Магілёўскі царкоўна-археалагічны музей — музей у Магілёве, які існаваў у 1897—1918 гг. Заснаваны беларускім археолагам, этнографам і краязнаўцам Е. Р. Раманавым. Размяшчаўся ў будынку былога бернардзінскага кляштара. У фондах музея налічвалася больш за 6 тыс. адзінак захоўвання. Агульная плошча экспазіцыі складала 140 м². Экспазіцыю складалі экспанаты, набытыя намаганнямі Е. Р. Раманава і выкладчыкамі духоўнай семінарыі Ф. А. Жудро, А. А. Скварцова, святара М. Р. Янушэўскага. 27 мая 1897 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё музея. Гэтую падзею асвятляў мясцовы і сталічны друк.
Першапачатковая дзейнасць музея не мела поспеху. Экспазіцыя, размешчаная ў цёмным пакоі пры Васкрасенскай царкве, была амаль недасягальнай для наведвальнікаў і не магла змясціць новых экспанатаў. Праца па апісанні і складанні каталога каштоўнай калекцыі рукапісаў ішла вельмі марудна. Востра адчуваўся недахоп сродкаў. У пачатку ХХ ст. музей знаходзіўся ў вельмі цяжкім становішчы, і сітуацыя вымагала неадкладных мер па змяненні ўмоў яго існавання. У 1904 г. магілёўскі епіскап Стэфан даў загад прадставіць музею тры залы ў будынку былога бернардзінскага кляштара і выдзяліў сродкі на рамонт і набыццё экспазіцыйнай мэблі. У хуткім часе адбылося адкрыццё новай экспазіцыі, якая была сістэматызавана па наступных аддзелах: уніяцкі, іканаграфічны, прадметаў рэлігійнага ўшанавання, царкоўных прадметаў, адзення святароў, нумізматычны, бібліяграфічны. У яе стварэнні, а таксама ў каталагізацыі прадметаў актыўна ўдзельнічаў выпускнік Археалагічнага інстытута У. У. Дабраслаўскі. Ён жа пры дапамозе Е. Р. Раманава наладзіў шырокую асветніцкую працу.
На працягу першага дзесяцігоддзя ХХ ст. калекцыі музея няспынна папаўняліся. У асноўным гэта былі прадметы з рызніц і царкоўных кладовак, а таксама набытыя ў археалагічных раскопках, якія праводзіў Е.Р. Раманаў.
Найбольш цікавымі экспанатамі з’яўляліся: абразы 16 — 18 стст. магілёўскага, маскоўскага, смаленскага, стараверскага пісьма на палатне ці дошках, выразаныя з дрэва; калекцыя напрастольных і нацельных крыжоў (у асноўным 18 ст.), медны пацір 17 ст., інкруставаная дарахавальніца 18 ст., плашчаніца 1566 г., шытая шоўкам і золатам, сярэбраная мітра магілёўскага архіепіскапа Георгія Каніскага (1758), часткі разных іканастасаў, царскія вароты і бакавыя алтарныя дзверы 17 — 18 стст., скульптурныя выявы святых і інш.; надмагільныя пліты княгіні Друцкай-Сакалінскай (1588) і Арсенія Азаровіча (1652), драўляныя надмагіллі 17 — 18 стст. У бібліятэчным аддзеле захоўваліся мінея 1490-х гг., выдадзеная ў Кракаве, шматлікія богаслужэбныя кнігі 16 — 18 стст.: Біблія 1751 г. з гравюрамі, напрастольныя евангеллі 1568, 1637, 1640, 1764 гг.; кнігі магілёўскіх, маскоўскіх і львоўскіх выданняў 17 — 18 стст.; «Гутаркі Іаана Златавуста» (1623), «Словы і прамовы…» Феафана Пракаповіча (1760-64).
У архіве музея зберагалася больш за 4 тыс. дакументаў пераважна 17 ст., 26 каралеўскіх грамат 16 — 18 стст., у т.л. Стафана Баторыя на магдэбургскае права Магілёву (1577), інвентары горада, замка, воласці (1604) і інш.
З 1919 г. экспанаты музея захоўваліся ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі.
Спасылкі
Катэгорыя:Музеі Магілёва Катэгорыя:1897 год у Магілёве Катэгорыя:З’явіліся ў 1897 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1918 годзе Катэгорыя:Гістарычныя музеі