Суражскі пахаваны выступ — тэктанічная структура, адноснае падняцце фундамента на заходнім перыклінальным замыканні Варонежскай антэклізы. Назва ад горада Сураж (Бранская вобласць).
Размешчаны на ўсходзе Гомельскай вобласці Беларусі і на паўночным захадзе Бранскай вобласці Расіі. Выцягнуты па лініі Чачэрск — паўночней Суража — Клятня (Бранская вобласць). На поўначы мяжуе са Жлобінскай седлавінай і Аршанскай упадзінай, на поўдні—паўднёвым усходзе па разломе сучляняецца з Клінцоўскім грабенам, на паўночным усходзе паступова пераходзіць у цэнтральную частку Варонежскай антэклізы.
Паверхня фундамента апушчана па восевай лініі Суражскага пахаванага выступа ў паўднёва-заходнім напрамку ад −0,31 да −0,6 км. Найбольш прыўзнятая частка яго на паўднёвым захадзе называецца Краснагорскім падняццем, у скляпенні якога фундамент залягае на адзнаках вышэй −0,3 км. Платформавы чахол складзены з сярэднерыфейскіх, ніжнявендскіх, сярэднедэвонскіх, юрскіх, мелавых і антрапагенавых адкладаў.
Залажэнне выступу звязана з утварэннем Аршанскай упадзіны і Клінцоўскага грабена ў сярэднерыфейскі час.
Літаратура
Катэгорыя:Геалогія Гомельскай вобласці Катэгорыя:Тэктоніка Беларусі Катэгорыя:Тэктоніка Расіі Катэгорыя:Усходне-Еўрапейская платформа