; удзел у падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў (НПА), развіцці і ўдасканаленні юрыдычнай тэрміналогіі на рускай і беларускай мовах, яе перакладзе на замежныя мовы; правядзенне навуковых даследаванняў у галіне прававой інфарматызацыі; распрацоўка інфармацыйных тэхналогій, уключаючы праграмныя сродкі (праграмнае забеспячэнне), у галіне права, для забяспячэння афіцыйнага апублікавання прававых актаў, утварэння дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў і правядзення галоснага абмеркавання праектаў НПА; забеспячэнне міждзяржаўнага абмену прававой інфармацыяй.

Структура На 2021 год Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Беларусі ўключаў: 12 упраўленняў — 1) эталоннага банка даных прававой інфармацыі, 2) абавязковай юрыдычнай экспертызы тэхнічных нарматыўных прававых актаў (ТНПА), 3) тэматычных і лакальных банкаў даных, 4) рэдакцыйна-выдавецкіх работ, 5) распаўсюджвання прававой інфармацыі, 6) прававой інфарматызацыі, 7) інфармацыйнай палітыкі і інтэрнэт-рэсурсаў, 8) арганізацыйнага і тэхнічнага забеспячэння, 9) праграмнага забеспячэння, 10) фінансава-эканамічнае, 11) прававой работы, 12) інфармацыйна-прававога і лінгвістычнага забеспячэння; аддзел кадравай работы і аддзяленне інфармацыйнай бяспекі; 6 абласных ЦПІ і ЦПІ Мінска.

Гісторыя 30 чэрвеня 1997 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 338 «Аб стварэнні Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь» (НЦПІ РБ). Згодна з указам Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі даручалася да 1 кастрычніка 1997 года «рэарганізаваць Навукова-даследчы інстытут праблем крыміналогіі, крыміналістыкі і судовай экспертызы Міністэрства юстыцыі шляхам вылучэння з яго Рэспубліканскага цэнтра прававой інфармацыі з пераўтварэннем гэтага цэнтра ў НЦПІ РБ». 20 ліпеня 1998 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 369 «Аб Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь» (НРПА РБ), які даручыў стварыць з 1 студзеня 1999 года. На НЦПІ Беларусі ўсклалі вядзенне рэестра. Пагатоў, пастанаўлялася «Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (НС РБ), Савету міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйнаму суду, Вярхоўнаму суду, Вышэйшаму гаспадарчаму суду, Нацыянальнаму банку, міністэрствам, іншым рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, абласным (Мінскаму гарадскому) Саветам дэпутатаў і выканаўчым камітэтам да 1 студзеня 2001 года прадставіць НЦПІ звесткі пра адпаведныя прававыя акты, якія дзейнічаюць на дзень падачы інфармацыі, і тэксты гэтых актаў для ўключэння ў НРПА РБ». У Палажэнні аб НРПА РБ прадугледжвалася, што службовыя асобы і органы, якія выдалі прававы акт, накіроўваюць яго ў НЦПІ для ўключэння ў Нацыянальны рэестр «у 3-дзённы тэрмін з дня прыняцця». Паводле 10-га артыкула Палажэння, пададзеныя ў НЦПІ прававыя акты, якія падлягаюць уключэнню ў Нацыянальны рэестр, рэгіструюцца ў ім «не пазней за 2 рабочыя дні з дня паступлення ў НЦПІ».

