Жукоўшчынская сядзіба — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ў в. Жукоўшчына Дзятлаўскага раёна.
Гісторыя
У 1449 г. землі Жукоўшчыны належалі Міхаілу Корсаку. У 1507 г. князь Фёдар Яраслававіч дараваў Жукоўшчыну слузе «Іванку Смаліянавічу за службу на вечнасць». Наступнымі ўладальнікамі былі Навіцкія, князі Радзівілы. У кнізе актаў Віленскай археалагічнай камісіі за 1659 г. маецца ўступны акт аб запісу маёнтка княгіняй Марыяй Радзівіл «на Св. Духаўскі Віленскі і Заблудаўскі манастыры». У актах 1699 г. Жукоўшчына названая фальваркам маёнтка Заблудава ў Гродзенскім павеце. У 1784 г. князь Ян Станіслаў Радзівіл, генерал-лейтэнант войскаў ВКЛ. прадаў Жукоўшчыну стольніку навагрудскаму Гіпаліту Корсаку (1745—1787).
Ад яго маёнтак перайшоў да старэйшага сына Раймунду (1768—1817), палкоўніку, удзельніку паўстання 1794 года. Ян, прыдворны караля Станіслава Аўгуста, атрымаў Стралу. Братам Леанарду і Мелітону выплацілі іх долю грашыма. Ад Раймунда маёнтак перайшоў стрыечнаму брату Вінцэнту Корсаку (1769), ашмянскаму віцэ-маршалку, жанатаму з Марыяй з Манюшкаў, ад яго — сыну Эдмунду (1816), жанатаму з Анеліяй Ланеўскай-Воўк з Лаздуноў. У 1845 г., паводле звестак інвентара, Жукоўшчынай валодала ўдава Марыя Станіславаўна Ваноўская з Манюшкаў. Маёнтак уключаў фальварак і чатыры вёскі з зямельным фондам 4697,5 моргаў.
У 1890 г. маёнткам з хутарамі Куляшы, Зацішша. Наклады і зямельным надзелам у 1841 дзесяціну валодаў губернскі сакратар Яфім Данцоў. Ад яго Жукоўшчына перайшла графіні Соф’і Гардзенінай з Маўрасаў (?-1920), якая перабудавала стары бровар, абнавіла гаспадарчы двор. Мужам Соф’і быў Пётр Гардзенін (?-1925). Яны мелі прыёмную дачку Зінаіду, якая пабралася шлюбам з Янам Цэслерам, адстаўным генералам, аканомам маёнткам.
Архітэктура
Сядзібны дом (90 х 60 аршынаў) — арыгінальны двухпавярховы будынак на скляпеністых падвалах з квадратнай трохпавярховай вежай, займаў найбольш прыўзнятую частку сядзібы. Бакавы фасад упрыгожваў рызаліт з фамільным гербам, які, як і вежа, завяршаўся атыкам і невялікімі вежамі.
Ад дома адкрываўся від на водную сістэму, якая складалася з вадаёмаў рознай велічыні і формы (з іх 3 былі зарыблены ў 1842), з крынічным водазабеспячэннем.
За воднай сістэмай размяшчаўся гаспадарчы двор: стайня, будынак для збруі, пакоі пісара і кучара, мураваны склеп, кухня, свіран, валоўня і інш. Да ліку старэйшых у Беларусі адносіцца вінакурня, якая ўпершыню згадваецца ў 1837 годзе. У 1901 годзе С. Гардзеніна рэканструявала вінакурню: пабудавала аддзяленні паравога катла, мыцця бульбы, трубу вышынёй 30 аршынаў, павялічыла галоўны корпус. Прадукцыйнасць вінакурні складала 14 тыс. вёдзер у год.
Захаваліся драўляны свіран і труба вінакурні, якая стала малой архітэктурнай формай парку з адноўленай у 1997 воднай сістэмай.
На мясцовых могілках добраўпарадкаваны месцы пахавання апошніх уладальнікаў сядзібы С. і П. Гардзеніных.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Корсакі Катэгорыя:Сядзібы Дзятлаўскага раёна Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў неагатычным стылі Катэгорыя:Жукоўшчына (Дзятлаўскі раён)