29 верасня 2023 г. у акрузе Мастунг (правінцыя Белуджыстан, Пакістан) падчас галоўнай працэсіі ісламскага свята Ід Мілад-уль-Набі ў гонар дня нараджэння прарока Мухамеда падарваўся тэрарыст-смяротнік. Выбух адбыўся каля мячэці. Па меншай меры 60 чалавек загінулі і 50—70 паранены.

Ход падзей Джыхадзісты і белуджскія сепаратысты рэгулярна здзяйсняюць тэракты ў правінцыі. Раён Мастунг таксама пакутаваў ад акцый баевікоў. Тут ужо адбываліся тэракты ў 2011, 2014, 2015, 2017 і 2018 гадах.

Новая атака адбылася ў непасрэднай блізкасці ад мячэці Мадзіна, дзе людзі збіраліся для рэлігійнай працэсіі. Праваахоўныя органы падазравалі, што гэта быў наўмысны напад смяротніка. Злачынец падарваў сябе каля аўтамабіля намесніка суперінтэнданта паліцыі Наваза Гішкары. Месца трагедыі было ачэплена праваахоўнымі органамі, а пацярпелых даставілі ў бліжэйшыя медыцынскія ўстановы. Для аказання аператыўнай медыцынскай дапамогі ахвярам у бальніцах аб’явілі надзвычайнае становішча. Цяжкапараненыя былі дастаўлены ў Квету.

Паведамлялася пра не менш за 60 загінулых, у тым ліку дзяцей. Акрамя таго, ад 50 да 70 чалавек атрымалі раненні. Сярод загінулых былі Гішкары і яшчэ адзін высокапастаўлены афіцэр паліцыі. Значная колькасць пацярпелых знаходзіліся ў крытычным стане.

Рэакцыя Прэм’ер-міністр Пакістана Анваар уль Хак Какар асудзіў выбух і выказаў спачуванні пацярпелым. Прэзідэнт Арыф Алві таксама асудзіў напад. Сарфраз Бугці, міністр унутраных спраў, назваў гэта «агідным учынкам» і заявіў, што агенцтва знешняй разведкі Індыі датычна да атакі. Міністр інфармацыі Ян Ачакзай абвясціў у Белуджыстане трохдзённую жалобу.

Арганізацыя ісламскага супрацоўніцтва выказвала глыбокія спачуванні ахвярам і іх сем’ям.

Пакістанскія талібы адмаўлялі дачыненне да інцыдэнту, заявіўшы, што такая атака «супярэчыць іх палітыцы».

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш асудзіў напад, дадаўшы, што «агідна, што гэтыя напады былі накіраваны на людзей падчас мірных рэлігійных цырымоній». Асудзілі тэракт таксама ЗША, Францыя, Вялікабрытанія, Турцыя, Саудаўская Аравія, Іран, ААЭ, Ірак і Егіпет.

Адказнасць Ні адна групоўка не ўзяла на сябе адказнасць за выбух. Амір Рана, дырэктар Пакістанскага інстытута вывучэння праблем міру, сказаў, што напад у Мастунзе і выбух у мячэці Хангу, які адбыўся праз некалькі гадзін пасля гэтага, імаверна, з’яўляюцца справай рук Ісламскай дзяржавы.

Крыніцы

Катэгорыя:Выбухі 2023 года Катэгорыя:Тэракты-самагубствы Катэгорыя:Забойствы, здзейсненыя ў 2023 годзе Катэгорыя:Верасень 2023 года Катэгорыя:Падзеі 29 верасня Катэгорыя:Тэрарыстычныя акты 2023 года