24 ліпеня 1998 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 376 «Аб стварэнні камп’ютарнага банка даных праектаў законаў Рэспублікі Беларусь» (КБДПЗ РБ), якое даручалася «НЦПІ сумесна з Нацыянальным цэнтрам законапраектнай дзейнасці (НЦЗД) пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь да 1 студзеня 1999 года». Паводле 2-га артыкула Указа, суб’ектам права заканадаўчай ініцыятывы і іншым дзяржаўным органам і ўстановам, якія ўдзельнічаюць у заканатворчым працэсе, даручалася «забяспечыць падачу НЦПІ матэрыялаў па праектах законаў, унесеных у Палату прадстаўнікоў НС РБ пасля 4 сакавіка 1998 года». Згодна з 3-м артыкулам НЦПІ даручалася «да 15 студзеня 1999 года забяспечыць устаноўку КБДПЗ РБ у Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі НС РБ, Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь і НЦЗД пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь», а таксама ажыццяўляць яе вядзенне. Паводле 7-га артыкула Палажэння аб КБДПЗ РБ, Сакратарыяты Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі мелі накіроўваць у НЦПІ пастановы і звесткі пра разгляд законаў ад адпаведных палат Нацыянальнага сходу Беларусі, а Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі — звесткі пра падпісанне закона і пярэчанні пры яго вяртанні прэзідэнтам. 30 кастрычніка 1998 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 524 «Аб захадах удасканалення дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі». У 3-м артыкуле Указа НЦПІ даручалася «да 1 кастрычніка 1999 года стварыць у абласных цэнтрах рэгіянальныя цэнтры прававой інфармацыі па правах філіялаў НЦПІ».

10 снежня 1998 года А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 22 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб афіцыйным апублікаванні і набыцця моцы прававымі актамі Рэспублікі Беларусь». У 5-м артыкуле Палажэння вызначалася, што «афіцыйнае апублікаванне прававога акту ажыццяўляецца, як правіла на беларускай і рускай мовах у адпаведнасці з падпісаным арыгіналам». Згодна з 12-м артыкулам «рашэнні рэспубліканскіх рэферэндумаў, дэкрэты прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і законы Рэспублікі Беларусь набываюць моц праз 10 дзён пасля іх афіцыйнага апублікавання». Паводле 4-га артыкула Палажэння, «афіцыйным апублікаваннем з’яўляецца давядзенне прававых актаў да ўсеагульнага ведама шляхам узнаўлення іх тэкстаў у поўнай адпаведнасці з падпісаным арыгіналам у наступных афіцыйных выданнях: перыядычным друкаваным выданні НРПА РБ і яго электронным выданні; газеце „Савецкая Беларусь“ (рашэнні рэспубліканскіх рэферэндумаў, дэкрэты, указы і распараджэнні прэзідэнта, узгадняемыя прэзідэнтам і ўрадам міждзяржаўныя і міжурадавыя дагаворы, пастановы пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага судоў); газеце „Звязда“ (на беларускай мове законы Беларусі, пастановы Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, узгадняемыя законам міжнародныя дагаворы і рашэнні Канстытуцыйнага суда); „Народнай газеце“ (па-руску); газеце „Рэспубліка“ (пастановы Савета міністраў, распараджэнні старшыні ўрада, НПА Нацыянальнага банка і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, міністэрстваў і іншых ведамстваў, міжведамасныя міжнародныя дагаворы); перыядычных друкаваных выданнях, вызначаных… абласнымі і Мінскім гарадскім Саветамі дэпутатаў і выканаўчымі камітэтамі, мясцовымі Саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі базавага ўзроўню (НПА гэтых органаў і рашэнні абласных, раённых і гарадскіх рэферэндумаў)».

На 31 снежня 1998 года Электронная база даных прававой інфармацыі (ЭБДПІ) змяшчала звыш 22 000 дакументаў, у тым ліку ўсе НПА прэзідэнта, органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады з 1975 года ўключна з усімі кодэксамі Беларусі ў дзеючай рэдакцыі. 4 студзеня 1999 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 1 «Аб зацвярджэнні Адзінага прававога класіфікатара Рэспублікі Беларусь», вядзенне і выданне якога даручалася НЦПІ. Класіфікатар падзяляўся на 10 частак: 1) «Заканадаўства пра дзяржаўны лад»; 2) «Грамадзянскае заканадаўства»; 3) «Заканадаўства пра фінансава-крэдытны лад»; 4) «Заканадаўства пра гаспадарча-эканамічную дзейнасць»; 5) «Сацыяльнае заканадаўства»; 6) «Заканадаўства ў галіне грамадскіх адносін, адукацыі, навукі і культуры»; 7) «Заканадаўства пра ахову навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў»; 8) «Заканадаўства ў галіне абароны, нацыянальнай бяспекі, праваахоўнай дзейнасці, адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Працэсуальнае і выканаўчае права»; 9) «Заканадаўства ў галіне міжнародных адносін»; 10) «Прававыя акты індывідуальнага прымянення».

