Ларан-Дэзірэ Кабіла (; — ) — прэзідэнт Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. З’яўляўся паплечнікам Патрыса Лумумбы і быў асабіста знаёмы з Чэ Геварай. У 1967 годзе заснаваў Народную рэвалюцыйную партыю і падняў паўстанне ў правінцыі Паўднёвае Ківу, дзе ўтварылася самаабвешчаная дзяржава, якая праіснавала да 1988 года. У 1996 годзе з дапамогай руандыйскіх тутсі ўзначаліў узброеную барацьбу супраць Мабуту Сесе Секо і захапіў уладу ў краіне.
Біяграфія Нарадзіўся ў Джадатвілі (цяпер Лікасі), правінцыя Катанга. Этнічны банту. Належаў да народнасці луба, як і яго бацька; маці — прадстаўніца народнасці лунда. Атрымаў адукацыю ў Францыі, дзе вывучаў палітычную філасофію, і ва Універсітэце Дар-эс-Салама.
Падчас вучобы ў Францыі захапіўся марксісцкімі ідэямі. Пасля вывучаў марксісцка-ленінскае вучэнне ў Нанкіне (Кітай) і ў Албаніі.
Пасля атрымання Конга незалежнасці ў 1960 годзе Кабіла стаў намеснікам камандуючага моладзевым крылом арганізацыі «Балукат» (асацыяцыя племя балуба ў Катанзе), актыўна ваяваў супраць катангскіх войск . Тады Кабіла падтрымліваў лумумбістаў, якія абвясцілі ў Стэнлівілі Народную Рэспубліку Конга.
У 1965 годзе супрацоўнічаў з Чэ Геварай, які прыехаў у Конга з прыкладна сотняй сваіх байцоў з намерам зладзіць рэвалюцыю па кубінскім узоры.
У 1967 годзе разам са сваімі байцамі стаў базіравацца ў горным раёне правінцыі Паўднёвае Ківу, на захад ад возера Танганьіка. Там заснавана Народна-рэвалюцыйная партыя, а затым пры падтрымцы КНР узнікла самаабвешчаная марксісцкая дзяржава.
Да канца 1970-х гадоў палітык істотна разбагацеў, абзавёўся ўласнымі асабнякамі за мяжой.
У кастрычніку 1996 года Кабіла на чале племя тутсі пачаў вайну супраць племя хуту, паклаўшы пачатак Першай кангалезскай вайне. Пры падтрымцы Бурундзі, Уганды і Руанды ён у маі 1997 года зрынуў дыктатара Мабуту і абвясціў сябе прэзідэнтам.
У 1998 годзе былыя саюзнікі Кабілы — Уганда і Руанда — выступілі супраць яго і падтрымалі новае паўстанне. Пачалася маштабная Другая кангалезская вайна. Кабіла знайшоў новых саюзнікаў у кіраўніцтве Зімбабвэ, Намібіі і Анголы і з дапамогай іх войскаў утрымаў за сабой паўднёвую і заходнюю часткі краіны.
16 студзеня 2001 года прэзідэнт атрымаў агнястрэльнае раненне пры не зусім ясных абставінах (па афіцыйнай версіі — падчас спробы дзяржаўнага перавароту) і быў дастаўлены на самалёце ў Зімбабвэ, дзе праз два дні было абвешчана аб яго смерці. Наступным кіраўніком дзяржавы стаў яго 29-гадовы сын Жазеф Кабіла.
Заўвагі
Літаратура Ngolet François. Crisis in the Congo: The Rise and Fall of Laurent Kabila. — illustrated ediction. — N. Y. : Palgrave Macmillan, 2010. — 14 December. — 314 p. — ISBN 9780230116252. — OCLC 711702585. Nzongola-Ntalaja Georges. The Congo from Leopold to Kabila: a people’s history. — 3-st edition, inprinted. — L.; N. Y. : Zed Books, 2002. — 264 p. — ISBN 9781842770535.
Спасылкі
Катэгорыя:Палітыкі XXI стагоддзя Катэгорыя:Забітыя прэзідэнты Катэгорыя:Марксісты Катэгорыя:Прэзідэнты Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Катэгорыя:Вікіпедыя:Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікіданых без беларускага подпісу