«Нёман» — () марка ровараў, якія выраблялі ў Гродне ў 1930-х гадах на Крэсовай фабрыцы ровараў і матацыклаў «Нёман».
Гісторыя фабрыкі «Нёман»
Гісторыя гродзенскай фабрыкі ровараў «Нёман» пачалася ў 1894 годзе. Тады бацька і сын Нохум і Лазар Старавольскія з заможнай яўрэйскай сям’і заснавалі ў Гродне невялікую слесарскую майстэрню. Партнёрам у іх пачынанні быў купец Ісаак Піваварскі. Невялікае прадпрыемства перажыло Першую сусветную і Савецка-польскую вайну. У 1920-х гадах пры заводзе працавала крама Старавольскіх, дзе прадавалі ровары нямецкай фірмы Durkoop, а таксама швейныя машынкі Pfaff, Omega і іншыя.
У пачатку 1930-х гадоў Нохум Старавольскі заснаваў акцыянернае таварыства, выкупіў суседні будынак на вуліцы Брыгіцкай (сучасная Карла Маркса) і адкрыў там завод, на якім выраблялі ровары, а пазней мотавеласіпеды і матацыклы. Фабрыка называлася «Крэсовая фабрыка ровараў і матацыклаў „Нёман“» ().
Лагатып ровараў
На рамах ровараў была выява гродзенскага Новага замка ў Гродне і надпіс Niemen. Пасля Другой сусветнай вайны фірмовую эмблему фабрыкі «Нёман» замянілі на малюнак аленя з чырвонай зоркай над ім (савецкая інтэрпрэтацыя герба Гродна — аленя святога Губерта).
Цана ровараў «Нёман» 1930-х гадах цана за ровар фірмы «Нёман» складала 140 злотых. Для параўнання, у міжваенны перыяд больш папулярныя маркі ровараў каштавалі ад 200 злотых і даражэй.
Матацыкл фірмы «Нёман» каштаваў 975 злотых згодна з брашурай тых часоў.
976 злотых — прыкладны аклад генерала арміі ці прафесара ў той час, або чатыры аклады настаўніка, або два аклады лекара, ці пяць акладаў паштальёна, або 7−8 акладаў звычайнага некваліфікаванага рабочага.
Памяць пра ровары «Нёман» У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі сёння няма такіх экспанатаў, як ровар альбо матацыкл фабрыкі «Нёман». Адзінкавыя ровары захаваліся ў калекцыянераў. Некаторыя ровары ёсць у музеях на тэрыторыі Польшчы, між іншым у музеі «Muzeum na Węglowej» у Беластоку. Адзін даваенны ровар фабрыкі «Нёман» для Гродна набыла былая старшыня грамадскай арганізацыі «ВелаГродна» Юлія Каляда.
У верасні 2019 года ў гродзенскім Цэнтры гарадскога жыцця адбылася выстаўка «Ровары дзядзькі Андрэя». На ёй калекцыянер Андрэй Камоска прадставіў сваю калекцыю двухколавага транспарту. Некаторыя ровары з яго калекцыі былі выпушчаныя на гродзенскай фабрыцы «Нёман».
Паводле ацэнкі Андрэя Камоскі, у Беларусі захавалася 15 ровараў фабрыкі «Нёман». На хаду толькі чатыры, тры з іх у самога калекцыянера. Матацыклаў і мапедаў (мотавеласіпедаў) «Нёман» ён у Беларусі не бачыў.
Крыніцы
Катэгорыя:Веласіпед