1 чэрвеня 2001 года на сеціўным вузле НЦПІ размясцілі вэб-старонку Гаспадарчага суда Мінска. 16 снежня 2002 года А. Лукашэнка падпісаў Указ «Аб Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь…», увядзенне якога ў дзеянне меў забяспечыць НЦПІ да 1 студзеня 2004 года. Паводле 4-га артыкула Палажэння аб Нацыянальным прававым партале, НЦПІ меў ажыццяўляць на ім афіцыйнае апублікаванне прававых актаў, уключаных у Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Сярод іншага, 10-м артыкулам Палажэння прадугледжвалася «прадстаўленне інфармацыі на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь, а таксама на англійскай мове». У 2002 годзе ў ЭБДПІ ўвялі 4901 прававы акт, у выніку чаго банк даных на 31 снежня налічваў 41 910 прававых акта. За 2002 год у Нацыянальны рэестр прававых актаў (НРПА) уключылі 5819 прававых актаў, у выніку на канец год той налічваў 31 555 дакументаў. Таксама за 2002 год выйшлі 144 нумары НРПА. У снежні 2002 года НЦПІ разам з абласнымі ЦПІ абслугоўваў 2544 электронныя копіі ЭБДПІ, усталяваныя ў 1411 карыстальнікаў.

14 верасня 2003 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 409, якім абавязаў НЦПІ перадаць у 2004—2005 гадах копіі ЭБДПІ Міністэрству па падатках і зборах Беларусі. За 2003 год лік публічных ЦПІ пры бібліятэках павялічылі ўдвая да 140. 1 кастрычніка 2006 года на кампакт-дыску выпусцілі банк даных «Кодэксы Рэспублікі Беларусь», у якой змясцілі Канстытуцыю Беларусі і ўсе 23 кодэксы. 23 жніўня 2008 года пачаў дзейнасць Дзіцячы прававы сайт. 30 снежня 2010 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 712 «Аб удасканаленні дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь». Паводле 2-га артыкула Указа, прадпрыемствы абавязалі «ажыццяўляць дзейнасць па распаўсюджванні прававой інфармацыі пры ўмове заключэння з НЦПІ дагавора».

24 лютага 2012 года А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 3 «Аб некаторых пытаннях апублікавання і ўваходжання ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь», які набыў моц 1 ліпеня 2012 года. Паводле 1-га артыкула Дэкрэта, Нацыянальны прававы партал стаў адзіным абавязковым месцам апублікавання прававых актаў з НРПА Беларусі. У выніку спынілася рэгулярнае апублікаванне заканадаўства па-беларуску ў газеце «Звязда». 1 ліпеня 2012 года НЦПІ стварыў у інфармацыйна-пошукавай сістэме «ЭТАЛОН» базу даных «Тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты», якая налічвала звыш 1600 дзеючых актаў. 2 студзеня 2014 года ў інфармацыйна-пошукавай сістэме «ЭТАЛОН-ONLINE» размясцілі базу даных «Прававыя акты БССР», якая змяшчала звыш 3500 актаў заканадаўчых і выканаўчых органаў 1919—1991 гадоў. Сярод іх у свабодны доступ выклалі 27 кодэксаў БССР і Расійскай СФСР 1918—1991 гадоў. Базу даных стварылі пры падтрымцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.