Вацлаў Рачкавіч (1420-я — да 1463) — каталіцкі біскуп луцкі.
Біяграфія Сын Якуба Рачкі Табутавіча, брат Міхны, Юндзілы і Яна Рачкавічаў. Як частка родавых уладанняў Вацлаву належала прынамсі доля ў Дзітве.
Напэўна, тоесны Venceslaus Petri de Vaverka, які зімовым семестрам 1444 года ўнёс поўную аплату за паступленне ў Кракаўскі ўніверсітэт. Патронім Petri выклікае некаторыя сумненні, праз яго луцкага біскупа Вацлава часта называюць сынам Пятра Рачкавіча. Аднак, як адзначае , пра Пятра, сынам якога мог бы быць яшчэ адзін Вацлаў з Ваверкі, сярод родзічаў-уладальнікаў Ваверкі няма сведчанняў. Тым часам як імя Вацлаў даволі рэдкае, а біскуп яўна названы сынам Рачкі і братам Рачкавічаў. Таму Глінка не выключае, што Пётр магло быць яшчэ адным імем Якуба Рачкі Табутавіча, што не рэдкасць у першым пакаленні па каталіцкім хрышчэнні Літвы.
У такім разе, Вацлаў нарадзіўся не пазней за 1431 год, бо ўзрост залічэння ва ўніверсітэт быў не меншы за 14 гадоў, хоць у Кракаўскім універсітэце таго часу вядомы залічэнні і 13-гадовых, аднак звычайна студэнты былі старэйшымі. Перад гэтым, магчыма, навучаўся ў Віленскай кафедральнай школе.
У 1451 годзе атрымаў дыплом бакалаўра in artibus (вольных мастацтваў), у Liber promotionum Кракаўскага ўніверсітэта запісаны як Venceslaus de Wawerka Lithwanus. Напэўна, тым часам быў канонікам Віленскага кафедральнага капітула, хоць гэта і не адзначана ва ўніверсітэцкіх дакументах, бо быў ужо дэканам капітула ў 1459 годзе, калі кароль Казімір Ягелончык намінаваў яго біскупам луцкім.
Зацверджаны як біскуп 10 верасня 1459 года Папам Піем II, 28 верасня праз свайго дэлегата ў Рыме заплаціў пошліну Курыі памерам 33 1/3 фларына. Паводле выданага 10 верасня ў Мантуі папскага брэвэ, Вацлаў Рачкавіч быў in sacerdocio ac legitima aetate constitutus, то-бок меў святарскае пасвячэнне і не менш за 27 гадоў — узрост, неабходны для прыняцця біскупскай хіратоніі. Такім чынам, нарадзіўся не пазней за 1432 год, што, аднак, не дае новых звестак. У актах запісаны як Wenceslaus Raskonicz (Raskonitz).
Ад каго і калі Вацлаў прыняў біскупскае пасвячэнне, невядома. Звестак пра кіраванне Рачкавіча ў епархіі няма. Біскупам быў не болей за тры гады, ужо ў студзені 1463 года папскую кананічную правізію атрымаў яго наступнік. То-бок, нягледзячы на імаверна малады ўзрост, Вацлаў памёр да гэтага часу. Месца пахавання невядомае.
Згадваецца ў дзвюх данацыях родзічаў ад 1463 і 1479 гадоў для касцёла ў родавай Ваверцы. Да публікацыі гэтых дакументаў у Кодэксе дыпламатычным кафедры і дыяцэзіі віленскай Вацлаў Рачкавіч наогул не быў вядомы.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Епіскапы Катэгорыя:Каталіцкія святары Катэгорыя:Выпускнікі Ягелонскага ўніверсітэта Катэгорыя:Канонікі віленскія Катэгорыя:Біскупы луцкія Катэгорыя:Клаўсуці