14 жніўня 2023 года каля 21:50 па мясцовым часе на адной з АЗС горада Махачкала адбыўся выбух. Месца першапачатковага выбуху знаходзілася ў найбліжэйшым аўтасэрвісе, але пазней пажар распаўсюдзіўся на АЗС. Там выбухнулі дзве цыстэрны з палівам. Плошча пажару склала 600 квадратных метраў, яго патушылі праз тры гадзіны. Загінулі 35 чалавек, паранена ад 80 да 105 чалавек. У Дагестане абвешчана жалоба.

Храналогія Каля 21:50 у аўтасэрвісе, размешчаным на скрыжаванні Кулінскай вуліцы і Федэральнай шашы ў вёсцы Навакулі на выездзе з Махачкалы, падчас работ па тэхнічным абслугоўванні аўтамабіляў адбылося ўзгаранне, а пасля і выбух. Пажар перакінуўся на найбліжэйшую АЗС «Нафта-24». Там здэтанавалі дзве з васьмі цыстэрнаў з палівам. Праз ударныя хвалі людзі, якія прыйшлі паглядзець на пажар у аўтасэрвісе, і знаходзіліся ў радыусе 50 метраў ад яго, апынуліся накрытыя падпаленым палівам. Магутнасць выбуху склала 35 тон у тратылавым эквіваленце.

Відавочцы выбуху кінуліся дапамагчы параненым. Агульная плошча пажару склала 600 квадратных метраў, да яго тушэння было прыцягнута 70 чалавек і 20 адзінак тэхнікі. Таксама на месцы дзяжурылі каля 200 супрацоўнікаў паліцыі. У 01:00 пажар быў ліквідаваны.

Ахвяры і шкода Па даных МНС Расіі, у выніку выбуху загінулі 35 чалавек. Міністэрства аховы здароўя паведамляла пра 80 параненых, з якіх 63 знаходзіліся на стацыянарным лячэнні, у тым ліку 11 у цяжкім стане. МНС паведамляе пра 105 параненых. 15 жніўня было абвешчана ў Дагестане днём жалобы па загінулых.

У выніку выбуху было пашкоджана 40 прыватных дамоў і гасцініца, аўтасэрвіс і АЗС былі знішчаны.

Наступствы У Кумтаркалінскім раёне Дагестана ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі. У мікрараёне Махачкалы, дзе адбыўся выбух, абмежавалі падачу газу. Рух па трасе ў раёне выбуху быў перакрыты, арганізавана аб'язная дарога. Да раніцы 15 жніўня рух быў адноўлены. Следчы камітэт па Дагестану распачаў крымінальную справу па артыкуле 238 КК РФ «Выкананне работ або аказанне паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі». Пасля справа была перададзена ў цэнтральны апарат Следчага камітэта. У вышук быў абвешчаны ўладальнік склада ў аўтасэрвісе, дзе захоўвалася каля 100 тон салетры; як мяркуецца, з гэтага склада і пачалося ўзгаранне. Улады Дагестана заявілі аб планах выплаціць па адным мільёне рублёў сем'ям загінулых.

Заўвагі

Катэгорыя:Махачкала Катэгорыя:Жнівень 2023 года Катэгорыя:Падзеі 14 жніўня Катэгорыя:2023 год у Расіі Катэгорыя:Выбухі 2023 года