У ходзе ўзброенага супрацьстаяння паміж Узброенымі сіламі Судана (УСС) і ваенізаванай арганізацыяй «Сілы аператыўнай падтрымкі» (САП), якое пачалося 15 красавіка 2023 года, зафіксаваны розныя парушэнні правоў чалавека і ваенныя злачынствы.
Медыйныя арганізацыі абвінавацілі як УСС, так і САП у пагрозах, нападах і нават забойствах некалькіх журналістаў падчас канфлікту. Суданскі сіндыкат журналістаў толькі за другую палову мая задакументаваў больш за 40 такіх выпадкаў.
Абодва бакі заўважаны ў нападах на медыцынскія ўстановы і медперсанал, пра што сведчыць BBC News Arabic. Па шпіталях неаднаразова наносіліся паветраныя і артылерыйскія ўдары. Гэтыя напады сур’ёзна паўплывалі на стан сістэмы аховы здароўя краіны, паставіўшы пад пагрозу дзейнасць бальніц. Было задакументавана больш за 46 пацверджаных нападаў на медыцынскіх работнікаў і ўстановы. 19 верасня СААЗ заявіла, што ад 70 да 80% бальніц у краіне, пацярпелых ад канфлікту, не працуюць. Арганізацыя асудзіла атакі на медустановы як відавочнае парушэнне міжнароднага гуманітарнага права.
У Дарфуры, краі на захадзе Судана, зафіксаваны шматлікія выпадкі масавых забойстваў. Урад Вялікабрытаніі, відавочцы і назіральнікі ахарактарызавалі гвалт у рэгіёне як этнічную чыстку ці нават генацыд. Галоўнымі ахвярамі забойстваў сталі неарабскія народы, напрыклад масаліты. Са жніўня нарастае колькасць доказаў таго, што Сілы аператыўнай падтрымкі праводзяць у Дарфуры этнічную чыстку. Вярхоўны камісар ААН Філіпа Грандзі выпусціў папярэджанне аб патэнцыйным перарастанні гвалту ў поўнамаштабны генацыд.
Падчас канфлікту вялікая колькасць жанчын сталі ахвярамі згвалтавання. Некаторыя трапілі ў сексуальнае рабства. Ахвярамі сталі як суданкі, так і замежніцы. Асабліва часта пад сексуальны гвалт траплялі масаліткі і іншыя неарабкі. Сярод асноўных злачынцаў названы арабскія апалчэнцы, саюзныя САП. Эксперты ААН сцвярджалі, што згвалтаванне выкарыстоўваецца як «інструмент пакарання». Арганізацыя выказала глыбокую заклапочанасць у сувязі з шырока распаўсюджаным сексуальным гвалтам падчас канфлікту. У ліпені офіс ААН па правах чалавека ў Судане раскрыў інфармацыю аб 21 выпадку сексуальнага гвалту з удзелам як мінімум 57 жанчын і дзяўчат. Улады краіны паведамілі па меншай меры аб 88 выпадках, у большасці з якіх вінавацяць байцоў генерала САП Дагала. І ААН, і суданскія праваабарончыя арганізацыі заяўлялі, што гэтыя лічбы ўяўляюць сабой толькі невялікую частку рэальнага маштабу правапарушэнняў.
Паведамлялася, што САП і арабскія апалчэнцы таксама здзяйснялі рабаванні. На працягу красавіка паўстанцы разрабавалі некаторыя жылыя раёны ў Хартуме. Мірныя жыхары краіны выказалі заклапочанасць з нагоды масавых крадзяжоў і рабаванняў. Сітуацыя дапаўнялася поўнай адсутнасцю прысутнасці паліцыі і праваахоўных органаў.
Суданская пракуратура зафіксавала больш за 500 выпадкаў знікнення людзей без вестак па ўсёй краіне з пачатку баёў. Як заўлялася, войскі Дагала і іх саюзнікі наўмысна забівалі асобных юрыстаў, назіральнікаў за правамі чалавека, лекараў, правадыроў неарабскіх плямёнаў, чыноўнікаў, копскіх святароў.
Паступала шмат паведамленняў аб вярбоўцы дзяцей ва ўзброеныя групы. Назіральнікі абвінавацілі войскі Дагала ў наборы ў свае атрады непаўналетнік ва ўзросце 14 гадоў. Некаторых з дзяцей-салдат бачылі на перадавой у Хартуме.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Ваенныя злачынствы падчас Трэцяй грамадзянскай вайны ў Судане